“Дзіця+матуля” — шчаслівы дуэт

“Дзіця+матуля” — шчаслівы дуэт

Маці… — якое мілагучнае і прыемнае гэтае слова. Яна доўгія месяцы пад сэрцам насіла сваё маленькае жаночае шчасце, ночы напралёт не спала і зараз кожны дзень сваімі малітвамі ахіляе нас ад нягод, разам радуецца поспехам і заўсёды ўмее суцешыць боль… Але ж выказаць некалькімі словамі тую любоў, якую аддаюць нам нашы матулі, проста немагчыма. Таму кожны год 14 кастрычніка мы віншуем іх з самым жаночым святам — Днём маці і дарым у гэты восеньскі дзень толькі цёплыя і шчырыя словы віншаванняў і падзякі.
— 17 гадоў наша краіна святкуе Дзень маці, — адзначыў в.а. старшыні райвыканкама Анатоль Вітальевіч Шалтанюк пры адкрыцці мерапрыемства, прысвечанага матулям раёна. — Мацярынства — галоўная місія кожнай жанчыны, ад якой залежыць лёс усёй краіны. Сёння мы ўшаноўваем матуль,захавальніц хатняга агменю, і дзякуем за мудрасць і любоў, клопат і адказнасць, цеплыню і спакой у сям’і.
Цяпер у раёне 274 шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. У большасці з іх падрастаюць трое дзяцей, у 62 больш чым 4 дзіцяці і ў адной выхоўваецца ажно 8 кветак жыцця. Багатыя нашы матулі і на ўзнагароды. Сёлета Ніна Дзянішчыч папоўніла шэрагі адзначаных ордэнам маці за вялікае сэрца і добрую душу. Цяпер яго ў раёне маюць 30 жанчын.
— Сацыяльная палітыка дзяржавы накіравана на падтрымку сем’яў, якія гадуюць дзяцей, — гаварыў Анатоль Вітальевіч. — Пастаянна павялічваюцца памеры сацыяльных дапамог пры нараджэнні дзіцяці, пры доглядзе за ім. 125 сем’яў раёна забяспечаны бясплатным харчаваннем на дзяцей ва ўзросце да двух гадоў, інш. Шматдзетныя сем’і атрымліваюць ільготы ў падаткаабкладанні, аплаце за навучанне ў дашкольных установах, маюць скідкі за харчаванне і падручнікі, на вялікі працэнт памяншаюцца крэдыты на будаўніцтва і набыццё жылля.
Аднак ніякія льготы не могуць параўнацца са шчасцем мацярынства. Аб гэтым лепш за ўсіх ведаюць “шматразовыя” маці, якія сёлета атрымалі пасведчанні шматдзетнай сям’і. З выхаваннем чатырох дзетак цудоўна спраўляюцца Вольга Віктараўна Кляўзэр і Марына Аляксандраўна Лось, траіх дачушак — Іна Анатольеўна Ноур. Павіншаваць і ўручыць падарункі ад арганізацый, дзе яны працуюць, у гэты святочны дзень прыйшлі намеснік начальніка райсельгасхарчу Ларыса Канстанцінаўна Янкоўская, загадчыца магазіна “Бакалея” Людміла Канстанцінаўна Чырун і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Мікалаеўна Урбан. Жанчынам пажадалі не спыняцца на дасягнутым, каб у наступны раз была нагода сабрацца ў такой жа святочнай атмасферы і павіншаваць іх з ордэнам Маці.
Не менш прыемным падарункам для ўсіх матуль сталі шчырыя песні ад В.Чэрнік, А.Чарнушыц, групы “Карамелька”, ансамбля “Радужка”, М.Панфіла, Л.Дудара, Я.Гаўрыленка, Д.Ніканчук і А.Ранцэвіч. Да слёз краналі сэрцы жанчын музычныя кампазіцыі пра шчырую мацярынскую любоў, бо кожная з іх добра разумее: самае дарагое, што ёсць на свеце — гэта высакародны дуэт “дзіця+матуля”.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top