Выслухаць і дапамагчы

Выслухаць і дапамагчы

30 кастрычніка з 16.00 да 18.00 жабінкаўцы змаглі звярнуцца са сваім пытаннем да старшыні райвыканкама М.В.Токара на “прамую лінію”. З кіраўніком раёна яна праводзіцца не радзей аднаго разу ў два месяцы, акрамя таго, кожную другую і чацвёртую сераду месяца арганізаваны асабісты прыём. Словам, з праблемамі, якія хвалююць, любы чалавек можа разабрацца на месцы. Гэта і ёсць галоўны аргумент у рабоце са зваротамі грамадзян у дзяржаўныя органы. І ў той кастрычніцкі вечар, усіх, хто пазваніў старшыні райвыканкама, ён уважліва выслухаў, паабяцаў разабрацца з праблемай, і, калі ёсць магчымасць, дапамагчы яе вырашыць.
— Дарога па вуліцы Катоўскага пасля дажджоў ператварылася ў вялікую лужыну. Сёлета тут праводзілі газ, і гэты ўчастак так і застаўся неўладкаваным, патрэбна яго адрамантаваць. Мне неабходна звярнуцца да вас, Мікалай Васільевіч, яшчэ пісьмова?
Н.С.Шармакова, г.Жабінка.
— Нічога пісаць не трэба. Вы звярнуліся на “прамую лінію”, і ваш званок прынялі да ведама, без увагі яго не пакінем. Думаю, у бліжэйшыя дні, калі надвор’е ўстановіцца, камунальная служба навядзе парадак на вашай вуліцы. Значных грашовых выдаткаў на гэтыя мэты не патрабуецца.
— У нас ужо два месяцы не працуе правадное радыё. Так дрэнна без яго. А ўсё з-за таго, што мянялі слупы і абарвалі правады. Званілі ў Жабінку. У вузле электрасувязі сказалі, што няма матэрыялу…
В.П.Макарэвіч, в.Хмялёўка.
— Даручу разабрацца і вам паведаміць.
— Да вас, Мікалай Васільевіч, звяртаецца пенсіянерка з Хмелева, а разам са мною яшчэ 11 чалавек. Жыву я на вуліцы Палявая, гэта хутарок такі паміж Дзяменічамі і Лясотамі. У нас няма водаправода, і мы ездзім за вадой у вёску. Дапамажыце правесці ваду, калі ласка, пасадзейнічайце, каб ЖКГ падключылася. Мы згодныя сабраць грошы.
Н.Р.Гацкевіч.
— Добра. Галоўны інжынер ЖКГ Мікалай Бобрык якраз побач сядзіць, чуе нашу размову. Вы напішыце на маё імя заяву. Патрэбна стварыць невялікі кааператыў, сабраць грошы. Магчыма, каб для жыхароў было танней, выдзелім бюджэтныя сродкі. Газ да вас правялі, і вада будзе.
— У маім калодзежы няма вады. Насупраць дома — калонка, але яна не працуе, абарваны поршань. Ці можна яе адрамантаваць? Для мяне, старога чалавека, так неабходна, каб вада была побач.
М.Г.Давідчык, в.Сенькавічы.
— Ваша праблема зразумелая. Заўтра пад’едуць спецыялісты і паглядзяць у чым справа. Адрамантуюць калонку.
— Мікалай Васільевіч, мае дзеці са Шчэглікаў дабіраюцца ў школу цераз мост. Вельмі небяспечная гэтая дарога, а яны яшчэ малыя. У гэтыя выхадныя ветрам перакінула барты агароджы, і ім давялося ісці па праезджай частцы (не будуць жа дзеці іх падымаць). Ці нельга, хоць на зіму, забараніць па мосце рух вялікагрузнага транспарту?
З.Я.Філіпук, в.Шчэглікі.
— Згодзен з вамі, Зоя Яўгенаўна. Праблема такая ёсць. Але другога выйсця няма. Мы не пайшлі на тое, каб наогул закрыць мост для аўтамабільнага транспарту і пусціць яго ў аб’езд. Разумееце, якія гэта выдаткі для эканомікі, і не толькі нашага раёна. А колькі б часу спатрэбілася тады, каб у Шчэглікі машыне “хуткай дапамогі” заехаць?.. Таму на мосце ўстанавілі светлафор, абмежавалі хуткасць руху. Цяпер завозяцца апошнія машыны пяску, і будоўля да наступнага года будзе пакуль спынена. Да канца 2013 года плануецца мост увесці ў дзеянне. Так што трэба пачакаць, гэта ўсяго толькі часовыя нязручнасці. Затое ў нас будзе новы сучасны мост.
