Нясумная ноч у бібліятэцы

Нясумная ноч у бібліятэцы

На верасень прыпадаюць Дзень беларускага пісьменства і свята бібліятэк, а таксама шматлікія юбілеі. Сёлета, напрыклад, адзначаліся соты юбілей народнага паэта Беларусі Максіма Танка і 90-годдзе літаратуразнаўцы і пісьменніка Уладзіміра Калесніка. А над усім гэтым стаяць волаты роднага слова, несмяротныя Янка Купала і Якуб Колас, 130-годдзе якіх адзначаецца сёлета. Менавіта ім прысвячалася акцыя “Нясумная ноч у бібліятэцы”, што адбылася 21 верасня.
Той, хто ў мінулую пятніцу аказаўся ля цэнтральнай раённай бібліятэкі, быў заварожаны выступленнем ансамбля “Спявай, душа” Крыўлянскага СДК пад кіраўніцтвам Леаніда Батуры, а таксама мог патанцаваць з самадзейнымі артыстамі.
Затым быў паядынак дружыны брэсцкага ваенна-гістарычнага клуба “Паўночны вепр”. Спаборніцтва мужных людзей у шлемах прайшло пад паэтычныя радкі Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” і “Слова аб паходзе Ігаравым”, перададзенае ў вершаванай форме Я.Купалам. Пасля ўсіх паклікалі ў раённую бібліятэку, дзе і адбылося асноўнае дзейства.
Тут кожны мог знайсці адпачынак па душы: пазнаёміцца з выставай-радаводам “Шлях у гісторыю”, паўдзельнічаць у жартаўлівай латарэі, зазірнуць у літаратурнае казіно, дзе пераможцы атрымлівалі сувеніры, або “паваражыць” на любых кнігах разам з магам Гонагалам (героем раманаў пра Гары Потэра). Дазвалялася сфатаграфавацца з Мэры Попінс, Астапам Бэндэрам ці місіс Марпл, ролі якіх выконвалі супрацоўнікі бібліятэкі, паспяваць разам з гітарыстам Паўлам Шавялёвым, наведаць выставу выпускных работ юных мастакоў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, пазнаёміцца з фрагментамі экспазіцыі раённага гісторыка-краязнаўчага музея “Падарожжа да вытокаў”, а заадно паслухаць аповед дырэктара Сяргея Дзямідава аб прадстаўленых экспанатах.
У чытальнай зале па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа ладзілася свята паэзіі “Вобразы мілыя роднага краю”. Тут вершы межаваліся з песнямі на словы народных песняроў. Самадзейныя артысты падрыхтавалі ўрывак з несмяротнай купалаўскай “Паўлінкі”. Мне спадабаўся Сцяпан Крыніцкі ў выкананні Вячаслава Фядотава.
Бібліякафэ “У Лявоніхі” запрашала на чай, віктарыны ды гульні. Не забыліся арганізатары свята і пра матуляў з дзецьмі: для іх працавала пляцоўка для гульняў “Маленькая краіна”.
Адна з арганізатараў і натхняльнік гэтых незвычайных імпрэзаў, дырэктар Жабінкаўскай ЦБС Ірына Ганчар падзякавала за дапамогу спонсара — “Белінвестбанк” у асобе кіраўніка Р.М.Грышко, а затым адзначыла Святлану Прадзялюк і Ірыну Бялавенцаву. Мастачкі сталі аўтарамі лепшых эскізаў лагатыпаў для цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. За тое атрымалі ў падарунак падпіску на “Сельскую праўду”.
… Даўно апусцілася на зямлю ноч, а ў бібліятэцы ярка свяціліся вокны. Такія мерапрыемствы дапамагаюць прыўзняцца над няпростымі буднямі. Пра што госці свята зрабілі запісы і ў кнізе водгукаў і пажаданняў.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымках: “Нясумная ноч у бібліятэцы” цалкам адпавядала назве.
Фота Андрэя Шыманскага.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top