У райвыканкаме

У райвыканкаме


30 кастрычніка прайшло пасяджэнне райвыканкама. На парадак дня былі вынесены пытанні рэканструкцыі малочнатварных ферм у гаспадарках раёна і гатоўнасці аб’ектаў жывёлагадоўлі да зімова-стойлавага ўтрымання статка. Нездарма разлядаліся яны асобным блокам, як падкрэсліў старшыня райвыканкама М.В.Токар, вельмі важныя і заслугоўваюць асаблівай увагі.

Згодна з рашэннем аблвыканкама, у нашым раёне ў асноўны пералік уключана 8 ферм, што патрэбна сёлета рэканструяваць (у Старым Сяле, Крыўлянах, Навасадах, Дзяменічах, Стрыганцы, Грабаўцах, Вярхах, Буснях-1) і адна ўнесена ў дадатковы — у Стаўпах. Запрашаючы да размовы, Мікалай Васільевіч выказаў спадзяванні, што абмеркаванне пройдзе зацікаўлена. Сапраўды, у зале сабраліся не толькі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, але і прадстаўнікі будаўнічых арганізацый, спецыялісты раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, што арганізуюць кантроль і нагляд за аб’ектамі, а таксама дырэктары цукровага і торфабрыкетнага заводаў, якія заўжды дапамагаюць працаўнікам вёскі, кіраўнікі ЦБП “Беларусбанк”, РКЦ “Аграпрамбанк” і ЦКА “Інвестбанк” у г.Жабінка.
Намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк паведаміў, што для рэканструкцыі малочнатаварных ферм было выдаткавана бюджэтных пазык 4900 млн. руб. і крэдытаў банкаў 44600 млн. руб. Але гэтых сродкаў для завяршэння распачатых аб’ектаў недастаткова. У лізінг выдзелена даільнае і халадзільнае абсталяванне. Нядаўна ўведзена ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма ў Старым Сяле, на астатніх вядуцца будаўніча-мантажныя работы. Дакладчык падрабязна спыніўся, што зроблена на ўсіх іх, адзначыў, што існуе праблема ў камплектацыі абсталявання. На многіх адсутнічае сістэма ацяплення, а ў такім разе ў халады нельга будзе весці аддзелку даільна-малочных блокаў.
У асноўным рэканструкцыя МТФ вялася ўласнымі сіламі. У некаторых (у прыклад ставілася ААТ “Ракітніца”, дзе гаспадарчым спосабам быў выкананы вялікі аб’ём работ) гэта добра атрымлівалася. Але, як падкрэслівалася, неабходна правільна ацэньваць свае сілы, улічваць тэрміны, а калі трэба прыцягваць і падрадныя арганізацыі, у прыватнасці, ПМК-10, ПМК-19.
“Грашовыя рэсурсы ў нас сёння ёсць, — гаварыў кіраўнік раёна. — Дзякуй нашым банкірам, што пайшлі насустрач сельгасвытворцам. Таму сёння патрэбна фінансаванне асвоіць па максімуму”.
А вось паразуменні і супрацоўніцтва з перапрацоўшчыкамі сельгаспрадукцыі адваротныя. Старшыня СВК “Рагазнянскі” А.В.Семенюк узняў на выканкаме пытанне разлікаў за здадзенае малако. Малочны камбінат завінаваціўся кааператыву 1,3 мільярда рублёў, і цяпер рагазнянцам немагчыма своечасова разлічыцца з банкам, зрабіць іншыя неабходныя выплаты.
На выканкаме перад кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў была пастаўлена задача да 1 снежня ўвесці ў эксплуатацыю ў кожнай гаспадарцы першыя комплексы — кароўнік і даільна-малочны блок, а ў наступным годзе працягваць праграму рэканструкцыі ферм. Указвалася таксама, што тэрыторыі іх павінны быць добраўпарадкаваны, уладкаваны пад’езды, пафарбаваны памяшканні. Кожная адноўленая ферма павінна даць штуршок для павышэння прадукцыйнасці працы.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, начальнік вытворчага аддзела Р.А.Казлякоўскі прааналізаваў вынікі работы галіны за 9 месяцаў. У вытворчасці малака сярод лепшых назваў СВК “Рагазнянскі”, “Хмелева” і “Вазнясенскі”, мяса — СВК “Рагазнянскі”, ААТ “Ракітніца” і СВК “Хмелева”.
Што ж дасць рэканструкцыя малочнатаварных ферм? Як адзначыў  Рыгор Антонавіч, колькасць пагалоўя кароў, што будуць утрымлівацца без прывязі і даіцца ў даільных залах, складзе 85%, а гэта дазволіць значна палепшыць тэхналагічныя працэсы вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і палегчыць працу работнікаў.
53% дойнага статка раёна ў летні перыяд знаходзілася кругласутачна на пашы. За гэты час наводзіўся парадак у жывёлагадоўчых памяшканнях. А з 15 да 20 кастрычніка каровы былі пераведзены на стойлавае ўтрыманне. Кармленне дойнага пагалоўя па зімовым рацыёне арганізавана з верасня з улікам якасці пашаў, што дало магчымасць у пераходны перыяд не дапусціць значнага зніжэння прадукцыйнасці.
З мінусам сёлета спрацавалі ў нарыхтоўцы кармоў. На 1 умоўную галаву жывёлы нарыхтавана травяных кармоў 22,4 ц к.а. (на 2,9 менш). Практычна няма і пераходзячых кармоў. Такім чынам, трэба рацыянальна выкарыстоўваць кармы, арганізаваць дыферынцыраванае кармленне ў залежнасці ад фізіялагічнага стану жывёлы і плануемай прадукцыйнасці, незалежна ад спосабу яе ўтрымання.
На пасяджэнні выканкама ўказвалася, што дагэтуль у раёне “хворае” пытанне захаванасці маладняка буйной рагатай жывёлы. За 9 месяцаў выбыла яго з-за розных прычын 17%, а ў ААТ “Жабінкаўскі”, СВК “Арэпічы” і “Маціевічы” — каля 25%.
У гэтую зімоўку жфвёлаводам раёна неабходна забяспечыць аб’ём росту вытворчасці малака і мяса не менш чым на 10% да мінулагодняй.
Выканкам прыняў рашэнні па абмеркаваных пытаннях і назначыў адказных за іх выкананне. У рабоце пасяджэння прыняў удзел і выступіў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці В.М.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top