Аддаць Радзіме абавязак

Аддаць Радзіме абавязак

З ранняга дзяцінства кожны хлопчык ведае, што галоўнае прызванне мужчыны — абараняць Радзіму, бацькоўскі дом, вуліцу, дзе некалі бесклапотна гуляў з сябрамі ў футбол, родных, блізкіх і проста знаёмых людзей, што вераць у дабрыню і мір на зямлі. Пралятаюць гады і перад намі ўжо стаяць не дзеці, а юнакі-навабранцы, гатовыя выканаць свой абавязак перад краінай, зрабіць крок да чарговай прыступкі ў сваім жыцці, якую часта называюць “школай мужнасці”.

Марш-кідкі, трывогі, ночы без сну — усё гэта ў хуткім часе чакае будучых армейцаў, а пакуль навабранцы прымаюць віншаванні ад людзей, што сабраліся ў танцавальнай зале ГДК, каб сказаць ім добрыя словы ў дарогу, падзяліцца вопытам і ўручыць позвы — сімвалічныя “білеты” ў армейскі маршрут, а разам з імі і невялікія падарункі ад райвыканкама.

Восеньскі прызыў сёлета запрасіў у шэрагі вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі 38 юных жабінкаўцаў, 6 з іх пройдуць службу ў рэзерве. Ёсць сярод прызыўнікоў і ўчарашнія школьнікі, якім толькі споўнілася 18 гадоў, і людзі, за плячамі якіх засталося студэнцтва і працоўная дзейнасць — самаму “сталаму” з іх 24 гады. Аднак усіх іх аб’ядноўвае жаданне служыць на карысць сваёй Айчыны, хоць на год-паўтара кожнаму з іх давядзецца змяніць звычайны лад жыцця, развітацца з бацькамі, сябрамі, каханымі. А служыць нашы вайскоўцы будуць у пагранічных, унутраных, сухапутных войсках, ваенна-паветраных сілах, войсках супрацьпаветранай абароны, інш.

Са шчырымі словамі ў гэты дзень да юнакоў звярнуліся ваенны камісар раёна, падпалкоўнік Андрэй Іосіфавіч Юруць, намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандр Пятровіч Грыгарчук, начальнік аддзела па справах моладзі Вера Уладзіміраўна Бортнік. Яны жадалі навабранцам цярплівасці, мужнасці і моцнага здароўя, каб дастойна служыць Айчыне.

— Кожнаму пакаленню быў адве-дзены свой час: нехта выконваў грамадзянскі абавязак у мірны і спакойны час, іншым давялося прайсці праз выпрабаванне вайной, — тлумачыў будучым салдатам старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц. — Вось і вы павінны годна трымаць службу, каб мы маглі ганарыцца вамі.

З далёкіх часоў воінаў бласлаўлялі на ратныя справы праваслаўныя святары. Настаяцель Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка святар Сергій Петрусевіч павіншаваў прызыўнікоў з адказным і важным для кожнага мужчыны перыядам жыцця і пажадаў сумленна і годна служыць Радзіме, быць цярплівымі і мудрымі, вярнуцца жывымі і здаровымі да мірнай працы.

Але ніхто не можа падабраць больш чулыя і патрэбныя ў гэты момант для будучага вайскоўца словы, як маці. З заміраннем сэрца ўсе слухалі прамову і спеў Наталлі Аляксееўны Дырман, напоўненыя адначасова і радасцю, што вырас яе абаронца, і болем, што скора яе чакае развітанне з сынам.

— Калі ў сям’і нараджа-ецца дзіця — гэта вялікае шчасце, а калі на свет з’яўляецца хлопец — яшчэ і вялікі гонар, бо нашчадак нарадзіўся, памочнік і абаронца. Не ўспрымайце армію, як павіннасць, аднясіцеся да яе, як да новага вітку вашага жыцця. На вас глядзіць Радзіма — напэўна, нехта скептычна аднясецца да гэтага выразу. Але ж Радзіма — гэта не проста слова, яна ўвасабляе ў сябе бацькоў, выхавальніцу з садзіка, першага настаўніка ў школе, сяброў, вашых дзяўчат, — ад душы гаварыла жанчына. — З якімі б цяжкасцямі вам не давялося сустракацца, памятайце, дома вас вельмі любяць і чакаюць.

Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымках: уручэнне павестак; будучыя вайскоўцы Р.Падлескі, А.Карпук, Я.Кузнец, А.Жук, П.Раманюк, В.Міхалюк і І.Мароз.
Фота Ірыны ЖУК.

 

 

 

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top