“Прыляцела галубка…”

“Прыляцела галубка…”


У адных жыццёвы шлях роўны, што тыя сцяжочкі ў руках майстрыхі. У 85-гадовай Надзеі Сцяпанаўны Лашкевіч ён пакручысты: у Жабінку патрапіла 65 гадоў таму з Жабіна, але… праз Урал.
Вайна пазбавіла юнацтва
Аднойчы ўнучак Дзіма папрасіў:
— Бабулечка, раскажы, як ты ваявала, — і неяк увесь патух, калі даведаўся, што ўсю вайну Надзея Сцяпанаўна не ваявала, а працавала…
Так, нялёгка цяперашняму пакаленню ўсвядоміць: у саракавыя-ракавыя перамога кавалася не толькі на перадавой. Сваімі рукамі яе набліжалі і ў глыбокім тыле жанчыны, старыя, нават дзеці Дзімкавага ўзросту. Ці прыйшоў бы той святочны дзень, расквечаны салютамі, без іх дапамогі?
… У летні спякотны дзень сорак першага ў вёску Жабін, што прытулілася ля Кармы Гомельскай вобласці, прыляцелі паперы-позвы з ваенкамата. Ад кожнай сям’і “ўсяго на некалькі сутак” трэба вылучыць аднаго працаўніка. Тата Сцяпан Іосіфавіч сур’ёзна хварэў. На старэйшых дзецях трымаліся і шматдзетная сям’я, і хата з гаспадаркаю. Малодшыя яшчэ непрацаздольныя. А Надзея — у “залатой сярэдзінцы”: невялікага расточку, быццам зусім яшчэ дзіця ў свае пятнаццаць. Таму маці Таццяна Емяльянаўна разважыла так:
— Ідзі, Надзейка, у Карму. Ты яшчэ зусім малая, хваравітая — нікуды цябе не забяруць.
Аднак памылілася матуля. Праз дзень-другі ў цесным драўляным вагоне Надзя, прыслухоўваючыся да грукату колаў, міжволі гадала, што чакае яе ў будучыні.
Дваццаць сутак у дарозе — у невядомасць. Мільгалі незнаёмыя прыпынкі, амаль нябачныя праз маленькае акенца. Яе прыпынак быў у сямідзесяці кіламетрах ад Чалябінска. Назва яму  Усць-Катаўе, цясніна, закутая, бы яміна, між высокіх гор. Сюды эвакуіравалі Бранскі вагонабудаўнічы завод, дзе цяпер выпускалася выключна зброя. Маленькая, кволая, як быліначка, Надзея, што ледзь-ледзь дацягвалася да станка, стала токарам. І ўжо праз два месяцы — пасля хуткаснага навучання тачыла міны, снарады, кулі. “Усё для фронту, усё для Перамогі!” — як казалі тады.
Згадвае Надзея Сцяпанаўна, праз сілу стрымліваючы слёзы:
— Працавалі паводле прынцыпу: “Не магу — але трэба!”. У сне часам прыходзіць карціна, як ад стомы, голаду, недасыпання ледзь не валілася з ног. Часам пад такарны разец або малаток траплялі пальцы, тады ачуньвала ад болю — і зноў, бы ў вір з галавою, — у працу. Не курыла, ды заўсёды мела ў кішэні махорку. Калі станавілася зусім невыносна — сыпанеш прыгаршчы ў вочы, і новы боль вымушае прачнуцца. Усё адольвалі, бо верылі ў мудрасць кіраўніцтва і хуткую Перамогу. Так хацелася дажыць да яе, што выносілі любы боль, цяжар, пакуты.
Яна  было ведала адн: тваіх руках нараджаецца грозная зброя, якая неўзабаве будзе біць-крушыць ненавіснага ворага. Здаралася, зменшчык захварэе, і ты зноў і зноў — па дзве-тры змены ля станка, да якога быццам прырастаеш.
Ліхалецце навучыла яе жыць па-даросламу. І зараз, праз доўгія гады, не ведае жанчына, адкуль браліся тады сілы. Відаць, сам Бог даваў людзям бясконцае цярпенне і мужнасць да ўсяго, што прыносіла вайна.
