Няма жадання ў арміі служыць?

Няма жадання ў арміі служыць?

Справа ў тым, што Уладзіслаў С., у адрозненне ад тых маладых людзей, якія з разуменнем ідуць у войска Рэспублікі Беларусь і спаўна выконваюць свой грамадзянскі абавязак, рашыў сёлета ўхіліцца ад мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу.
Пасля дзевяці класаў хлопец адвучыўся ў каледжы і быў накіраваны на працу ў ААТ “Агра-Дзеткавічы”. Там, у Драгічынскім раёне, і жыллё атрымаў. А вось на воінскім уліку юнак стаяў у адасобленай групе (Жабінкаўскага раёна) ваенкамата Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў.
Уладзіслаў не заўжды з’яўляўся па позве ў ваенны камісарыят і на медыцынскі агляд, нават прыцягваўся за гэтыя парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці.
14 мая ён зноў не прыехаў у ваенкамат, хоць і атрымаў павестку. Юнак, праўда, папярэдзіў па тэлефоне ваенкама, што не будзе, бо едзе ў Гомель, каб навесці парадак на магілах дзядулі і бабулі. Той, аднак, не палічыў гэта ўважлівай прычынай і папярэдзіў пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць у выпадку няяўкі. І ўсё роўна ў назначаны дзень хлопца ў Жабінцы так і не дачакаліся.
Болей таго, у наш райцэнтр Уладзіслаў не прыязджаў да самага канца мая, пакуль не скончыўся час вясенняга прызыву. Ён жыў у Дзеткавічах, рэгулярна хадзіў на працу ў гаспадарку і пры гэтым цудоўна ведаў, што яго адразу адпусцяць з работы, як толькі прад’явіць позву.
На судзе Уладзік цалкам прызнаў сваю віну: ён сам не пажадаў ехаць, бо не хацелася ісці на службу летам, калі можна было добра зарабіць на жніве. Дый увогуле ён не мае ніякага вялікага жадання ісці ў армію.
Ці мог бы мець юнак якую-небудзь выгаду, калі не падпарадкоўваўся ваенкамату? Вядома, не: з ваенным камісарыятам жарты дрэнныя! Хлопцу ўсё роўна давядзецца служыць у арміі, а цяпер ён яшчэ і судзімасць займеў. Паколькі суд раёна за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу (частка 1 артыкула 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) наклаў на Уладзіслава С. штраф у пяцьдзясят базавых велічынь. У грашовым эквіваленце гэта 1450 рублёў.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top