“Не пытайце, не прасеце светлых песень у мяне…”


З лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа.
Сапраўднае імя яго – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, родам з засценка Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні. Бацькі – Міхал і Ганна (з роду Лёсікаў) паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км ад Стоўбцаў). З трынаццаці дзяцей, якія нарадзіліся ў іх сям’і, да сталых гадоў дажылі дзевяць.
Костусь Міцкевіч закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У час вучобы захапляўся мастацкай літаратурай: чытаў творы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Гогаля, Л. Талстога, Т. Шаўчэнкі, І. Франко, А. Міцкевіча, складаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў матэрыялы па беларускай этнаграфіі, запісваў вусную народную творчасць. У гэты ж час пачаў ствараць вершы і празаічныя творы на беларускай мове. Вельмі паўплываў на будучага паэта выкладчык семінарыі Ф. Кудрынскі, ён ухваліў літаратурныя практыкаванні маладога Міцкевіча і звярнуў увагу на большую вартасць напісанага ім па-беларуску. Гэта ў поўнай меры адпавядала памкненням самога аўтара. Ён адзначаў пазней: «Руская мова не можа выклікаць у такім поўным аб’ёме, калі я пішу, тых адчуванняў, тых пачуццяў і тае каларытнасці, якія ўласцівы беларускай мове, беларускім малюнкам, у якім дае беларуская мова, што з малаком маці ўвайшла ў маю натуру».
Пасля заканчэння семінарыі ў 1902-1905 гг. малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў беларускі фальклор. У гэты ж час ён пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, праводзіў растлумачальныя гутаркі з сялянамі. Так, у лістападзе 1905 г. ён склаў петыцыю жыхароў Пінкавіч да памешчыка з патрабаваннем забяспечыць права сялян на карыстанне азёрамі і ўчасткам зямлі для пашы.
15 верасня 1908 г. Якуб Колас засуджаны на тры гады турэмнага зняволення паводле абвінавачання ў актыўных дзеяннях, накіраваных на выкананне праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, які, як было заяўлена на судзе, меў на мэце ліквідацыю існуючага ў Расійскай імперыі грамадскага ладу. Увесь тэрмін пакарання ён адбыў у Мінскім астрозе.
Пасля выхаду з турмы з верасня 1911 г. па 1914 г. Якуб Колас займаўся настаўніцкай працай.
Як  паэт і пісьменнік Колас атрымаў агульнабеларускую вядомасць у так званы “нашаніўскі перыяд” – час, калі ў Вільні выходзіла “першая беларуская газета з рысункамі” “Наша ніва”.
“Наша ніва” выходзіла штодыднёва і здолела згуртаваць наўкола сябе тысячы прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння Беларусі. Кастанцін Міцкевіч, які пісаў пад псеўданімамі Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава, Мікалаевец быў адным з самых пладавітых нашаніўскіх аўтараў.
У гады Першай сусветнай вайны Колас мабілізаваны, праўда, на фронце быў непрацяглы час. Ад службы быў вызвалены як настаўнік. Бурныя падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны правёў далёка ад радзімы, у Мінск вярнуўся з Расіі толькі ў 1921 годзе.
У пачатку 1920-х Колас заканчвае дзве свае самыя вядомыя паэмы – “Новую зямлю” і “Сымона-музыку”.
Для Якуба Коласа 20-я – 30-я гады – час у значнай ступені супярэчлівы і няўстойлівы. З аднаго боку – ён прызнаны на дзяржаўным узроўні, нададзена званне народнага паэта Беларусі, прызначана пажыццёвая пенсія. Ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, затым член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, членам ЦВК. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 г.), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы.
З другога – ім пільна цікавіцца ДПУ, паводле дадзеных якога Колас стаіць на чале “контррэвалюцыйнай” супольнасці, якая мае на мэце стварэнне самастойнай беларускай дзяржавы. Пры гэтым Колас абвінавачваецца ў тым, што расстаўляе “патрэбных” людзей, карыстаючыся сваім аўтарытэтам, на розныя ключавыя пасады ў розных кутках Беларусі. Робіцца гэта часта пры дапамозе магічнай фразы “так трэба для беларускай справы”.
Яго адкрыта абвінавачвалі ў прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. У 1930 г. Якуб Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных «памылках». Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта. Што прымусіла савецкія карныя органы адмовіцца ад спакусы арыштаваць Коласа? Папулярнасць яго асобы ў БССР? Наўрад ці.
Творы трыццатых гадоў, калі аўтар стаў міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, не маюць той мастацкай вартасці, як напісанае ў папярэднія гады. У гісторыі засталося сведчанне, як Колас перадаваў землякам у Мікалаеўшчыну свае творы. Зняў з паліцы “Новую зямлю”, “Сымона-музыку”, “Савося-распусніка”, потым узяў кніжку “Нашы дні” выдання 1937 года, патрымаў у руках, і… паставіў назад на паліцу.
У час гітлераўскай Нямеччыны Якуб Колас быў эвакуіраваны ўглыб Савецкага Саюза. Піша публіцыстычныя выступленні і мастацкія творы пераважна ваеннай тэматыкі. На фронце гіне яго сын.
У 1944-м, пасля вызвалення Беларусі, Колас вяртаецца ў Мінск, працягвае творчую і навуковую дзейнасць. У 1956 годзе, незадоўга да смерці,  пісьменнік напісаў ліст у ЦК КПБ, у якім выказаў занепакоенасць становішчам беларускай мовы ў грамадскім жыцці, прапанаваў меры па яе абароне.
Гэты ліст – своеасаблівы акт вяртання паэта да тых ідэалаў самабытнай Беларусі, ад якіх яго прымушалі адмовіцца, але вернасць якім ён пранёс праз усё сваё жыццё, поўнае высакароднасці і ахвярнасці.
Алег КУНЕЦ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*