Падзяка ад Фідэля

Падзяка ад Фідэля

На конкурс: «Аўтограф на добры ўпамін»

50 гадоў таму мог наступіць канец свету. Не гіпатэтычны, а сапраўдны. Дзве супердзяржавы ЗША і СССР шчапіліся ў жорсткім супрацьстаянні за Кубу. У “чорную суботу” 27 кастрычніка 1962 года заставаліся лічаныя гадзіны да Трэцяй сусветнай… У гэтыя гадзіны ліхаманкава шукалася выйсце. Лідары вялікіх дзяржаў Д.Ф.Кенэдзі і М.С.Хрушчоў усё ж знайшлі паразуменне: амерыканцы пакідалі ў спакоі Востраў Свабоды, пазбаўлены савецкіх ракет, і выводзілі свае ядзерныя боегалоўкі з Турцыі. Карыбскі крызіс быў вычарпаны…
Пра гэтыя акалічнасці сусветнай гісторыі падумалася, калі чытаў пісьмо 80-гадовай жыхаркі Жабінкі Наталлі Савінаўны Шармаковай. Яе ўспаміны — пра дарагога ёй чалавека, што воляй лёсу апынуўся ў эпіцэнтры падзей, якія ледзь не пахавалі планету.
Анатоль Бензярук.
У жыцці маёй сям’і было шмат пераменаў. Яны звязаныя са службай у 1956-1980 гадах мужа Аляксандра Цімафеевіча Шармакова. Ён быў ваенным, для якога загад — закон.
Нарадзіўся Саша ў Беларусі ў апошні дзень зімы 1935 года ў сям’і настаўніка, што пазней, у вайну загінуў на фронце. Ягоны дзядзька палкоўнік Аляксей Яфімавіч Яфрэменка ўладкаваў сірату ў Ленінградскае пяхотнае вучылішча імя С.М.Кірава. Армія дала хлопцу спецыяльнасць, выхавала сапраўдным мужчынам, улюбёным у Айчыну.
Праз час, згадваючы пра “лейтэнанцкія” Сашавы гады, міжволі ўздыхнула ў вершы: “Не паспееш на месцы абжыцца, і да школы прывыкнуць дзіцяці, пасадзіць агарод, ды спакоем сваім наталіцца, а ўжо ў прадпісанні ў мужа — другая граніца, камандзірскія курсы ці дальнія далі…”.
Ніколі не былі мы так далёка, як у 1962 годзе. Улетку Саша зазбіраўся ў чарговую камандзіроўку — без сям’і. Сказаў толькі: “Накіроўваюць на Кубу”.
Позняй восенню ў наш вільнюскі дом завітаў незнаёмец, які перадаў два лісты ад мужа, пазначаныя 5 верасня і 3 кастрычніка. Між іншым, Саша прасіў: “Свой зваротны адрас ні ў якім разе не пішы. Пра маю спецыяльнасць таксама. Пішы больш пра сябе і сваё жыццё. Ты ведаеш, што мяне цікавіць. Вельмі сумую без вас, але невядома, калі пабачымся”.
Я ведала, чым займаецца муж. У яго была надзвычай небяспечная спецыяльнасць: мінёрныя і ўзрыўныя работы. Але маўчала, бо як загад успрыняла пастскрыптум да ліста: “Пастарайся не задаваць лішніх пытанняў. Паступова пра ўсё даведаешся”.
Праз паўгода ён вярнуўся. І я даведалася больш, чым расказала праграма “Час”. Уся група, у якую ўваходзіў Саша, пераапранутая ў грамадзянскую вопратку, на параходзе “Марыя Ульянава” накіравалася на Кубу. Захавалася паштоўка з выявай карабля, на якім члены экіпажа дзякавалі Сашу, які на працягу ўсяго падарожжа быў душой кампаніі. У Гаване адбылася асабістая сустрэча з Фідэлем Кастра. Лідар кубінскай рэвалюцыі дзякаваў “сябрам з Савецкага Саюза”, якія прыйшлі на дапамогу ў крызісны момант, “калі амерыканскія імперыялісты спяць і бачаць, як задушаць у сваіх абдымках Востраў Свабоды”. Усе атрымалі лісты падзякі ад камандантэ Фідэля з яго подпісам.
А далей пачалася будзённая праца. Але ці можна назваць яе будзённай? Да берагоў Кубы рухаліся “гандлёвыя” караблі з СССР з небяспечным грузам на борце: ядзернымі ўстаноўкамі і боекамплектамі. Муж расказваў пазней, што задача, пастаўленая перад імі была надзвычай адказная: абследаваць на рэйдзе днішчы караблёў, якія прыбывалі на Кубу, і размініраваць бомбы, што прымацоўвалі варожыя дыверсанты.
Са сваёй вандроўкі муж прывёз фатаграфіі, паштоўкі з выявамі дзівоснай прыроды Вострава Свабоды. Да 1981 года цягнулася перапіска з кубінскімі сябрамі, якіх Аляксандр Цімафеевіч лічыў прыкладам змагароў за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны.
Сёння па Божай волі я жыву ў Беларусі, на мужавай радзіме. Згадваю Сашу кожны раз, як пераглядаю пажоўклыя лісты на іспанскай мове ці чытаю ў раёнцы, што Жабінкаўскі цукровы завод зноў пачаў перапрацоўваць цукар-сырэц з Лацінскай Амерыкі.
Наталля ШАРМАКОВА, г.Жабінка.
На здымку: Н.С.Шармакова.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top