Чароўная палова — неабыякавы саюз

Чароўная палова — неабыякавы саюз

Напрыканцы мінулага тыдня ў Жабінцы адбыўся выязны пленум Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, які дазволіў абмеркаваць жанчынам надзённыя пытанні дзейнасці арганізацыі, абмяняцца вопытам, а таксама пазнаёміцца са славутымі мясцінамі, народнымі і дзіцячымі калектывамі Жабінкаўшчыны.

У сваім уступным слове старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Ірына Апанасаўна Арабей  падкрэсліла, што ёй прыемна праводзіць пленум менавіта ў Жабінкаўскім раёне, дзе некалі працавала сама, і дзе жаночы рух актыўна пашыраецца і штодня прыносіць карысць грамадству.

На пасяджэнні пленума прысутнічала і кіраўніцтва раёна: старшыня райвыканкама Мікалай Васільевіч Токар і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мартысюк. Мікалай Васільевіч расказаў прысутным аб тым, як сёння ідуць справы ў раёне, як развіваюцца вытворчасць і сельскагаспадарчая галіна, а таксама адукацыя, культура і сацыяльная сфера. Паведаміў старшыня і аб перспектывах раёна, мэтах і задачах на бягучы год.

Пра тое, чым жыве сёння Жабінкаўскае раённае аддзяленне ГА “ Беларускі саюз жанчын”, прысутныя даведаліся з даклада яго старшыні Алы Сцяпанаўны Ануфрыюк. У нашым раёне пражывае 53 працэнты жанчын. “Беларускі саюз жанчын” аб’ядноўвае больш за 1200 жыхарак Жабінкаўшчыны. Гэта мэтанакіраваныя, ініцыятыўныя асобы, якія імкнуцца да самавыяўлення. Статыстыка сведчыць, што нашы жанчыны прыхільніцы актыўнай жыццёвай пазіцыі: 30 працэнтаў з іх займаюць кіруючыя пасады, і гэтая тэндэнцыя ўсё больш набірае абароты. Нямала жанчын і ў дэпутацкім корпусе раёна: са 127 дэпутатаў — 54 прадстаўніцы чароўнай паловы чалавецтва.

— Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца раённай жаночай арганізацыяй накіраваны на павышэнне статуса жанчыны ў грамадстве, рэалізацыю праграм паляпшэння здароўя, абароны правоў іх і дзяцей, умацаванне сям’і і духоўна-маральнага выхавання, — адзначыла Ала Сцяпанаўна. — Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці з’яўляецца дабрачыннасць. Дзякуючы супрацоўніцтву з кіраўнікамі жабінкаўскіх прадпрыемстваў мы набываем навагоднія падарункі для дзяцей з сем’яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным стане і выхаванцам з дзіцячага сацыяльнага прытулку ў пасёлку Ленінскі.

Ужо некалькі гадоў жанчыны раёна займаюцца інфармацыйна-асветніцкай кампаніяй “Здароўе жанчыны — здароўе нацыі”, у рамках якой праходзяць сустрэчы з медыцынскімі і сацыяльнымі работнікамі, тэматычныя выставы, конкурсы малюнкаў.

Аднак самым актуальным пытаннем для іх з’яўляецца  захаванне “добрага надвор’я” ў кожнай сям’і. Пры ўдзеле прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” штогод у раёне праходзяць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню сям’і, Дню жанчын, Дню абароны дзяцей і Дню маці. Жанчыны імкнуцца дапамагчы і тым, хто збіўся з правільнага шляху. Праводзяцца сустрэчы з бацькамі, якія  хутка могуць страціць права на выхаванне дзяцей, уваходзяць у камісіі па барацьбе з п’янствам.

На пленуме таксама былі абмеркаваны пытанні ўтварэння пярвічных арганізацый жаночага аб’яднання на прадпрыемствах і ўмовы правядзення абласнога конкурсу “Жанчына года”. Сустрэча не абмежавалася толькі пасяджэннем. Пасля яго жанчын чакала цікавая экскурсія на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, дзе намеснік дырэктара ў ідэалагічнай рабоце Тамара Мікалаеўна Чапрасава расказала, як арганізавана дзейнасць жаночай суполкі на прадпрыемстве. Наступным прыпынкам экскурсіі быў раённы Цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі, дзе госці пазнаёміліся з выставай работ, зробленых рукамі выхаванцаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вёска Вялікія Сяхновічы, дзе размяшчаецца раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе потым пабывалі ўдзельнікі пленума, вярнула прысутных у гады жыцця Тадэвуша Касцюшкі. А ў вёсцы Хмелева гасцей чакаў сюрпрыз ад тэатра гумару “Хмелеўскія валацугі” і дзіцячага народнага калектыву “Дараносіца”, а таксама экскурсія ў Хмелеўскі мужчынскі манастыр. Пасля цікавага падарожжа ў Доме культуры Цукровага завода жанчыны падвялі вынікі сустрэчы і з прыемнымі ўражаннямі, якія падарыла ім Жабінкаўшчына, раз’ехаліся.

Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Фота Ірыны ЖУК.    

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top