Як сын бацьку “нагрэў”

Той, хто мяркуе, што аповед пойдзе пра лазню, горка памыляецца. Тут размова пра тое, як Аляксандр Р., пераначаваўшы ў вясковай бацькавай хаце, знайшоў чым пажывіцца.
Аляксандр вядомы суддзям Ленінскага раёна горада Брэста як чалавек, нячысты на руку, бо некалькі разоў быў асуджаны па артыкуле 205 КК за крадзяжы. На гэты раз ён здзейсніў злачынства на тэрыторыі нашага раёна. Знаходзячыся ў Стаўпах, Аляксандр адшукаў прыпасеныя бацькам 210 рублёў, а таксама ўкраў мабільны тэлефон — усяго нанёс стратаў на суму 610 рублёў. На зламысніка ўзбуджана справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Цікава, а як можна скрасці…
рэйкі ці помпавую станцыю?

Можа, набілі ўжо аскому аповеды пра крадзяжы веласіпедаў? Не абышлося без яго і на гэты раз. Расстаўся са сваім “двухколавым сябрам” Валерый М., які пакінуў яго без нагляду паблізу садовага таварыства “Энергетык”.
Але самых спрактыкаваных зламыснікаў такой “драбязой” не заманіш: ім падавай рэчы пасур’ёзней. Скажам, у Чыжэўшчыне невядомая асоба скрала пяць рэек для вузкакалейкі, кожная даўжынёю ў 6 метраў. Рэйкі належалі Ганне С. Можна толькі здагадвацца, як злодзеі перамясцілі іх з аднаго месца на другое, якую тэхніку прыйшлося прымяняць — на плячах жа такі груз не панясеш!
Альбо такі выпадак. За тыя некалькі месяцаў, пакуль адсутнічаў гаспадар Мікалай З., нехта сарваў навясны замок і ўкраў помпавую станцыю “Omnigena JY 1000”. А ў Буснях прапалі запасныя часткі да трактара МТЗ-80, у тым ліку і пярэдні мост. Гэткім чынам зламыснікі прычынілі Івану С. стратаў на суму 510 рублёў. Па ўсіх выпадках узбуджаны крымінальныя справы.

А металалом заўжды ў цане

Гэта вам пацвердзяць тыя, хто займаецца падобным бізнесам. За кілаграм — капейкі, а як многа здасі?.. Калі сабралася ў двары жалезная непатрэбшчына, здай. Дык завяліся такія, хто ў суседа гатовы ўкрасці, каб сабе грошы ў кішэню пакласці.
Мусіць, знайшоўся такі “прадпрымальнік” і ў аграгарадку Ленінскі. Ён у адзін момант “прыватызаваў” 400 кілаграмаў металалому ў Марыі К., у Васіля М. — металічную чатырохсекцыйную барану, а ў Мікалая К. — тры камплекты будаўнічых рыштаванняў.
Як усё здаць на металалом, дык мецьмеш “навару” болей за дзве базавыя велічыні. Крадзеж падпадае пад частку 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса краіны. Хочацца верыць, што зламыснік будзе выкрыты і пакараны.
Другі “аматар” металічнага лому знайшоўся ў раённым цэнтры. Аляксандр Т., будучы ў стане алкагольнага ап’янення, залез цераз разбітае акно ў гаспадарчую пабудову, каб выкрасці ціскі і звыш 20 кілаграмаў металалому. Здзейсніць свой зладзейскі намер не змог, бо быў схоплены гаспадаром. Цяпер выкрадальніка чакае лаўка ў судзе.

Ці бяспечна быць “УКантакце”?

Карыстацца кап’ютарнай тэхнікай вельмі сучасна і здорава, але ж і небяспечна. Калі вашы рэквізіты трапяць да зламысніка, тады чакай стратаў. Пра гэта мы гаворым у каторы ўжо раз.
Неўстаноўленая асоба пажадала ўкрасці грашовыя сродкі, што былі на рахунку банкаўскай пластыкавай карткі ААТ “Беларусбанк”, утрымальнікам якой з’яўляўся Іван П. У ходзе тэлефоннай размовы пры дапамозе дадатка “Vіbеr” зламыснік назваўся супрацоўнікам банка, увайшоў у давер і цераз дадатак “АnуDеsk” атрымаў доступ да Іванавага мабільнага тэлефона. Вынік прадказальны: у адзін момант гаспадар карткі пабяднеў на дзве тысячы беларускіх рублёў.
Другі незнаёмец шляхам перапіскі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” запатрабаваў ад Лізаветы К. перадачы пяці тысяч расійскіх рублёў пад пагрозай распаўсюдзіць матэрыялы, якія грама-дзянка жадала захоўваць у тайне.
У трэці раз незнаёмы цераз інтэрнэт завалодаў 100 рублямі, якія належалі Раману П.
Па ўсіх гэтых выпадках узбуджаны крымінальныя справы, і следчыя будуць шукаць махляроў. Але зрабіць гэта вельмі няпроста, бо надта скупыя звесткі змаглі данесці тыя, каго абакралі. Таму ў будучым трэба быць больш абачлівымі, каб не трапіць у падобную сітуацыю. Гэта тычыцца не толькі тых, хто ўжо патрапіў да злодзеяў на вуду, але і тых, да каго зламыснікі толькі падбіраюцца. Будзьце пільнымі і разумнымі!

За вамі прэвентыўны нагляд?
Выконвайце дакладна!

Аляксандр Ш. не раз даказаў сваё нежаданне жыць у дружбе з законам і прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, адбываў пакаранне. На гэты раз суд раёна ўстанавіў вінаватаму прэвентыўны нагляд на шэсць месяцаў.
Пакаранне накладвала шэраг абмежа-ванняў: абавязкова паведамляць у орган унутраных спраў аб перамене месца працы ці жыхарства; выязджаць за межы раёна толькі са згоды райаддзела міліцыі; не наведваць магазіны, кафэ, бары і рэстараны, каб купіць і распіваць спіртныя напоі; не пакідаць сваю кватэру з 22 гадзін вечара і да шасці раніцы наступнага дня; з’яўляцца два разы ў месяц у РАУС для рэгістрацыі.
І на гэты раз Аляксандр праявіў сваю недысцыплінаванасць: не заўжды з’яўляўся для рэгістрацыі, пакідаў месца жыхарства ў начны час, двойчы падвяргаўся адміністрацыйнаму спагнанню. Зараз яго чакае больш строгае пакаранне.
Аляксей СТРУК, намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.