Госці з фестывалю беларускага кіно

Госці з фестывалю беларускага кіно

Восьмы раз у Брэсце 29 верасня — 2 кастрычніка прайшоў Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. У рамках гэтага традыцыйнага кінафестывалю 1 кастрычніка з новай мастацкай стужкай “Талаш”, знятай на “Беларусьфільме”, Жабінку наведалі два выканаўцы галоўных роляў. Адзін з іх — цудоўна знаёмы: народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і СССР, зорка Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Генадзь Гарбук. Яго ведаюць гледачы са спектакляў, тэлевізійных пастановак і мастацкіх фільмаў “Людзі на балоце”, “Знак бяды”, “Паўлінка”, “Трывожнае шчасце”, “Белыя росы” і многіх-многіх іншых. Сёлета ён адзначае два творчыя юбілеі: 55-годдзе тэатральнай і кінематаграфічнай дзейнасці і 50-годдзе працы ў Купалаўскім тэатры. Сябра мастацкай рады гэтага славутага тэатра, прадаўжальнік ягоных традыцый, дарадца і настаўнік маладых акцёраў. У прыватнасці, ацэньваў нядаўнюю версію “Людзей на балоце” паводле І.Мележа — ён жа адзін з першых і самых яркіх выканаўцаў ролі Васіля Дзятліка, а потым бацькі Ганны Чарнушкі (за абедзьве атрымаў дзяржаўныя прэміі).
Сярод вучняў Генадзя Міхайлавіча Гарбука — ягоная спадарожніца ў Жабінку актрыса тэатра беларускай драматургіі ў Мінску Анастасія Баброва, з якою яны зараз гуляюць на асноўных ролях у спектаклі “Каласы пад сярпом тваім” паводле рамана У.Караткевіча. На ролю Аўгінні ў “Талашы” маладую актрысу “пасватаў”  галоўнаму рэжысёру ён жа, Генадзь Гарбук. Зрэшты, яна ўжо вядомая: знялася ў трох дзясятках фільмаў…
Гасцей шчыра віталі намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, вядучая сустрэчы Іна Кірылюк і шматлікія гледачы кінатэатра “Юбілейны”, аснову якіх, дарэчы, склалі вучні першай і трэцяй гарадскіх школ. Пасля цікавай гутаркі з артыстамі прысутным былі паказаны ў гэты дзень першыя дзве серыі (з чатырох) фільма “Талаш”. Вядома ж — бясплатна.
Сымон АКСЕНІН.
Фота Ірыны ЖУК.  

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top