Хто рана ўстае, той на пакроўскі кірмаш ідзе

Хто рана ўстае, той на пакроўскі кірмаш ідзе

Калі б мы маглі, быццам кінематаграфічную стужку, адматаць гісторыю на многія стагоддзі назад, абавязкова заўважылі б, што для нашых далёкіх продкаў кірмаш быў сапраўдным святам. Купцы з розных краін пераадольвалі тысячы кіламетраў, каб прапанаваць свой тавар, набыць нешта экзатычнае і прывезці гэты цуд у свае мясціны. З таго часу змянілася многае, але ж сэнс слова “кірмаш” і  настрой, з якім людзі ідуць па пакупкі, ніколькі не страціў сваёй добрай энергетыкі.
… У суботу, 13 кастрычніка, яшчэ не паспелі сонечныя промні прабрацца праз шэрыя хмары, якія ўначы закрылі ўсё неба, а над Жабінкай ўжо панавала святочная атмасфера з жартамі, песнямі і шчырымі ўсмешкамі. З розных куточкаў раёна з’ехалія да нас гандляры. Хто з бульбай і морквай, хто з капусткай і буракамі  —  усім, чым узнагародзіла зямля працавітых гаспадароў за плённую працу на працягу ўсяго года. Удзел у кірмашы прынялі і сельгаспрадпрыемствы раёна, і фермерскія гаспадаркі, і проста прыватнікі — усе, хто вырашыў падзяліцца добрым ўраджаем агародніны. Чарга была па бульбу, якую прапаноўваў СВК “Арэпічы”, на вачах размяталі цыбулю і капусту, што прадавала фермерская гаспадарка “АцячызнаАгра” з пасёлка Ленінскі.  Знайшла свайго пакупніка і прадукцыя СВК “Шпіталі”, “Хмелева”  і “Маціевічы”.  Па тым, як змяншалася колькасць агародніны на гружаных “ўраджаем” машынах, можна было зрабіць вывад, што цэнавая планка трымалася на ўзаемавыгадным узроўні. Бульбу можна было набыць за 1000 рублёў за кілаграм, капуста і цыбуля каштавалі ад 2000 да 2500 рублёў, мінімальная цана на моркву трымалася каля 2000 рублёў. Актыўна гараджане набывалі трыцікале і ячмень, прадукцыю камбікормавага завода. А праблему дастаўкі пажылым пакупнікам агародніны дадому за невялікую плату вырашыў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з валанцёрамі ГА “БРСМ”, якія дапамагалі загружаць і разгружаць сельскагаспадарчую прадукцыю.
Стрэлкі на гадзінніку набліжаліся да паловы дзясятага, а на машынах, якія размясціліся на пляцоўцы ля плошчы па вуліцы Леніна, былі ўжо напалову пустымі, словам, жабінкаўцы з самага ранку паспяшаліся папоўніць свае запасы свежай агароднінай, каб паспець яшчэ пабываць ля іншых гандлёвых кропак.
Апошнія, можна сказаць, усеялі цэнтр горада. Танней, чым у магазіне, можна было набыць мясную і рыбную прадукцыю, мёд і хлебабулачныя вырабы. Папулярнасцю карысталася прадукцыя плодапітомнікаў, цікавіліся жыхары і цаной на кветкі і дэкаратыўныя дрэвы.
На кірмашы можна было і падсілкавацца. Па старажытных традыцыях на свежым паветры тут жа, на вачах гасцей кірмашу, рыбгас “Сакалова” варыў юшку, на цудоўны водар якой хутка збіраліся гараджане. Дарэчы, атрымаць асалоду ад смаку спрадвечна рускай стравы мог кожны жадаючы ўсяго за 5000 рублёў.
Не абышлося і без вострых адчуванняў, іх надавала бяспройгрышная латарэя. Шумны “цыганскі табар” разам з героем былін і казак — мядзведзем спяваў і танцаў пад народныя матывы, запрашаючы за 5 тысяч рублёў выпрабаваць удачу. Таму, ніхто не аспрэчыць: кірмаш у чарговы раз ўдаўся на славу!
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фоты Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top