ПРА ЛЁСЫ ЛЮДЗЕЙ І БЕЗЛІЧ ПАДЗЕЙ

ПРА ЛЁСЫ ЛЮДЗЕЙ І БЕЗЛІЧ ПАДЗЕЙ

Наш сённяшні расказ пра сакратара судовых пасяджэнняў — памочніка суда Вераніку МІСЮК. Малады спецыяліст арганічна ўлілася ў калектыў юрыстаў-прафесіяналаў, дзе з першых дзён адчула падтрымку ад калег, якім выказвае шчырую падзяку за дапамогу.

Як у прафесію прыйшла…

Нярэдка так бывае: калі стаіш на раздарожжы, трэба прыклад і падказка з боку старэйшых ды ра-зумнейшых, якія, як у народзе кажуць, “жыццё бачылі”. Вераніцы пашчасціла — у яе быў такі прыклад: хросны, які некалі трымаў над купеллю, стаў “хросным” і ў прафесіі (нездарма атрымаў ажно некалькі юрыдычных спецыяльнасцяў). Ён параіў — яна паслухалася. І не шкадуе ніводнай хвіліны, што пяць гадоў таму (пасля 9 класа ў СШ № 1) падала дакументы на юрыдычнае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Паступіла лёгка і вучылася з задавальненнем. Партрэт Веранікі Місюк нават увесь час упрыгожваў Дошку гонару навучальнай установы.
— Асноўныя веды былі набыты менавіта ў каледжы, — пераканана малады юрыст. — Падабраўся вельмі моцны склад выкладчыкаў, якія стараліся даваць нам, студэнтам, самыя трывалыя веды і навыкі, якія пазней ой як спатрэбіліся на практыцы. Найбольшы след у памяці пакінулі заняткі выкладчыкаў крымінальнага і грамадзянскага права Веры Рыго-раўны Якімук і Вольгі Іванаўны Вацкель. Іх прафесіяналізм, уменне данесці інфармацыю, праілюстраваць лекцыі прыкладамі з жыцця — усё імпанавала, дапамагала асвойваць прадметы.
І вось надышоў момант, калі веды, атрыманыя ад вопытных педагогаў, стала неабходна насыціць практычнай дзейнасцю. У пачатку верасня 2019 года Вераніка (цяпер ужо ў поўнай меры Андрэеўна) пераступіла адначасова праз два вельмі важныя жыццёвыя парогі.
Па-першае, яна стала студэнт-кай-завочніцай Брэсцкага дзярж-універсітэта імя Пушкіна (вядома, абрала спецыялізацыю па душы — судова-пракурорска-следчая дзейнасць на юрыдычным факультэце). Па-другое, учарашняя выпускніца каледжа пачала працу ў судзе Жабінкаўскага раёна. Да слова, яшчэ раней Вераніка Місюк праходзіла тут практыку. Назірала, знаёмілася з працай суда, абавязкамі яго супрацоўнікаў, нават прысутнічала на пасяджэннях, назіраючы за працай прафесіяналаў, — адным словам, набіралася неацэннага вопыту.
— Тое, што напісана нават у самых разумных кнігах, бывае, адрозніваецца ад практыкі, — разважае суразмоўніца. — Раней здавалася, што ўсё проста: ёсць літара закону, якая вырашае ўсё. Але пад вокладкай кожнай справы звычайна хаваюцца няпростыя лёсы людзей
і бурлівыя падзеі. Таму часам даво-дзіцца літаральна праз сябе прапускаць чужы боль або крыўду. Бывалі выпадкі, калі нават зразумець цяжка, чаму чалавек пераступае рысу дазволенага, ідзе, парушаючы закон, насуперак здароваму сэнсу, робіць учынкі, якія моцна ўплываюць на яго жыццё, лёсы родных, блізкіх і зусім незнаёмых людзей.
За пару гадоў праз рукі сакратара судовых пасяджэнняў ужо прайшлі сотні спраў, а старонкі ў гэтых дакументах і палічыць цяжка. Бо бываюць надзвычай пухлыя шматтомныя справы (самая важкая з іх мае ажно 72 тамы!).

…і словы добрыя знайшла

Слоў удзячнасці напярэдадні свята Вераніка Місюк выказала шмат. Вядома, найперш самым родным людзям: тату Андрэю Васільевічу і матулі Алене Віктараўне, бабулі і дзядулю Галіне Пятроўне і Васілю Паўлавічу. Яны ўвесь час падтрымліваюць дзяўчыну, суперажываюць і толькі добрае жадаюць. Так і трэба — падтрымка ад родных людзей робіць кожнага мацней.
З вялікай удзячнасцю Вераніка гаворыць пра свой дружны калектыў, які шмат гадоў узначальвае старшыня суда Віктар Новік. Яму асабіста Вераніка Місюк выказвае словы падзякі за падтрымку, правільныя парады, жыццёвую мудрасць. Увогуле, увесь калектыў дапамагаў ёй, так бы мовіць, з першых дзён стаць на крыло.
Напярэдадні Дня юрыста Вераніка Андрэеўна выказвае пажаданні:
— Хачу скарыстацца магчымасцю і праз газету павіншаваць усіх, хто звязаны з юрыспрудэнцыяй, з іх прафесійным святам. Няхай у кожнага будуць моцнае здароўе і аптымізм, сілы і цярпенне, вытрымка і бясконцая энергія, а яшчэ — жыццёвае шчасце ды шчодрая падзяка за нялёгкую працу!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top