Навінкі на паліцах дзіцячай бібліятэкі

Навінкі на паліцах дзіцячай бібліятэкі

Сёлета раённая дзіцячая бібліятэка папоўнілася цікавымі кнігамі для рознага ўзросту чытачоў. Асаблівую цікавасць выклікае новая серыя “Маленькі прафесар”, якую выпускае выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Яна адрасуецца чытачам малодшага школьнага ўзросту. Кніжкі вельмі яркія, прыгожа размаляваныя. Вось некаторыя з іх да вашай увагі.
“ЗНАКОМЬСЯ: ИНТЕРНЕТ!”. Цяжка ўявіць сучасны свет без інтэрнэту. Ён практычна ў кожным доме, а зусім нядаўна пра такое нельга было нават марыць. З дапамогаю гэтай кніжкі юны чытач зможа бліжэй пазнаёміцца з сецівам інтэрнэта, даведацца пра гісторыю яе з’яўлення. Кніжка раскажа таксама пра спосабы доступу ў інтэрнэт і правілах бяспечнай работы ў ім.
“АПЕКУНЫ ЗЯМНОГА ЖЫЦЦЯ”.

Тут змешчаны цікавыя апавяданні пра міфічных істотаў, што нібыта жылі, гаспадарылі, дапамагалі ці шкодзілі людзям нашага краю. Яны былі паўсюль — сярод палёў і лясоў, у азёрах і рэках, на падворку і ў хаце, у вадзе і пад зямлёю: Жыцень (гл. ілюстр.), Бялун, Жыжаль, Купальскі Дзядок, Ляля, Цёця… Калі ты жадаеш падрабязна даведацца пра гэтых незвычайных герояў беларускай міфалогіі, пазнаёмся з прыгожай і цікавай кніжкай. Цудоўныя ілюстрацыі зрабіў для яе вядомы мастак Валерый Славук.
“ЛЕГЕНДАРНЫЕ ПОЛОЧАНЕ”. Старажытнаму беларускаму Полацку сёлета спаўняецца 1150 гадоў. Полацкая зямля — радзіма многіх таленавітых людзей, чые імёны назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю і культуру Беларусі, сталі вядомымі за яе межамі. З кніжкі ты даведаешся пра таямнічага князя Усяслава Чарадзея, святую Еўфрасінню Полацкую, усходнеславянскага першадрукара і асветніка Францішка Скарыну.
“МОЙ МІНСК”.

Сталіца і самы вялікі горад Беларусі — гэта не толькі цэнтр высокіх тэхналогій і машынабудавання, у якім ёсць два аэрапорты, метрапалітэн, новы чыгуначны вакзал. У славутага горада вялікая культурная і гістарычная спадчына. Многія помнікі архітэктуры рэстаўруюцца і аднаўляюцца. Сярод іх — Гарадская ратуша, якая ў сярэдзіне 19 ст. была разбурана з загаду рускага цара Мікалая І. У 2004 годзе яна вырасла зноў і паўстала такой, якой выглядала яшчэ ў 1582 годзе (гл. ілюстр.). “Мой Мінск” — кніжка пра многія іншыя слаўныя мясціны нашай сталіцы.
“ЛЕГЕНДЫ О ЦВЕТАХ”. Ружа, фіялка (браткі), цюльпан, нарцыс, маргарытка (стакротка), рамонак… На нашай роднай зямлі вельмі многа самых розных кветак. Яны сімвал красы. Яны дораць нам радасць, упрыгожваюць наша жыццё. З імі звязана шмат цікавых легендаў. Калі ласка, пазнаёмся з некаторымі з іх праз кніжку. Ты пераканаешся, што ў кожнай красачцы свая непаўторная гісторыя.
“УДИВИТЕЛЬНЫЕ РАСТЕНИЯ БЕЛАРУСИ”.

Кніжка займальна расказвае пра шырокараспаўсюджаныя расліны і пра тыя, што ахоўваюцца. Ты прачытаеш пра знаёмых і не знаёмых табе. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваюцца дзяржавай гарлачык белы, венерын чаравічак (гл. ілюстр.), рамонак, ландыш і іншыя ўсімі любімыя кветкі. Ты даведаешся пра легенды аб раслінах, адкуль паходзяць іх назвы, пачарпнеш іншую цікавую інфармацыю.
“ПАУКИ — ДА ЭТО ЧУДО!”. Дзіўны і таямнічы свет павукоў. Той-сёй нават асцерагаецца іх. А варта прыгледзецца да іх, пазнаць іх жыццё, адносіны да павукоў зменяцца ў лепшы бок. Прачытай гэтую кніжку і ты зразумееш, што яны нашы сябры і саюзнікі ў барацьбе са шкоднікамі і пераносчыкамі хваробаў. Захопішся іхнім умельствам: яны выдатныя майстры-ткачы, якія ствараюць сапраўдныя творы мастацтва — павуцінне. Так што кніжка проста паглыне цябе сваім цікавым зместам і ілюстрацыямі.
“ЗВЕРИ БЕЛАРУСИ”.

Ты прачытаеш пра жывёл, якіх мы павінны ахоўваць. Многія з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Звяры ў блізкім сваяцтве з чалавекам. Іх яшчэ называюць сысунамі, таму што яны кормяць сваіх дзетак малаком. Ты даведаешся пра драпежнікаў — пра бурага мядзведзя, рысь еўрапейскую (гл. ілюстр.), барсука звычайнага, норку еўрапейскую, пра сімвал роднай зямлі — зубра. Тут, як і ў іншых кніжках, змешчаны вершы і загадкі:
Летом
Бродит без дороги
Между сосен и берёз.
А зимой он спит в берлоге,
От мороза прячет нос.
“ГІСТОРЫЯ ПРА МАЛЕНЬКІХ ЧАЛАВЕЧКАЎ, АЛЬБО ПРА ЭЛЕКТРЫЧНАСЦЬ…”. Кніжка займальна і даступна знаёміць маленькага чытача са складанымі фізічнымі паняццямі. Цікава чытаць раздзелы “Ток і маленькія чалавечкі”, “Лямпачка”, “Пра Плюс, Мінус і магніцікі” і іншыя. А што, трэба ўжо змалку ўваходзіць у чароўны свет прыроды і яе законы!
Да нас у бібліятэку паступіла ўжо звыш паўтара дзясятка кніг з новай серыі “Маленькі прафесар”, у прыватнасці, пра дзіўных звяркоў вожыка і вавёрку, пра меданосныя расліны, пра рэдкія рыбы Беларусі і інш. Іх, дарагі юны чытач, ты зможаш знайсці на бібліятэчных паліцах, калі завітаеш да нас. Будзем рады сустрэцца!
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top