Храм паўстаў са смугі забыцця

Храм паўстаў са смугі забыцця

У мінулым стагоддзі для жыхароў вёскі Сакі былі два трагічныя ранкі 22 чэрвеня: у сорак першым, калі пачалася вайна з фашыстамі, і ў 1960-ым, калі разгарнулася вайна супраць веры.
У той дзень згодна з рашэннем Савета па правах рускай праваслаўнай царквы пры Савеце Міністраў СССР быў выкраслены са спісаў невялічкі Сакаўскі храм, пабудаваны ў ХІХ стагоддзі ў гонар прарока Ільі. Аднак, аказалася, лёгка “выкрасліць са спісаў” — нельга знішчыць з памяці.
Амаль праз паўстагоддзя вернікі пачалі адраджэнне сваёй святыні. Суботнім ранкам 20 кастрычніка новы храм быў асвечаны епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам. Дарагога госця віталі жабінкаўскі благачынны Уладзімір Карнялюк, настаяцель Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы Сергій Петрусевіч, іншыя свяшчэннікі цэркваў раёна, якія ўдзельнічалі ў набажэнстве.
Гэты дзень — выдатны прыклад шанавання роднай спадчыны. Беласнежнае адзенне святароў падкрэслівала ўрачыстасць моманту. Нібыта жывая істота, храм прыняў на сябе пакутлівы ўдар у бязбожныя часы.
Падзяляючы са шматлікімі вернікамі агульную радасць, уладыка пранікліва гаварыў:
— Паводле словаў Святога Іаана Кранштадскага, Храм — гэта неба на Зямлі. І сённяшняя падзея сагравае сэрцы не толькі жыхароў гэтага паселішча, але й радасная для ўсёй нашай праваслаўнай царквы. Быў, вядома, час раскідаць камяні, але надышоў час збіраць іх. У адноўленым храме будуць прасіць літасці і для тых, хто спрычыніўся некалі да блюзнерства, каб Бог дараваў ім грэх.
Маленькі храм не мог умясціць усіх вернікаў, многія стаялі на вуліцы, слухаючы літургію. Людзі прыйшлі памаліцца за душы, што ў вырай адляцелі, паставіць свечы за здароўе жывых, атрымаць блаславенне ад епіскапа Іаана, папрасіць дапамогі ў святых, найперш у прарока Ільі — нябеснага абаронцы і заступніка Сакаўскай царквы.
Дзеля таго, каб яна ажыла, спатрэбіліся глыбокая чалавечая вера і дапамога. За гэтую высакародную справу граматай мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі Філарэта ўганараваны старшыня СВК “Хмелева” Барыс Парафянюк, яшчэ 22 чалавекі атрымалі з рук уладыкі пад велічны царкоўны спеў “Заслужаны” граматы ў памяць аб 1020-годдзі хрышчэнні Русі, падзячныя лісты Брэсцкага епіскапства.
… Рассеялася смуга забыцця, а шэрань асенняга ранку разагналі сонечныя промні, што ярка заззялі ў час службы на пазалочаным купале Свята-Ільінскай царквы. Вакол яе хросным ходам пацякла людская рака, якая, верыцца, не абмялее і надалей.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час урачыстасцяў з нагоды асвячэння Свята-Ільінскай царквы, адроджанай у в.Сакі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top