На “замку” — вытворчасць, жыллё, банкі…

На “замку” — вытворчасць, жыллё, банкі…

Сёлетні год для работнікаў аддзела Дэпартамента аховы юбілейны — 60 гадоў з дня яе ўтварэння. За гэты час і ў суб’ектаў гаспадарання, і ў насельніцтва Жабінкаўшчыны склалася меркаванне, што гэта надзейная служба, якая прызначана не толькі абараняць маёмасць грамадзян і прадпрыемстваў ад рабаўнікоў і злодзеяў, але і падтрымліваць парадак на вуліцах, папярэджваць злачыннасць. Цяпер супрацоўнікі аддзела ахоўваюць 110 аб’ектаў рознай формы ўласнасці, а таксама 269 памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян (дамы, кватэры, гаражы, катэджы і інш.), кнопкай сігналізацыі абсталявана 89.
Ахова вядзецца рознымі спосабамі: шляхам арганізацыі міліцэйскіх, вартавых пастоў ці ўстаноўкі сігналізацыі. Самы буйны аб’ект — ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, дзе служба аддзела арганізавала дакладны кантроль за захаванасцю прадукцыі, матэрыяльных каштоўнасцяў прадпрыемства. Са сваёй задачай тут выдатна спраўляецца калектыў, які ўзначальвае камандзір аддзялення, старшы прапаршчык міліцыі Віталь Іванюковіч. Пад іх аховай іншыя прамысловыя прадпрыемствы горада і пункт спагнання дарожных збораў “Федзькавічы”. Супрацоўнікі аддзялення, якое ўзначальвае прапаршчык Сяргей Якаўчук, ахоўваюць банкаўскія ўстановы.
Юбілейны 2012-ы год адметны тым, што прымаліся меры паляпшэння надзейнасці аховы аб’ектаў і памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян, пашырэння сферы аказання паслуг, узмацнення барацьбы са злачыннасцю і стварэння правапарадку ў зонах пастоў і маршрутаў патрулявання. Дарэчы, крадзяжоў захоўваемых аб’ектаў не дапушчана.
Сёлета пад ахову прынята 11 аб’ектаў, у тым ліку 11 пультавых, абсталявана 16 памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян. Выручка ад правядзення мантажных работ абсталявання склала амаль 60 мільёнаў рублёў. У выніку аддзелам Дэпартамента аховы за 9 месяцаў атрымана каля 5 мільярдаў рублёў даходаў. Нашымі супрацоўнікамі раскрыта 8 злачынстваў, за адміністрацыйнае правапарушэнне затрымана 139 чалавек, з іх 16 за ўчыненне дробных крадзяжоў.
Прайшло 7 гадоў, як пад “нашай апекай” пункт спагнання дарожных збораў “Федзькавічы”. Менавіта тут найчасцей адбываюцца затрыманні розных правапарушальнікаў. Так, у красавіку сёлета міліяцыянерамі А.Церазам і А.Ундзеруком пры перасячэнні пункта “Федзькавічы” быў затрыманы аўтамабіль “Фольксваген-Пасат”, за рулём якога быў раней судзімы жыхар Тэльмаў Ю.Вінічук, які працаваў таксістам у ТАА “ВестЕўропа”, і пасажыры, якіх ён вёз. У іх быў канфіскаваны шпрыц для ін’екцый з празрыстай вадкасцю. Пазней экспертыза дала заключэнне, што гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва. Другі прыклад, што адбыўся зноў на Федзькавіцкім пункце ў чэрвені. Прапаршчык міліцыі Э.Муха спыніў “Фольксваген-Транспарцёр”, у якім ехалі беспрацоўныя з Бабруйска В.Арцюкоўскі і Э.Арцюкоўскі. Гэта былі злодзеі, якія абрабавалі кватэру ў Пружанах, дзе ўкралі грошы, залатыя завушніцы і сярэбраны пярсцёнак, а ў Кобрыне — ноўтбук і прычынілі Н.Парунцавай матэрыяльны ўрон амаль на 4 млн. 400 тыс. рублёў.
Пра добрыя справы нашых супрацоўнікаў можна шмат расказваць. Заўважу, што смелы ўчынак у нас заахвочваецца. 18 работнікаў аддзела ўзнагароджаны Дэпартаментам аховы МУС Рэспублікі Беларусь нагрудным знакам “За адзнаку”. Некаторыя атрымалі Ганаровыя граматы і Лісты падзякі.
Мы працуем сумесна з раённым аддзелам унутраных спраў, а таму ўдзельнічаем, як бачыце, у спыненні і раскрыцці злачынстваў, у пошуку і затрыманні парушальнікаў, падключаемся да плана “Перахоп” дзяржаўтаінспекцыі. Пасля гадзіны ночы горад знаходзіцца пад абаронай нарадаў аховы, што выязджаюць на ахоўныя аб’екты.
Вядома, напружаны рытм працы патрабуе ад работнікаў калектыву, якіх у нас 119, добрасумленнасці, вынослівасці, асаблівых прафесійных ведаў. Старэйшыя супрацоўнікі перадаюць свой вопыт і ўменні маладым калегам. І ветэраны аддзела, і тыя, хто прыйшоў на службу нядаўна, са сваімі абавязкамі спраўляюцца ўмела і вартыя добрых слоў падзякі за працу. Сярод іх прапаршчыкі П.Кулагін, М.Вараб’ёў, У.Пракопчык, В.Рамашка, У.Лукашэвіч, А.Місіюк, С.Курыга, А.Масальскі, С.Якаўчук, Ю.Крэйдзіч, старшыя сяржанты Ю.Кашалюк, М.Шурко, В.Хлус і іншыя. Сёння, напярэдадні юбілею, варта адзначыць і вольнанаёмных работнікаў аддзела, хто аддаў справе аховы значную частку свайго жыцця. Сярод такіх дзяжурныя пункта назірання Т.Бжоска, Г.Паплаўская, старшы інспектар ГРСД І.Дзям’яненка, электраманцёры В.Сяркоў і М.Капусцін, вартаўнікі Н.Берніковіч, В.Карпучык, І.Гук, Л.Мельнічук, А.Ярывановіч, В.Карповіч і іншыя.
Хачу яшчэ сказаць, што ў апошнія гады мы пастаянна тэхнічна пераўзбройваемся, становімся больш мабільнымі, што, безумоўна, дапамагае нам у працы і дазваляе выконваць яе прафесійна і якасна.
Напярэдадні 60-гадовага юбілею службы аховы хачу пажадаць усяму калектыву дабрабыту, спакойнага жыцця, дастатку ў сем’ях, а таксама працы без цяжкіх здарэнняў.
Ігар КАМІНСКІ, начальнік аддзела Дэпартамента аховы, маёр міліцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top