Майстар працы не баіцца

Майстар працы не баіцца

Што аб’ядноўвае вадзіцеля гарадскога аўтобуса, уладальніка асабістага аўтамабіля, работніка дарожнай службы і нават рейсера “Формулы 1” — канечне любоў да аўто і свята, якое кожны год прыпадае на апошнюю нядзелю кастрычніка.
Для некаторых “руліць” — гэта прафесія, для іншых — захапленне ці проста незаменны спосаб перамяшчэння. Аднак самае непасрэднае дачыненне да дня аўтамабіліста і дарожніка маюць людзі, якія ствараюць для ўсіх вадзіцеляў належныя ўмовы руху: асфальтуюць дарогі, рамантуюць іх пакрыццё, ачышчаюць ад снегу, травы і смецця, сочаць за знакамі і дарожнай разметкай. У нашым раёне гэты фронт работ выконвае філіял КУП “Брэстаблдарбуд” ДРБУ №103, на балансе якога 314 кіламетраў дарог і 97 км вясковых вуліц.
Сёлета дарожная арганізацыя правяла бягучы рамонт амаль на васьмі кіламетрах дарог, апранулі новае асфальтабетоннае пакрыццё 2 кіламетры сельскіх вуліц. Блішчыць пад сонцам роўная стужка дарогі на новай вуліцы горада — Францыска Скарыны, радуюць вока акуратныя падыходы да пад’ездаў, вядуцца работы на вуліцы Каштанавай. Акрамя гэтага маштабнымі аб’ектамі для дарожнікаў сталі пабудаваныя нядаўна фермы ў Крыўлянах і Шпіталях. У будучым плануецца зрабіць новае пакрыццё дарог на фермах у Агародніках і Навасадах. Але не будзем забягаць далёка наперад. Лепш пагаворым аб тых людзях, хто сёлета “наводзіў марафет” на дарогах раёна і, тым самым, паляпшаў умовы жыцця нашых жыхароў.
Нягледзячы на яшчэ зусім маладыя гады і невялікі вопыт, майстра філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” ДРБУ №103 Яўгена Хамюка ў калектыве паважаюць: да яго меркаванняў прыслухоўваецца кіраўніцтва, падначаленыя адказна выконваюць усе даручэнні. А ўсё таму, што просты па натуры хлопец не баіцца справы. Калі трэба, разам са сваімі падначаленымі возьме рыдлёўку і старанна працуе, каб паспець своечасова здаць аб’ект і, разам з тым, падтрымаць працоўны дух сваіх калегаў. Адносіны з імі ў Яўгена  сяброўскія.
— Так прасцей і людзі да цябе цягнуцца, бо акрамя заработнай платы ёсць яшчэ і такія метады матывацыі, як дабрыня, шчырасць, узаемадапамога. Аднак, бываюць выпадкі, калі даводзіцца быць строгім і патрабавальным, — дзяліўся ў размове малады майстар.
У дарожнай арганізацыі раёна Яўген Хамюк працуе ўжо чацвёрты год. Першыя дзевяць месяцаў быў дарожным рабочым. Аднак кіраўніцтва заўважыла яго патэнцыял і стараннасць, таму наступнай прыступкай стала пасада майстра. У той час хлопец завочна атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце па спецыяльнасці “Будаўніцтва аўтамабільных дарог і аэрадромаў”. Дарэчы, нарадзіўся Яўген у вёсцы Сцяпанкі, таму зараз яму асабліва прыемна наводзіць парадак на дарогах  сваёй маленькай радзімы. Гэта тое, аб чым ён марыў яшчэ пад час вучобы ў СШ №3 г.Жабінка.
— У першы год працы ў ДРБУ №103 пад сваю апеку мяне ўзяў Дзмітрый Іванавіч Старыкевіч, які працаваў прарабам. Шмат чаму навучаўся ў яго. Універсітэт у асноўным дае тэарэтычныя веды, а найлепшую практыку чалавек атрымлівае непасрэдна на працоўным месцы, — расказваў хлопец.
Ёсць такое выказванне: “чалавек працуе на сваім месцы”. Дык вось да Яўгена, як адзначаюць у калектыве, яно падыходзіць на ўсе 100 працэнтаў. У яго добра атрымліваецца арганізаваць работу, вокам прафесіянала ён адразу бачыць, як лепш будзе ладзіцца справа. Усёй душой хварэе Яўген за сваю арганізацыю. Бывае і да пазна затрымліваецца на аб’ектах, і ў выхадныя працуе, хоць  дома яго  чакае сям’я: жонка Дзіна, маленькія дачушка Валерыя і сын Віктар. Да таго ж, Яўген Хамюк будуе свой дом, які абавязкова запоўніць шчаслівы смех яго дзетак. Часу, як прызнаецца, катастрафічна не хапае і, усё ж,  вытворчыя справы на першым месцы. Наперадзе зімовы сезон. Калі ён будзе снежны, давядзецца добра працаваць, каб паспяваць ачышчаць дарогі ад “шэрай кашыцы”, бо ад гэтага залежыць бяспека руху як аўтамабілістаў, так і пешаходаў. З пачаткам вясны трэба будзе замяняць дарожныя знакі, аднаўляць разметкі і фарбаваць бардзюры, аднак самае складанае — капітальны і бягучы рамонт дарог, прыпадае на лета.
— Нехта скажа, што кожны дзень выконваць дарожныя работы — сумны і аднастайны працэс. А на мой погляд, кожны праект мае сваю “разыначку”, — тлумачыў хлопец.
Сумленная праца Яўгена Хамюка адзначана лістом Падзякі райвыканкама. Думаецца, гэта не апошняя ўзнагарода маладога мэтанакіраванага майстра.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top