Тры дні ў Пецярбурзе: сувязі сталі мацней
З 11 па 13 кастрычніка ў паўночнай сталіцы Расіі Санкт-Пецярбурзе ладзілася міжнародная выстава тавараў і паслуг для хатняй жывёлы “Заасфера”. Адзінымі прадстаўнікамі ад Беларусі, запрошанымі на яе, як паведаміў спецыяліст аддзела маркетынгу ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Андрэй Раманчук, былі нашы вытворцы камбікармоў. Спецыялісты аддзелаў знешнеэканамічнай дзейнасці і маркетынгу прэзентавалі вырабы свайго прадпрыемства: сухія кармы для катоў і сабак. У выніку наладзіліся новыя сувязі, дасягнуты дамоўленасці аб заключэнні кантрактаў з многімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, што дазволіла ўмацаваць пазіцыі на рынку Саюзнай дзяржавы.
Журналісты сустрэліся ў Маларыце
“Інфармацыйная і аналітычная састаўныя газетнага нумара” — так гучала тэма міжрэдакцыйнай лятучкі, што прайшла 17 кастрычніка ў адноўленым будынку маларыцкай раёнкі “Голас часу”. За “круглым сталом” надзённыя пытанні сучаснага друку на Брэстчыне абмеркавалі калегі-газетчыкі з Маларыты, Брэста, Камянца і Жабінкі. Пра сучаснае развіццё краю паведаміў намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама В.П.Шпэтны. (З некаторымі грамадскімі аб’ектамі горада, такімі як спартыўны комплекс “Жамчужына” і гасцініца “Юбілейная”, удзельнікі семінара азнаёміліся на экскурсіі). Пасяджэнне, на якім часам гучалі крытычныя ноты ў дачыненні да раёнак, вялі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама І.У.Гетман і старшыня абласной арганізацыі Беларускага Саюза журналістаў Г.С.Тамашэвіч. Як прыклад, годны для пераймання, адзначаны камянецкі штотыднёвік “Навіны Камянеччыны” (галоўны рэдактар У.П.Вярэніч). Прыемным момантам стала прысваенне рэдактару “Голасу часу” Н.У.Свіцюк звання “заслужаны журналіст БСЖ”. Ніна Васільеўна атрымала віншаванні ад калегаў з такім годным прызнаннем заслуг шматгадовай працы на газетнай “ніве”.
“Мячы Грунвальда”
Сапраўдным падарункам для дзяцей і дарослых, улюбёных у нашу мінуўшчыну, стане ў Год кнігі прыгодніцкая аповесць Анатоля Бензерука “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля” (на здымку), якая днямі выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Гістарычным фонам выдання, шыкоўна аформленага сталічным мастаком Уладзімірам Даўгялам, зрабілася славутая Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 года. З аповесці чытач зможа даведацца пра той гераічны час і адважных рыцараў беларускай зямлі.
Узнагарода за спартыўнае лета
Сёлета праводзіўся рэспубліканскі конкурс “Лета — пара спартыўная”. У ім ўлічвалася фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа школ Беларусі ў летні перыяд. І вось 18-19 кастрычніка ў рэспубліканскім дзіцячым лагеры “Зубраня” падведзены вынікі спаборніцтва. Надзвычай прыемна адзначыць: найлепшым у краіне ў намінацыі “Тата, мама і я — спартыўная сям’я” названы калектыў Ленінскай адзіннаццацігодкі. Віншуем вучняў, іх настаўнікаў і бацькоў з заслужанай перамогай!
Інфармацыю сабраў Антон БЕРАСТОК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top