Справіліся да халадоў

Справіліся да халадоў

Год 2012-ы адметны ў сельскагаспадарчай вытворчасці не толькі багатым ураджаем розных культур, але і тым, што ва ўсіх аграпрадпрыемствах Жабінкаўшчыны вядзецца рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм. Дзевяць аб’ектаў перажываюць абнаўленне, якое ажыццяўляецца ў асноўным гаспадарчым спосабам. Толькі ў СВК “Рагазнянскі мадэрнізуецца ферма “Бусні-1” на 600 галоў падрадным спосабам і ўзводзяць яе будаўнікі КУП “Брэстжылбуд”.
Тэрміны, вызначаныя Прэзідэнтам краіны на рэканструкцыю, на зыходзе. Ці змогуць справіцца з заданнем у сельгаскалектывах Жабінкаўшчыны, вырашылі пазнаёміцца менавіта на месцы. Маршрут нас прывёў у ПУАП “Азяты”.
У гэтым аграпрадпрыемстве 4 малочнатаварныя фермы: па адной у Баранах і Азятах, дзве ў Старым Сяле. Дойны статак складае 850 галоў. А перад жывёлаводамі-азятчукамі пастаўлена задача давесці яго да 1500. Даільнае абсталяванне, якое ўстаноўлена на комплексе ў Старым Сяле, недастаткова загружана паводле яго тэхналагічных магчымасцяў. І наступная прычына, з-за якой тут узяліся за рэканструкцыю, — усвядомілі, што “вялікага” і якаснага малака нельга атрымаць без інавацыйных тэхналогій у яго вытворчасці. За дзевяць месяцаў азяцкія жывёлаводы надаілі ад кожнай рагулі 3988 кг, што на 360 кг больш адпаведнага мінулагодняга перыяду, а да канца года сярэдні надой трэба давесці да 4900 кг, а валавую вытворчасць — да 4100 тон.
— Пад абавязковую рэканструкцыю трапіў сёлета другі кароўнік Старасельскага комплекса (першы быў абноўлены раней), — расказваў намеснік дырэктара аграпрадпрыемства Леанід Васільевіч Лазько. — Работы вяла брыгада з 17 чалавек. Ад старога будынка засталіся толькі бакавыя сцены і адна тарцовая. Зроблены новы сучасны дах, праз які будзе трапляць святло і ажыццяўляцца вентыляцыя, абноўлена поўнасцю падлога, заменены кармавыя сталы паводле новай тэхналогіі, устаноўлена стойлавае абсталяванне, якое вырабляецца цяпер у ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, патынкавалі і пафарбавалі сцены ўсярэдзіне. У гэтыя дні жывёла ставіцца на зімовае ўтрыманне. Будаўнікі справіліся з работай своечасова, таму што сумленна выконвалі свае абавязкі і ўсведамлялі набліжэнне халадоў. Ёсць у брыгадзе майстар на ўсе рукі — Леанід Мелюх.
Леанід Васільевіч прызнаўся, што сёлета ўдалося правесці яшчэ рэканструкцыю фермы №2 у Азятах. Тут будуць утрымлівацца цялушкі на глыбокай саламянай падсцілцы, ёсць бытавыя памяшканні для жывёлаводаў, добраўпарадкоўваецца душавая, устанаўліваецца кацёл. Зроблена зала для пакрыцця жывёлы. Зманціравалі новыя сістэмы водапаення і гноевыдалення.
На рэканструкцыю гэтых фермаў разам з заробкам будаўнікоў, як сказаў намеснік дырэктара ПУАП “Азяты” Леанід Лазько, зрасходавана прыкладна 2 мільярды 200 мільёнаў рублёў. 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў — гэта банкаўскі льготны крэдыт. Каб вялася рэканструкцыя не гаспадарчым спосабам, абышлася б у большыя выдаткі.
Абнаўленне жывёлагадоўчых памяшканняў у аграпрадпрыемстве “Азяты” працягнецца і ў будучым. Ёсць пэўны ўласны вопыт, і ў суседзяў можна пераняць лепшае. З гэтым згодны і кіраўнікі, і мясцовыя будаўнікі.
Людміла КОСЦІНА.

На здымках:  уладкоўваюцца адмосткі вакол фермы; будаўнікі Юрый Ваўдзяюк, Віктар Панасюра і Іван Ваўдзяюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top