Наватар, лідар, педагог

Наватар, лідар, педагог


Сапраўдны кіраўнік павінен валодаць высокім узроўнем прафесійных кампетэнцый, стратэгічна мысліць, мець лідарскія здольнасці. Сёння кожны працуе на будучыню і адказвае за яе. Асабліва гэта бачна ў школе, дзе выхоўваецца і навучаецца юнае пакаленне.
Калі трапляеш у Жабінкаўскую спецыялізаваную школу-інтэрнат і бачыш паўсюдна рознакаляровыя разметкі, то разумееш, што тут жывуць і вучацца дзеці з парушэннямі зроку і кіруе калектывам сапраўдны гаспадар. Вечарам, калі ў школе пусцеюць вучэбныя кабінеты і заціхаюць дзіцячыя галасы, у цемнаце яшчэ доўга свеціцца акно дырэктарскага кабінета. Аляксандр Андрэевіч Кавальчук — чалавек адказны і ўкладвае ў працу душу і сэрца. Ён па-дзіцячаму радуецца поспехам і глыбока перажывае няўдачы сваіх выхаванцаў і школы, даражыць гонарам сваёй установы і накіроўвае ўсе сілы на яе развіццё, павышэнне аўтарытэту. За шэсць гадоў ягонага кіраўніцтва тут адбыліся пэўныя змены: абкладзены тэрмашубай вучэбны корпус, заменены вокны і зроблены сучасныя санвузлы ва ўсіх памяшканнях, праведзены рамонт і рэканструкцыя спальных пакояў, сталоўкі, лазні і пральні, у якой устаноўлены дзве пральныя машыны коштам 60 мільёнаў рублёў кожная, цэнтрыфуга і прасавальная дошка. Ёсць душавая для абслуговага персаналу.
“У класах устаноўлена 15 электронных павелічальных прыладаў для навучання часткова відушчых вучняў, абноўлены камп’ютарны клас, змяніўся і знешні выгляд школьнай тэрыторыі. Тут у тры этапы праведзены рамонт, які каштаваў 800 мільёнаў рублёў. У плітку “апрануліся” тратуары, у асфальт дарожкі і стаянка для аўтамабіляў”, — расказаў Аляксандр Андрэевіч.
“На асаблівым кантролі ў школе здароўе яе выхаванцаў. Спецыяльнымі прыборамі абсталяваны афтальмалагічны кабінет у медыцынскім пункце, набыты італьянскі апарат для вымярэння ўнутрызрокавага ціску, апараты “Аист” для падтрымкі ўзроўню зроку, а таксама набор аптычных лінзаў для падбору акуляраў. Паспяхова працуе фізіятэрапеўтычны кабінет, дзе праводзяцца інгаляцыя, праграванне і іншыя працэдуры”, — дапоўніла расказ дырэктара старшая медыцынская сястра Тамара Вікенцьеўна Падрубная.
Зразумела, што ўсе гэтыя змены не магчымы былі б толькі за дзяржаўныя сродкі. Аляксандр Андрэевіч умела знаходзіць фундатараў. Галоўныя з іх — упраўленне КДБ  у Брэсцкай вобласці, італьянскі фонд “Дапаможам ім жыць”,  Хмелеўскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, Брэсцкі абкам прафсаюза мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, абкам прафсаюза будаўніцтва і прамбудматэрыялаў з Брэста, прафсаюзная арганізацыя Беларускай чыгункі, Маладзечненскі завод парашковай металургіі, навукова-вытворчае аб’яднанне парашковай металургіі Мінска, ПВГУП “Лінгмэбля”, якое паставіла 25 адзінак мэблі. Фінансавыя выдаткі фундатараў, як сказаў дырэктар школы, ідуць на рамонт і абсталяванне кабінетаў, набываюцца лекі, вучэбныя дапаможнікі, выдзяляецца транспарт для экскурсій і інш.
Аляксандр Андрэевіч — чалавек творчы і ініцыятыўны. Ён не лічыцца са сваім асабістым часам, стараецца зрабіць як мага больш, каб дзецям было тут утульна, каб яны маглі атрымліваць трывалыя веды і быць годнымі членамі грамадства.
У любой справе дырэктар не проста кіраўнік, але і актыўны памочнік. Працоўную дзейнасць ён пачаў 20 гадоў таму ў гэтай жа школе адразу пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Працаваў ён выхавальнікаў і настаўнікам геаграфіі. Таму, як дырэктар, адчувае сябе камфортна ў гэтым калектыве, ведае працу сваіх калегаў ад нуля, таму яго прызначэнне ўспрынялі добра, паверылі ў яго.
“Як толькі мяне прызначылі дырэктарам школы, — кажа Аляксандр Андрэевіч, —  я імкнуўся захаваць добрыя традыцыі, што прыжыліся за папярэднія гады, а затым па магчымасці абнаўлялася школа, у калектыў прыходзілі новыя педагогі, які быў і застаецца творчым. У мяне добрая каманда намеснікаў: Т.А.Таўрэль у выхаваўчай працы, Л.М.Леановіч у вучэбнай і Ф.А.Давыдоўскі ў гаспадарчай. Я ім давяраю, бачу іх працавітасць і сумленнасць.
Аляксандр Андрэевіч Кавальчук, акрамя таго, што сучасны кіраўнік, умелы арганізатар і высокапрафесійны педагог, ён цудоўны тата і муж. Яшчэ з маленства бачыў паважлівыя і сяброўскія адносіны ў сваёй сям’і, якая жыла ў Хмелеве. Лепшымі рысамі характару абавязаны бацькам, асабліва тату, які выхаваў у ім сапраўднага мужчыну, які ніколі не скардзіцца на цяжкасці, а ўмела іх пераадольвае. Трэба бачыць, як святлее твар Аляксандра Андрэевіча, калі ён успамінае сваіх родных, ганарыцца сынамі: старэйшы Андрэй — студэнт факультэта замежных моў Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, малодшы Максім — вучань пятага класа, жонка Алена Вячаславаўна працуе зубным тэхнікам у бальніцы. А яшчэ наш дырэктар заядлы балельшчык хакею і футболу.
Словам, Аляксандр Андрэевіч Кавальчук — сапраўдны капітан карабля пад назваю “Школа-інтэрнат”. Ён чалавек інавацыйны, сапраўдны інтэлектуал, прафесіянал педагагічнай справы, які разумее, каб дамагчыся высокіх вынікаў у працы, менавіта гэтым трэба быць надзеленым. Нядаўна яго праца была адзначана граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.


Вера МАНДРЭНКА, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top