“Людзі набываюць беларускія лекі…”

“Людзі набываюць беларускія лекі…”

У работнікаў аптэчнай сферы ёсць усе падставы адзначаць прафесійнае свята тры разы на год. Як спецыялісты, ад адказнага захавання рэцэптуры і правільнай парады якіх наконт тых ці іншых лекаў залежыць выздараўленне чалавека, яны маюць прамое дачыненне да Дня медыцынскага работніка. Штодзённае сумяшчэнне фармакалогіі з працай за прылаўкам прыбліжае іх да работнікаў гандлю. Прадаюць яны прадукцыю фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці, г.зн. маюць дачыненне і да свята, якое адзначаецца ў краіне 15 кастрычніка.
У нашым горадзе некалькі аптэк, таму сацыяльны стандарт у гэтай галіне можна лічыць перавыкананым. Жабінкаўская цэнтральная раённая аптэка № 27 забяспечвае лекавымі сродкамі не толькі жыхароў Жабінкі (акрамя цэнтральнай аптэкі дзейнічаюць яшчэ два яе аддзяленні ў мікрараёне цукровага завода і памяшканні райбальніцы), але і тры аптэкі ў сельскай мясцовасці, што знаходзяцца ў аграгарадках Ленінскі, Крыўляны і ў санаторыі “Буг”. Што змянілася за апошні час у фармацэўтычнай дзейнасці, чым “жыве і дыхае” галоўная аптэка раёна і як выглядае сучасны аптэкар? Гэтае і многае іншае высвятляў наш карэспандэнт пад час гутаркі з Вольгай Фёдараўнай Гацкевіч, загадчыцай Жабінкаўскай цэнтральнай раённай аптэкі.
— Вольга Фёдараўна, час не стаіць на месцы, а разам з ім і прагрэс. Як на дзейнасць аптэк уплывае ўкараненне інавацый?
— Сёння аптэка — гэта не толькі месца, дзе можна набыць неабходныя лекі. Мы прапануем даволі шырокі асартымент дадатковай прадукцыі: гігіенічныя сродкі,прадметы агульнай санітарыі, перавязачныя матэрыялы і нават дэкаратыўную касметыку, — робім усё магчымае, каб пакупнік на месцы змог набыць ўсё, што яму трэба. Многія нашы кліенты адзначаюць, што больш упэўненыя ў якасці прадукцыі, якая трапляе да іх з прылаўкаў аптэкі. Лекі ў нас раскладзены паводле фармакалагічных груп, асобна на паліцах — біялагічна-актыўныя дабаўкі, травяныя зборы, вырабы для дзіцячага прызначэння.
Ужо другі год мы працуем з камп’ютарызаванай базай дадзеных, у якую занесены ўсе лекі, якія ёсць на нашым ці абласным складзе. З дапамогай тэхнікі паскараецца і спрашчаецца працэс абслугоўвання наведвальнікаў.
— Вы працавалі ў аптэцы і ў савецкія часы, кіруеце аптэчнай установай цяпер, у час росквіту тэхналагічных магчымасцяў. На ваш погляд, калі было працаваць лягчэй, раней ці сёння?
— У кожны час — свае цяжкасці. Калі я пачынала працаваць, лекавых сродкаў на паліцах было у разы менш, чым зараз, ды і працэс абслугоўвання кліентаў быў іншым. А зараз нават у нашай раённай аптэцы налічваецца амаль 4700 найменняў лекаў замежнай і айчыннай вытворчасці, у якіх фармацэўты і правізары павінны добра арыентавацца, каб хутка абслугоўваць наведвальнікаў і ўмела даваць парады.
— Прызнацца, мяне заўжды цікавіла і здзіўляла, як фармацэўты і правізары запамінаюць такую колькасць назваў медыкаментаў, многія з якіх без запінкі нават прачытаць складана? Неабходна фенаменальная памяць?
—  Усё прыходзіць з вопытам, практыкай і жаданнем паглыбляць свае веды. Безумоўна, добрая памяць патрэбна кожнаму аптэкару. У той жа час сёння спецыялістам дапамагае электронная база дадзеных, у якой можна знайсці поўную інфармацыю аб тых ці іншых лекавых сродках. Ды і не ўсё так складана. Ёсць, да прыкладу, адна хімічная назва, ад якой ідзе шмат сінонімаў і сугучных найменняў. Калі з гэтым сустракаешся кожны дзень, усё лёгка запамінаецца.
— А яшчэ без якіх якасцяў не абысціся работніку фармацэўтычнай сферы?
