ПЕРШАКЛАСНЫ ВАДЗІЦЕЛЬ АЛЯКСАНДР ВАРАБЕЙ

ПЕРШАКЛАСНЫ ВАДЗІЦЕЛЬ АЛЯКСАНДР ВАРАБЕЙ

Кожны вадзіцель вельмі задаволены, калі пад колы прыемнай стужкаю кладзецца дарога. Тады і рухацца па ёй у радасць, быццам песню заспяваць прыемную для душы. Каб было менавіта так, ужо амаль 65 гадоў клапоцяцца ў дарожным рамонтна-будаўнічым упраўленні № 103. Адзін з найлепшых працаўнікоў арганізацыі — вадзіцель аўтамабіля І класа Аляксандр ВАРАБЕЙ, чыё імя занесена ў Галерэю працоўнай славы.

“Радзіме” трэба памагчы

Любоў да тэхнікі і механізмаў у яго спадчынная: дзед Мікалай Іосіфавіч, а затым бацька Аляксандр Мікалаевіч былі вадзіцелямі. Бацькаў прыклад і сыну перадаўся. Аляксандру Вараб’ю-малодшаму было ўсяго гадоў 12-13, а ён ужо зведаў вялікае шчасце трымаць у руках руль грузавой машыны. Штолета хлопцу з Сакаў хацелася крыху падзарабіць, каб не цягнуць капейчыну з сямейнага “куфэрка”. Таму, як толькі пачыналася гарачая жніўная пара, Саша далучаўся да шэрагу хлебаробаў. Чатыры гады нават адпрацаваў памочнікам камбайнера. У тыя часы словы “працоўнае выхаванне” значылі шмат. Нярэдка з калгаса “Радзіма” ў Хмелеўскую школу, дзе вучыўся Варабей, прыходзіў ліст з гаспадаркі. А ў ім — просьба пачаць школьныя заняткі трохі пазней, каб дзеці маглі дапамагчы роднаму калгасу. І дырэкцыя ставілася да гэтага з разуменнем: “Радзіме” трэба памагчы (у прамым і пераносным сэнсе слова). Бо рукі і справы вясковых юнакоў і дзяўчат былі вельмі запатрабаваныя. Яны з маладых гадоў павінны былі ведаць, як хлеб расціць, кароў даіць, павагу мець да працы на зямлі.
Як толькі Аляксандру споўнілася васямнаццаць, прыйшоў час аддаць яшчэ адзін доўг Радзіме: юнака паклікала павестка ў войска.
Няцяжка здагадацца, што маладому байцу даверылі кіраваць аўтамашынай. Спачатку вадзіў “ГАЗ-53”, а затым і начальніка штаба вазіў.

Год прыемных перамен

У кожнага ў жыцці надараюцца гады, падобныя на вузельчыкі. З іх “завязваецца” на доўгі час, калі не на ўсё жыццё, значная яго частка.
Для Аляксандра Аляксандравіча такім годам стаў 1995-ы.
Па-першае, сяржант Варабей зняў салдацкі шынель і ўладкаваўся ў ДРБУ-103, дзе працуе і зараз. Па-другое, “капітуляваў” перад прыгажуняй Вольгай і ў Жабінкаўскім загсе прылюдна пакляўся жыць у міры, згодзе ды каханні. Дзень нараджэння сям’і Аляксандр Аляксандравіч і Вольга Сцяпанаўна святкуюць у самай сярэдзіне лета — 15 ліпеня. Сям’я даўно падвоілася пасля нараджэння дочак Анастасіі і Таццяны. Родныя радуюць амаль штодня.
А як справы на працы? Ці не памыліўся ў выбары прафесіі?
На гэта першакласны вадзіцель гаворыць упэўнена: “Не!”

Рукам падуладныя многія справы

Так, яго рукам падуладна літаральна ўсё, чым займаюцца дарожныя будаўнікі. Працаваць-шчыраваць даводзілася і на розных трактарах, і на катку для ўкладкі асфальту, і на машынах легкавых ды грузавых…
Шмат добрых спраў за яго плячыма. Аляксандр Аляксандравіч згадвае, як будавалі на Гомельшчыне дарогу ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Калі вы не бывалі на той будоўлі, вам і няўцям, якая цяжкая праца дасталася Аляксандру Вараб’ю і яго таварышам. Бо даводзілася пракладваць шлях праз дрыгву, а палескія балаты (дзе і цяпер, магчыма, гаспадарыць Багнік) вельмі не любяць, калі іх турбуюць… Нічога, справіліся. І зараз кожны, хто рухаецца па новай дарозе, можа заспяваць задаволена песню, як мы ўжо казалі вышэй.
Справы дарожных будаўнікоў, як бачым, запатрабаваныя паўсюль. Зараз на сваім магутным “МАЗе” Аляксандр Аляксандравіч працуе ў Камянецкім раёне, дзе з кар’ера нагружаюць у вялікі кузаў песка-гравійную сумесь. А затым кіроўца шпарка вяртаецца на аб’ект паміж Малымі і Вялікімі Сяхновічамі, хутка разгружаецца — і зноў спяшаецца назад. І гэтак цэлы дзень, нібы вавёрка ў коле.
За такія імпэт ды стараннасць перадавіка не абыходзяць уганараванні. Неаднойчы Аляксандр Варабей станавіўся пераможцам у спаборніцтве “Лепшы ў прафесіі Брэсцкага аблдарбуда” з занясеннем на Дошку гонару, імя Аляксандра Аляксандравіча ўпрыгожвае Галерэю працоўнай славы нашага раёна.
Пажадаем яму і ўсім тым, хто святкуе ў бліжэйшую нядзелю Дзень аўтамабіліста і дарожніка, здароўя і шчасця на жыццёвым шляху.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top