“Жыць трэба па законе”

“Жыць трэба па законе”

Чацвер 27 верасня для намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.М.Калініна быў насычаны сустрэчамі з грамадзянамі. Асабісты прыём Анатоль Мікалаевіч праводзіў у Івацэвічах, Жабінцы, Мікашэвічах. У той дзень магчымасцю данесці сваю праблему да аднаго з кіраўнікоў ураду, які курыруе,  пытанні будаўніцтва, скарысталіся чацвёра жыхароў Жабінкаўшчыны. Яны былі выслуханы, атрымалі кампетэнтныя тлумачэнні, у тым ліку і ад прадстаўнікоў мясцовых уладаў, што знаходзіліся на прыёме. Чырвонай ніткай праз усю сустрэчу праходзілі словы А.М.Калініна: “Жыць трэба паводле закона”.
Жыхар аграгарадка Ленінскі А.У.Ляўчук цікавіўся перспектывамі кааператыўнага жыллёвага будаўніцтва на пасёлку. Алег Уладзіміравіч працуе ў санаторыі “Надзея”, мае сям’ю, у якой, акрамя жонкі, двое малых дзяцей. Сям’я са снежня 2007 года на ўліку тых, каму патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў. Сёння ў Ленінскім сельвыканкаме 158 такіх сем’яў, у тым ліку жадаючых палепшыць умовы жылля шляхам кааператыўнага будаўніцтва — сорак. У час размовы з А.М.Калініным маладому чалавеку растлумачылі перспектывы і прапанавалі адзін з двух варыянтаў: або чакаць будаўніцтва кватэры ў складзе кааператыва (узвядзенне яго плануецца на 2014 год), або будаваць індывідуальны дом пад крэдытаванне ў 3%. Пасля размовы Алег Уладзіміравіч больш схільны да другога варыянту, на развітанне паабяцаў параіцца з роднымі і ўсё ж паспрабаваць будавацца індывідуальна, каб праз гады стаць гаспадаром уласнага дома.
Іншая праблема была ў пажылых жанчын А.В.Лепскай і Ф.І.Грачанік з Пятровічаў. Іх цікавіла, ці законна будуецца жылы дом па-суседстве. Маўляў, раней на гэтым месцы была старэнькая лазня, а цяпер прыйшоў новы гаспадар, які “ўвёў свае парадкі і не дае карыстацца зямлёю каля колішняй лазні”. З павагаю да ўзросту жанчын (старэйшай з іх восемдзесят гадоў) Анатоль Мікалаевіч як мага тактоўней патлумачыў, што дзеянні грамадзяніна цалкам законныя. Тэрыторыю вакол лазні ён набыў праз аўкцыён, праведзены без парушэнняў заканадаўства, і цяпер мае права будаваць дом, які плануе выкарыстаць дзеля развіцця аграэкатурызму, пакінуў дарогу шырынёй у 8,5 метра для праезду. Выснова для кожнага з нас: трэба чытаць і разумець законы краіны.
Гэта тычыцца і старасельца М.М.Чарнака, бацькі шматдзетнай сям’і, у якой выхоўваюцца трое непаўналетніх дзяцей. Мікалай Мікалаевіч паскардзіўся, што не атрымаў у поўным аб’ёме крэдыт на будаўніцтва індывідуальнага жылога дома. Сітуацыю патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу ЦБУ №109 г.Жабінка філіяла №100 Брэсцкага абласнога ўпраўлення ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”” А.Я.Янчук. З 2008 года, з самага пачатку крэдытавання, забудоўшчык спраўна выконваў свае абавязкі перад банкам. Заставалася пяціпрацэнтная субсідыя, якою ён не змог пакарыстацца. Бо ў студзені гэтага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта краіны №13 “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў”. Змены, прапісаныя ва Указе, тычыліся і пытання субсідзіравання ў адносінах такіх сем’яў. Разам з тым, у дачыненні да шматдзетных сем’яў засталіся істотныя льготы, а некаторыя моманты нават палепшыліся, прынамсі, калі раней дзяржава пагашала палову кошту жылля сем’ям, што маюць трох дзяцей, дык цяпер — 75%. А гэта надзвычай істотная дапамога, значна большая, чым тыя 6 мільёнаў рублёў, што недаатрымаў М.М.Чарнак.
Анатоль РОСТАЎ.

Фота Ірыны ЖУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top