Шчасце на адной далоні

Шчасце на адной далоні

Учора ў Брэсце з рук старшыні аблвыканкама К.А.Сумара 34 берасцейскія жанчыны, што нарадзілі і выхавалі пяць і болей дзяцей, атрымалі ордэн Маці. Прадстаўніцы Жабінкаўшчыны ўпершыню такая ўзнагарода была ўручана восенню 1996 года. Сённяшняе ўганараванне — трыццатае па ліку. Заслужаную пашану атрымала Ніна Васільеўна Дзянішчыч з Крыўлянаў.
У Перабродах, адкуль родам Ніна і Уладзімір, Дзянішчычаў цэлая вуліца. Калі яны пабраліся шлюбам, маладой нават не давялося мяняць прозвішча.
Родная ўкраінская вёска, размешчаная на самай мяжы з Беларуссю, здаўна славілася вялікімі сем’ямі. Валодзя і Ніна — паскрэбкі: ён мае чатырох старэйшых сясцёр, яна — дванаццатая з тузіну дзяцей Ліліі Пятроўны і Васіля Якаўлевіча.
— Але ж і гэты сямейны рэкорд пераўзышла мая сястра Наталля, — заўважае Уладзімір Сяргеевіч. — Яна маці 15 дзяцей!
Яны павінны былі сустрэцца ў дзяцінстве. Ды лёс распарадзіўся інакш. У 1981 годзе, калі нарадзілася Ніна, маленькі Валодзя пасля раптоўнай смерці бацькі апынуўся на Жабінкаўшчыне, у Крыўлянах, куды маці Праскоўя Сямёнаўна пераехала з дзецьмі ў пошуках лепшай долі.
Аднак сувязь з малой радзімай не гублялася. Неяк Уладзімір завітаў у Пераброды і пабачыў на богаслужэнні дзяўчыну. Гэтае спатканне стала добрым знакам, што мела найлепшы працяг. На Пакровы 2000 года стварылася новая сям’я. Яе ўпрыгажэннем хутка сталі цудоўныя дзеці.
— Для мяне яны — узнагарода ад Бога! — разважліва гаворыць Ніна. — Вельмі люблю дзяцей, каб быць да іх бліжэй, нават у садзік пайшла працаваць. Не разумею, чаму пасля вайны людзі туліліся ў хатках, але месца хапала для шматлікіх малых, а цяпер жывуць у катэджах, ва ўладкаваных кватэрах, ды не раджаюць… Нехта лічыць: без дзяцей лягчэй, вальней… А мне яны не ў цяжар. Навошта тая вольнасць, калі без іх? Для працягу роду можа і аднаго дастаткова. А для шчасця трэба болей!
Жанчына з любасцю назірае за малымі, што гарэзліва бавяцца ў прыгожым доме, створаным бацькоўскімі рукамі. Сем гадоў таму з дзяржаўнай дапамогай сям’я купіла хату.
— Вельмі прыемна, — далучаецца да размовы гаспадар, — што краіна не забывае аб шматдзетных сем’ях, падтрымлівае іх, клапоціцца. Канечне, мы расцім, выхоўваем, як можам, спадзяемся, што пасееная дабрыня дасць з часам цудоўныя ўзыходы. Маленькім, бы кветкам, патрэбны святло і пяшчота.
У гэтым прыгожым доме прапісаліся павага і любоў. Тут утульна і дзецям, і дарослым.
Дружна паселі яны разам за шырокім сталом. Зусім выпадкова мы трапілі на сямейнае свята (адно са шматлікіх, што бывае ў вялікіх сем’ях). Сёння сем гадоў Рувіму (ён у Дзянішчычаў сярэдні).
— Гэтае біблейскае імя, — тлумачыць гаспадыня, — са старажытнай мовы яно перакладаецца: “Паглядзіце — у мяне сын!”
Знаёмімся і з іншымі дзецьмі. Шасцікласніца Сняжана падобная на маму і тварам, і звычкамі. Любіць кнігі і прыроду, углядаецца ў неба, нібы чакае ад яго натхнення, з замілаваннем слухае музыку, асабліва ў выкананні матулі. Дзевяцігадовы Дзімка пайшоў у тату — любіць урокі працоўнага навучання, будзе, пэўна, будаўніком. Наймалодшыя Анжаліка і Даша пакуль у дзіцячым садзе. Шмат у іх цацак, а любімая гульня — у дочкі-маці…
…Лёгка расказваць пра шчасце. Атуленая столькімі маленькімі сэрцамі, Ніна Васільеўна свяцілася ад радасці, калі яе дзеці па чарзе прамаўлялі: “Я люблю маю маму”.
“Можна палічыць па пальцах адной рукі”. Так гавораць, калі жадаюць сказаць: мала!
Сваіх дзяцей — сапраўдную сваю радасць — матуля таксама лічыць пакуль па пальцах адной рукі.
Але хто возьмецца сцвярджаць, што гэтага для шчасця недастаткова?..
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top