Кніжны дзед — унуку ўсявед

Кніжны дзед — унуку ўсявед


Днямі з далёкай Масквы завітаў В.І.Лебедзеў — у пошуках сваіх каранёў, што паходзяць з вёсачкі Багны. Нарадзіўся за Уралам, ды кроў не вадзіца — цягне на Айчыну, дзедаўшчыну… Шмат пра што пагаварылі з цікавым, захопленым, вельмі адукаваным чалавекам, у тым ліку і пра беларускую літаратуру і выхаванне праз кнігу.
Віктар Іванавіч прызнаўся: “Па-сапраўднаму палюбіў дзяцей толькі тады, як нарадзіліся ўнукі! Некалі меў жыццё клапатлівае, цяпер ужо сын з дачкою мітусяцца ў гэтым віры, а ўнукі — на маіх руках”. Так, нярэдка (пакуль малады) хочацца “пажыць для сябе”, а ў дзедавым узросце ўжо больш думаеш аб сямейных вытоках і працягу, а гэты працяг і ёсць унукі!
Аксіёма: у кожнага ўнука ёсць родныя дзяды. А ў кожнага беларускага ўнука, да таго ж, ёсць яшчэ й свае кніжныя дзяды, што дапамагаюць у розныя моманты жыцця. Вось і згадаем некалькіх.
Адзін са старэйшых — дзед Курыла з твора Якуба Коласа “Сымон-музыка”. “Няўклюда, даўбня, завала, нязгрэба”, — увесь час чуе малы ад сваіх бацькоў, што не разумеюць ягонай тонкай душы. Сапраўды родным для яго становіцца самотны “дзядок-душа” Курыла. Просты пастух, які сам умее граць, заўважае ў хлопчыку вялікі талент. Як вялікі дар прымае Сымонка ад дзеда яго дуду і скрыпку — усё нажытое старым за доўгае жыццё. Гэты дзед — адначасова сімвал творчай падтрымкі беларускіх унукаў і горкі напамін пра частае неразуменне творчых душаў блізкімі людзьмі.
Як цікава сачыць за пахаджэннямі герояў аповесці Міхася Лынькова “Міколка-паравоз”: хлопчыкам Міколкам і яго дзедам Астапам! Калі бацькі вечна занятыя працай, якое шчасце мець дзеда, які, як і ты, не можа жыць без прыгодаў! Стары Астап замяняе бацьку, што сядзіць у вязніцы за тое, што змагаецца за вольную Беларусь. Дзед Міколкі-паравоза ў наш час можа стаць дзедам-усяведам і для сённяшніх Міколкаў-тэлевізараў ці Міколкаў-камп’ютараў. Бо гэты дзед — прыклад няўрымслівага шукальніка прыгодаў, а гэта вельмі важна для любога ўнука. Прага прыгодаў — добры парастак будучай прагі свабоды, якая перадаецца ад дзядоў да ўнукаў.
У 1965 годзе да беларускіх унукаў прыйшоў са старонак Караткевічавых “Каласоў пад сярпом тваім” дзед Даніла. Стары Вежа, як завуць яго блізкія, не адразу знаходзіць паразуменне з унукам Алесем Загорскім, але ж і ўнук у яго далёка не маленькі. Дзед не чытаў яму ў дзяцінстве казак, але ў дзеда ёсць бібліятэка, у якой шмат цікавых кніг. Даніла бачыць у Алесю “самога сябе, толькі нязмерна палепшанага”. Каб змагацца за будучыню, лічыць стары Вежа, трэба ведаць мінулае. Гэты дзед — сімвал нацыянальнага ўсведамлення, якое беларусам патрэбна, бы паветра.
Чаго толькі не здараецца на мяжы тысячагоддзяў! Сярод літаратурных дзядоў з’явіўся дзед Манюкін, герой Васіля Шырко. Ён таленавіта распавядае ўнукам казкі. І няхай яму даюць мянушкі Ачмуровіч і Дзед Абуй Лапці, ён не крыўдуе, бо мае шчырую фантазію, што для дзяцей і ёсць шчырай праўдай! Гэты дзед — прыклад беларускай фантазіі і гумару, без якіх дапытлівыя беларускія ўнукі не стануць добрымі беларускімі дзядамі.
Антон БЕРАСТОК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top