Будзе статак сыты ў новых памяшканнях

Будзе статак сыты ў новых памяшканнях

Для кожнай галіны народнагаспадарчага комплексу сур’ёзным выпрабаваннем з’яўляецца работа ў зімовы перыяд, калі надвор’е “падкідвае” дадатковыя праблемы — снежныя завеі, моцныя маразы. Асабліва актуальна гэта для сельскагаспадарчых арганізацый. Ад таго, наколькі якасна пройдзе падрыхтоўка да “суровай” пары года, залежаць далейшыя поспехі гаспадаркі. Каб паглядзець як гатовыя да зімоўкі фермы і які комплекс мерапрыемстваў праведзены мы адправіліся ў СВК “Вазнясенскі”.
— Як толькі жывёла выходзіць пасля зімы на пашу, пачынаем рыхтаваць памяшканні да наступнага сезону, — тлумачыла Надзея Рыгораўна Кандрацюк, старшыня СВК “Вазнясенскі”. — Праводзіцца дэзінфекцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, пабелка, афарбоўка абсталявання і ачыстка ад гною. Аднак на гэтым справа не завяршаецца. Для нашай гаспадаркі важным з’яўляецца пытанне размяшчэння жывёлы. Нельга разлічваць на прадукцыйнасць статка, калі назіраецца яго скучанасць: ці дойнага, ці маладняка. Сёння мы адчуваем недахоп памяшканняў, большасць з іх старыя, яшчэ 50-х гадоў пабудовы. А таму зараз у гаспадарцы ўзводзіцца 2 новыя.
Ужо праз месяц плануецца запоўніць жывёлай новы кароўнік ў Агародніках, які будуе ПМК-10. Сваімі сіламі гаспадарка вядзе будаўніцтва фермы ў Стаўпах. Сучасныя памяшканні дапамогуць гаспадарцы вырашыць яшчэ адну праблему — недахоп кадраў. У старых кароўніках задзейнічана значна больш работнікаў, чым на фермах новага пакалення. Да таго ж сучасныя пабудовы разлічаны на паляпшэнне ўмоў працы і быту жывёлаводаў. Да прыкладу, на комплексе ў тых жа Агародніках ёсць душавая, пральныя машыны, пакой для харчавання.
— Ужо сёння мы гатовыя да зімоўкі, аднак не спяшаемся пераводзіць жывёлу ў стойлы, чакаем увядзення новага памяшкання. Тым больш, надвор’е дазваляе і ёсць дзе пасвіць статак. Дарэчы, у нашай гаспадарцы пад шматкампанентныя пашы, з бабовымі і канюшынай, якія садзейнічаюць павелічэнню надояў, адзведзена плошча ў 420 гектараў, а гэта на 200 га больш чым у мінулым годзе, — адзначыла галоўны заатэхнік СВК “Вазнясенскі” Надзея Кадлубовіч.
Кармавая база — не менш значнае пытанне, аб якім трэба паклапаціцца да наступлення халадоў. Надзея Рыгораўна ў размове падкрэслівала, што сёння СВК “Вазнясенскі” звяртае асаблівую ўвагу на нарыхтоўку кармоў для зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. У гаспадарцы добра папрацавала раслінаводчая галіна, таму недахопу кармоў не будзе. Назапашана іх да 27 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву — а гэта добрая аснова для таго, каб мець пераходны фонд і не ведаць праблем у кармленні пагалоўя.
— Па тэмпах вытворчасці валавай малочнай прадукцыі мы сёння ідзем наперадзе іншых гаспадарак раёна. За год павялічылі надоі на карову на 1000 кг. Цяпер паставілі задачу павелічэння дойнага пагалоўя. Сёння гэта 760 кароў, “заўтра” спадзяемся будзе 1000, бо малако — заўсёды добрая крыніца заробку, — дзялілася старшыня. — Але ж, каб усё атрымалася, важна зараз стварыць адпаведныя ўмовы для добрай зімоўкі жывёлы.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top