“Лепей дом у вёсцы, чым інтэрнат у горадзе”.

“Лепей дом у вёсцы, чым інтэрнат у горадзе”.

Добразычлівая ўсмешка, лагодны пагляд, прыемны голас — здаецца, такім павінен быць урач, якому не страшна даверыцца. Малады тэрапеўт Кацярына Бычкоўская працуе ў Крыўлянскай амбулаторыі больш чым месяц, але трымаецца з пацыентамі не горш за сталага спецыяліста. Яно і не дзіўна: шэсць курсаў няпростай вучобы, год не менш цяжкай інтэрнатуры — сапраўднае выпрабаванне для дзяўчыны, якая цвёрда вырашыла, што хоча лячыць людзей.
— Кацярына, адкуль вы родам?
— Я нарадзілася і правяла дзяцінства ў Крыўлянах. Тут і сёння жывуць мае бацькі.
— Дзе вучыліся?
— У мясцовай школе. Пасля яе заканчэння паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на спецыяльнасць “Тэрапія”.Дыплом атрымала ў 2011 годзе. У Брэсцкай цэнтральнай абласной бальніцы прайшла інтэрнатуру. Пасля мяне размеркавалі… дадому, у Крыўляны.
— Папулярны серыял “Інтэрны” глядзелі?
— Канечне! Студэнтамі мы ўсе яго глядзелі.
— Рэальная інтэрнатура такая ж, як у фільме?
— Вы што? Натуральна, не. У жыцці ўсё сур’ёзна. Першы час да нас прыглядаліся, але гэта і зразумела, бо мы толькі прыйшлі з ўніверсітэта.Ужо праз паўгода нам сталі давяраць цэлыя палаты хворых.Вядома, пад наглядам старэйшых і дасведчаных калег.
— Ці цяжка было паступіць у ВНУ?
— Паступаць было складана, але я ішла ў сельскім конкурсе. У нас, як вядома, існуюць пэўныя прывілегіі.
— Чаму менавіта Віцебск? Далёка ж…
— Усё проста. Там жывуць родзічы майго бацькі. Таму, хаця вучылася я сапраўды няблізка, але заўсёды адчувала падтрымку.
— Дарэчы, былі ў новай бібліятэцы ВДМУ?
— Яе дабудоўвалі, калі я заканчвала вучобу. Прыкладна ў гэты ж час у Віцебску быў адкрыты новы корпус медыцынскага ўніверсітэта. Так што, “набыцца” там я не паспела.
— Як вы ацэньваеце свае веды?
— Адукацыю нам далі добрую. А вось судзіць сябе я не магу. Няхай гэта робяць іншыя…
— А як жа адзнакі ў залікоўцы?
— Адзнакі ў мяне былі ўсялякія. Выдатніцай я не была, але і на пераздачы ніводнага разу не трапляла. Шчыра кажучы, заліковая кніжка — не паказчык ведаў. Добрая адзнака на іспыце — гэта  проста шчаслівы білет. Былі прадметы, якія даваліся лёгка, а былі і такія, што даводзілася зубрыць.
— Якія ўражанні ад працы ў вясковай амбулаторыі?
Розныя. Хапае станоўчых момантаў, але ёсць і адмоўныя.Добра, што я жыву ў сваім доме, з бацькамі.Акрамя таго, мяне тут усе ведаюць. Што тычыцца ўмоў працы, будынак амбулаторыі, як вы бачыце, новы, адрамантаваны. Больш за тое, старшыні СВК “Маціевічы” і “Вазнясенскі” абяцалі аказаць матэрыяльную дапамогу і набыць у амбулаторыю камп’ютар і іншую аргтэхніку. Вельмі імпануюць адносіны да мяне калег. Мой начальнік — Іосіф Юзэфавіч Арлавец — надзвычай спагадлівы чалавек, які ніколі не пакіне ў бядзе, падкажа, накіруе.
З недахопаў я б вылучыла адсутнасць некаторых спецыялістаў. Іншы раз, каб перастрахавацца, даводзіцца накіроўваць дзіця ў Жабінку, бо педыятра ў Крыўлянах няма. Няма і акушэра. У дэкрэтны адпачынак пайшла лабарант — цяпер нават аналізы здаць на месцы немагчыма. А ехаць дзеля гэтага ў раённы цэнтр людзі не заўжды хочуць.
— Колькі чалавек на вашым участку?
Амаль тры тысячы.
— Ці спраўдзіліся вашыя надзеі?
— Я пакуль не магу адказаць на гэтае пытанне. Бо яшчэ зусім мала працую. Як я ўжо гаварыла, у мяне вялікі ўчастак. Некаторым пажылым людзям ў амбулаторыю прыйсці цяжка, таму еду да іх дадому. Частку выклікаў бяруць на сябе фельдчары. Для мяне гэта значная падтрымка.
— А што наконт страху лячыць?
— Безумоўна, ён ёсць. Але мне вельмі пашанцавала з калегамі. Са мной працуе вопытны фельдчар Таццяна Мушынская. Да пенсіі ёй застаўся год. Самі разумееце, які ў яе вялікі стаж. Усё, чаго я не ведаю, падказвае мне Таццяна Іосіфаўна.
— У Беларусі ёсць такая праблема, што маладыя спецыялісты не жадаюць працаваць у вёсцы. Яны літаральна збягаюць адсюль. Чаму так, як вы лічыце?
— Сапраўды, такая праблема ёсць. Але я лічу, што маладым спецыялістам грэх скардзіцца. Жыллёвае пытанне для іх вырашаецца адразу. У вёсцы заробак заробак урача большы, чым у горадзе. Асабіста мне незразумела, чаму маладыя людзі збягаюць.
— Значыць, вы збіраецеся застацца ў Крыўлянах?
— Наперадзе яшчэ два гады адпрацоўкі. Так далёка я не загадваю. Не ведаю, як і што складзецца ў будучым.
— А як жа кар’ера, амбіцыі? Няўжо не хочаце ў будучым стаць вядомым спецыялістам дзе-небудзь у сталічнай прыватнай клініцы?
— Вы не разумееце, у горадзе ёсць адна вялікая праблема — жыллё. Калі я туды пераеду, мне давядзецца ці здымаць кватэру, ці жыць у інтэрнаце. Дзе ўзяць грошы на першае? А ў інтэрнаце я жыла сем гадоў. З мяне, мабыць, хопіць.
— Як вы бавіце вольны час?
— Надта многа папяровай валакіты, якую даводзіцца рабіць пасля працоўнага дня. Я працую шэсць дзён у тыдзень. На жаль, часу на адпачынак у мяне зусім мала.
Руслан ІГНАТОВІЧ, Ірына КАРЭЛІНА, студэнты Інстытута журналістыкі БДУ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top