А наконт дзяцей скажу адно: пастарайцеся іх сустракаць, праводзіць. Яны ж могуць і на аўтобусе заехаць. І гарадскі, і школьны падвоз наладжаны.
— Мікалай Васільевіч, я жыву на вуліцы Саўгасная. Нашы жыхары і з суседняй вуліцы Калгасная збіралі подпісы на правядзенне каналізацыі. Цяпер на Калгаснай вядуцца работы, а на нашай не. Чаму? І калі гэта будзе?
І другое пытанне. Машына ЖКГ забірае толькі бытавыя адходы, а транспарт, каб вывезці смецце пасля ўборкі дваровай тэрыторыі не выдзяляецца…
М.М.Козак, г.Жабінка.
— 1. Мікалай Мікалаевіч, афіцыйных зваротаў ад жыхароў вашай вуліцы Саўгасная не паступала. Плануецца і ў наступным годзе працягваць гэтыя работы. Каналізацыйную помпавую станцыю тут таксама трэба ставіць. Прынамсі, пытанне аб межах каналізавання ў гэтым раёне будзе вывучацца. Аб рашэнні абавязкова паведамім. Калі будзем рабіць ваш участак, ваш удзел тады таксама абавязковы, фінансавы.
— 2. Што датычыцца другога пытання, тут я з вамі не згодзен. Адзін раз у тыдзень вуліцы горада аб’язджае трактар і вывозіць смецце. А розную непатрэбшчыну (галіны дрэў, сухія расліны, лісце, сабранае ў пакеты) вам таксама дапамогуць вывезці камунальнікі. Звярніцеся да іх у дыспетчарскую і закажыце транспарт.
— Званю, каб паскардзіцца. Сёння я тэлефанавала ў ЖКГ, прасіла, каб прыехалі і “разваздушылі” батарэі. Цэлы дзень чакала, атрымалася дарма, у выніку мне адказалі, што прыехаць не змогуць. І заўтра мне адпрошвацца з работы і дзень чакаць? А ў кватэры холадна. Дзеці малыя. Самі зрабіць гэта мы не зможам.
Н.У.Ганчарык. вул.Кірава, д.76, кв.7, г.Жабінка.
— Не турбуйцеся, ваш зварот зразумелы. Чакайце.
Р.S. На наступны дзень работнікі камунальнай службы выехалі на названы адрас, і праблема была вырашана.
— Добры дзень, хачу на “прамую лінію” задаць пытанне. Жыву ў Брэсце і прыязджаю ў ваш раён у Жыцінь. Чамусьці ў вёску аўталаўка прывозіць хлеб па дарагой цане — 5200-5500 рублёў. У Брэсце гэты гатунак каштуе на 500 рублёў менш. А гавораць, што не павінна быць нацэнкі ў вёсцы…
В.Мелянтовіч.
— Я не думаю, што ён даражэйшы, чым у Брэсце. Цэны на хлеб аднолькавыя, фіксаваныя. Тым не менш, разбяромся.
— Мікалай Васільевіч, я купіла плот, хачу яго паставіць. Але ўзнікла праблема, як усталяваць яго на мяжы з суседскім участкам. Сусед дазволу на гэта не дае. А плот, што ён некалі зрабіў, ужо стары. Я ж за тое, каб прыгожа было на падворку. Калісьці нават прэмію атрымала, што двор мой прызналі ўзорна-паказальным у горадзе.
В.С.Званкоўская, вул.Партызанская, г.Жабінка.
— Камісійна з маім удзелам выедзем на месца.
— Мікалай Васільевіч, у мяне, што называецца, на душы накіпела. Я індывідуальны прадпрымальнік, аказваю, вось ужо тры гады, паслугі таксі. І неаднойчы даводзілася назіраць на вакзале ў Жабінцы вельмі непрыглядны малюнак. “Таксаваць” сюды прыязджаюць нелегалы, так званыя “бамбілы”. А затым, нават пры пасажырах, учыняюць разборкі. Шмат людзей з розных куткоў наведваюць Жабінку, якое ўраджанне пра наш горад застанецца ў іх памяці?! На мой погляд, хочаш зарабляць прыватным падвозам — рэгіструйся.
П.А.Астаповіч.
— Я падтрымліваю ваш пункт гледжання. Пастараемся з дапамогай супрацоўнікаў РАУС, падатковай інспекцыі навесці парадак.
Падрыхтавала Святлана МІКАЛАЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top