— На мой погляд, для фармакалогіі самае важнае — адказнасць і добрасумленнасць. Не абысціся ў нашай прафесіі і без інтэлігентнасці, этычнасці, пісьменнасці і ветлівасці. Штодзень да нас прыходзяць людзі са сваімі хваробамі і праблемамі, і кожны з іх чакае дапамогі і паразумення.
— Якіх лекаў больш у раённай аптэцы: айчыннай вытворчасці ці імпартных?
— Лекавыя сродкі беларускіх вытворцаў займаюць у нас 32 працэнты ад агульнага аб’ёму лекаў. У нашым падраздзяленні — атэцы № 199, што ў мікрараёне цукровага завода, увогуле айчынныя медыкаменты — гэта 40 працэнтаў ад ўсёй прадукцыі. Астатнія — імпарт, пераважна з Расіі. Між іншым, у краіне нават распрацаваны пералік абавязковай наяўнасці беларуска-расійскіх медыцынскіх прэпаратаў, якія павінны быць у любой аптэцы. Прыемна, што ў апошні час людзі сталі больш набываць беларускія лекавыя сродкі, многія з якіх у якасці і эфектыўнасці не ўступаюць імпартным, а каштуюць у 2-3 разы менш.
— Нядаўна ўступіў у сілу ўказ, які забараніў продаж   без рэцэпта ўрача многіх лекавых сродкаў? Як успрынялі такія перамены жыхары раёна?
— Добра, што людзі самі разумеюць, што адносіны да лекаў павінны быць сур’ёзнымі і, каб пазбегнуць “самалекавання”, якое рэдка прыводзіць да добрых вынікаў, выдавацца яны павінны толькі паводле прадпісанняў урачоў. Мы пастаянна праводзім растлумачальную работу з медыцынскімі работнікамі і жыхарамі раёна. Дарэчы, спіс лекавых сродкаў, якія можам прадаваць без рэцэпта ўрача, пастаянна папаўняецца новымі назвамі.
— Ці можа ў вашай аптэцы чалавек заказаць лекі, якіх у дадзены момант няма ў наяўнасці на складзе і ці вырабляе сёння некаторыя з іх сама аптэка?
— Калі нейкага прэпарата няма у наяўнасці, мы абавязкова пакідаем рэцэпт і робім заяўку. А вось вырабляць зараз лекі ўжо не актуальна, бо сучасная фармакалогія прапануе вялікі асартымент гатовай прадукцыі.
— Вольга Фёдараўна, ведаю што вы ў фармацэўтычнай галіне ўжо 28 гадоў. Раскажыце, як пачынаўся ваш шлях у прафесію?
— Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута я вярнулася на радзіму, у Жабінку. Спачатку працавала правізарам-аналітыкам, потым рэцэптарам, а наступнай прыступкай стала пасада намесніка загадчыцы. Цяпер вось кірую раённай цэнтральнай аптэкай, перадаю свой вопыт маладому пакаленню.
— А калектыў у вас малады?
— Можна і так сказаць, бо ўсе мы маладыя душой. Сярод вопытных спецыялістаў нельга не адзначыць Таццяну Дзмітрыеўну Крачко, майго намесніка, якая працуе у нашай сферы ужо 20 галоў. А вось Міхаіл Іванавіч Бадзінскі ўвогуле фармацэўтычны “старажыл”, яго працоўны стаж на тры гады больш за 40. Нягледзячы на малады ўзрост, сапраўднымі майстрамі сваёй справы можна назваць Таццяну Жук, Паўла Капітана, Ганну Паўлаву, Алесю Марковіну, Наталлю Гарошка, Ганну Вабішчэвіч і Настассю Круглей, якія паводле размеркавання патрапілі ў аптэкі нашага раёна. Калі абагуліць, большасць спецыялістаў, што працуюць у цэнтральнай аптэцы № 27 маюць вышэйшую адукацыю, толькі 3 з 10 прыйшлі да нас пасля каледжа.
— І пытанне, якое проста не можа не цікавіць чытачоў: ці ёсць ў вашых аптэках пэўныя скідкі, магчыма праходзяць нейкія акцыі?
— Ужо даўно ў нашай аптэцы дзейнічае акцыя, якая распаўсюджваецца на лекавыя сродкі айчынных вытворцаў. Яна дазваляе пенсіянерам, маладым сем’ям, у якіх ёсць дзеці ва ўзросце да 3 гадоў, і інвалідам усіх катэгорый атрымліваць скідкі ў 5 працэнтаў ад кошту прэпарата, пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае права на атрыманне скідкі. Прыходзьце, мы заўсёды рады вам дапамагчы!
Гутарыла Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top