“Мая бабуля складае вершы”, альбо Не толькі ў зебры жыццё паласатае

“Мая бабуля складае вершы”, альбо Не толькі ў зебры жыццё паласатае

“Сямейны агмень” звычайна ўспрымаецца як старонка для бацькоў. Сёння ж яна пэўным чынам незвычайная, бо прысвечана дзядулям і бабулям, што таксама не стаяць убаку ад выхавання, дапамагаючы сваім любімым унукам праз разумныя кніжкі-чытанкі і ўласны жыццёвы прыклад расці, мужнець і разумець.
Ніна Енбулаева — чалавек з цікавым і нялёгкім лёсам. Паэтка прызнаецца: увесь час пражыла ў горадзе, пакуль не “прыляпілася” душою да вёсачкі, імя якой Дзяменічы. Тут дыхаецца па-асабліваму і пішацца з асалодай. Нядаўна жанчына сустрэлася з чытачамі Хмелеўскай бібліятэкі, каб пагаварыць аб жыцці і творчых планах, падзяліцца радасцю ад выхаду ў свет кніжкі “Сонечны зайчык”.
— Ніна Кузьмінічна, віншую з першай у вашай творчай біяграфіі самастойнай кнігай. Гледзячы на гэтае яркае выданне, хочацца спытацца: як нарадзіўся “Сонечны зайчык”, для каго створаны?
— Нараджалася кніга з любоўю: да жыцця і яго “кветак”-дзетак. Пад вокладкай сабраныя не толькі вершы і загадкі, але і каля 80 малюнкаў. Свой талент у афармленні праявілі мастачкі А.Гаўрыловіч, І.Сарока, А.Якімчук, я і сама малявала… А пачалося ўсё з цёплай творчай сустрэчы напярэдадні 8 Сакавіка ў пінскай рэгіянальнай друкарні, дзе некалі працавала. На развітанне дырэктар прадпрыемства А.Пракопаў паабяцаў зрабіць мне ў Год кнігі шыкоўны падарунак. І, як сапраўдны мужчына, слова сваё стрымаў. Гэта — кніжка-падарожніца. Яна разляцелася ўжо па 30 гарадах Беларусі, патрапіла за мяжу. Часта выступаю перад дзецьмі. Кожная сустрэча запамінальная. Прыкладам, у Жабінкаўскай школе-інтэрнаце, дзе старалася голасам перадаць сваю энергію дзецям, якія дрэнна бачаць, была шчасліваю бачыць радасныя твары, пачуць словы: “Сустрэча з вамі — свята для душы!” заўжды верыла: падоранае — вернецца яшчэ большым падарункам. Некалі прысвяціла верш выхаванцы інтэрната, таленавітай і мужнай дзяўчынцы Паўле Лукашэвіч. Мінуў час і яна звярнулася да мяне з песняй, напісанай на той верш. Такія падарункі даражэй за золата!
— Дарэчы, ці часта вашы вершы кладуцца на музыку?
— Маю ўжо некалькі песень. Вельмі падабаецца “Пчолачка” кампазітара Мартышава. Ён, як і я, выхаванец дзетдома. Нам абодвум у жыцці не хапала матуліных калыханак. Таму музыкант і адчуў роднасную душу… а далей — яго рука міжвольна пацягнулася да інструмента і нотнага стану. Як некалі мая — да пяра і паперы…
— Пачуў прызнанне, што выхоўваліся ў дзіцячым доме, і раптам згадаўся ваш радок: “Акварэлькамі адна над сваім жыццём працавала”. Раскажыце, калі ласка, больш пра сябе.
— У маіх бацькоў было сем дзяцей, рана памёр бацька — адсюль дзетдом, які навучыў выжываць у любых абставінах. Адным словам, “Паласатае жыццё” (так завецца мой жартоўны аўтабіяграфічны верш). Жыццё ж не толькі ў зебры чорна-белае! Патомная гараджанка, ніколі не думала, што пацягне з асфальта на зямлю. Вёска мяне выратавала, калі зрабілася невыносна. Я такі чалавек: на спатканне ніколі не спазнялася… хоць трэба было б! Здрады не даравала… На памежжы гадоў, нават тысячагоддзяў загадала сабе: змяні жыццё, інакш загінеш… Добрыя людзі выратавалі — адцягнулі ад краю, калі была блізкаю да апошняга кроку, і — стала шчасліваю! Прыдбала домік у Дзяменічах і “прыляпілася” да гэтай зямлі: цяпер штовесну, як толькі зайграюць сонечныя зайчыкі, магнітам цягне сюды. У вясковай цішы нараджаюцца вершы і светлыя думкі.
— І нясеце іх у “Сельскую праўду”?
— Канечне, я ж вашая! Першым мяне заўважыў Васіль Сахарчук, ён і “блаславіў” часцей і больш пісаць для малых. Затым “эстафету” падхапіў Расціслаў Бензярук, яму абяцала падараваць сваю першую кніжку, што і раблю з вялікай удзячнасцю. І зараз у літаратурнай старонцы “Плынь”, якую вядзе Алесь Каско, час ад часу выходзяць мае вершы.
— Дарослыя пішуць для малых, найперш сваіх, чым чужых… Якія ў вас адносіны з роднымі дзецьмі, унукамі?
— Маю двух сыноў і трох унукаў. Адзін сын нярэдка засмучае, другі — ніколі, а ўнукі ўсе радуюць! І прымушаюць задумвацца, асабліва Віця, які ганарыцца, што яго бабуля складае вершы. Ён мяне заве чамусьці Бабуленцыяй, а я яго: Душа Мая. Дзеля выхавання яго і іншых дзетак нарадзіўся мой “Сонечны зайчык”. У кніжцы падказкі дарослым, на якой мове патрэбна размаўляць з малымі, каб у сям’і жылі лад і паразуменне, каб хацелася штораніцы прасыпацца са шчаслівай усмешкай.
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: паэтэса Н.К.Енбулаева і яе “Сонечны зайчык”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top