Бульбінка — адна на ўсіх
Мінуў год пасля вайны. Сцяпанаўну (хоць і не было ёй яшчэ і дваццаці, але працавітую дзяўчыну паважліва звалі імем па бацьку) выклікалі да дырэктара завода.
— Вырашылі цябе, Сцяпанаўна, прэміраваць на два тыдні водпускам. Едзь дадому, у сваю Беларусь… толькі, вось што: назад не спазняйся…
Што за шчасце! Раней і выхадных не бачыла, а тут — водпуск! На цэлыя два тыдні… І першая думка: “Вярнуся — хлеба на гады наемся!”
Але на станцыі ў Чалябінску людзей — не прапіхнуцца: у тамбурах, проста на дахах вагонаў — кожны, як мог, ціснуўся ў цяплушкі — толькі б ехаць. Дні адпускныя ляцелі, а Надзейка ўсё не магла выехаць. У адчаі адшукала правадніцу, якая згадзілася дапамагчы.
… Край уральскіх гор змянілі родныя нізінныя краявіды. Вось і родныя жабы вакол Жабіна “заспявалі”. Сэрца зашчаміла ад сустрэчы, а яшчэ — ад галечы-беднасці ды плачу матулі, што з парога замест радасці заенчыла:
— Ой, дзетачка, што ж ты нарабіла? Мо каго забіла? Па цябе ўжо двойчы міліцыя прыходзіла.
Селі вячэраць. Маці прыгатавала ў бляшанцы з-пад нямецкіх кансерваў бульбінку — адну на ўсіх!
Зноў згадвае жанчына:
— Матуля мне, як дарагой госцейцы, падсунула тую бульбіну, а я есці не магу: зірнула, як у меншых слінкі пацяклі, адсунула ад сябе талерку… Вось і наелася… на ўсё-о-о жыццё. “Прыляцела дамоў лябёдка, а ў хаце голая зямля ды трава-лебяда…” А неўзабаве па мяне зноў прыйшлі міліцыянеры.
— Грамадзянка Лашкевіч, вы збеглі з завода і пададзены ў вышук, крымінальная справа ўжо ў пракуратуры. Мы павінны цябе арыштаваць.
Я вушам сваім не паверыла:
— Вайна ж скончылася…
І пачула катэгарычнае ў адказ:
— Скончылася, але законы ваеннага часу не адмененыя, асабліва для тых, хто працуе на сакрэтных прадпрыемствах.
Пад канвоем вярнулася на Урал. Ад яго да Сібіры — рукой падаць… Але добрыя людзі ў судзе заступіліся, хадайнічалі завадчане за сваю працаўніцу, узялі на парукі, каб не трапіла ў “яжовыя” рукі.
Ад Жабіна да Жабінкі — дарога ў адзін бок
Быў 1947-ы. Выйшла ад ўрада палёгка — дазволілі Надзеі і тысячам працаўнікоў тылу вярнуцца на радзіму. Каб не быць абузай для сям’і, паехала ў Гомель да сваякоў. Суткі хадзіла паміж руінамі, ды не знаходзіла іхняй  вуліцы, дома. Вакол толькі завалы бітай цэглы, абпаленыя дрэвы, агромністыя варонкі… Дапамагчы Надзі ўзяўся родзіч Канстанцін Піліпавіч Казакоў. З восені сорак чацвёртага ён быў першым рэдактарам жабінкаўскай раёнкі, якая звалася тады “Ленинский путь”. Калі прапанаваў:
— Пераязджай да мяне ў Жабінку, — вуху дзяўчыны з Жабіна адразу пачулася нешта блізкае.
Пасляваенная Жабінка сустрэла знаёмымі “спевамі”: ад станцыі, што сіратліва стаяла на невялічкай пляцоўцы, зарослай здзічэлым кустоўем, да Здзітава цягнуліся непралазныя балаты. Найвышэйшым будынкам быў касцёл (сёння у ім раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр). Яго Надзея ахрысціла “скрыпучым”: у драўляным і трухлявым будынку, што трымцеў-рыпеў, калі рухаліся цягнікі, праходзілі ўсе партыйныя і савецкія пасяджэнні.
На новым месцы Надзея ўладкавалася наборшчыцай у друкарню. Наклад газеты — усяго некалькі соцень экзэмпляраў, што выходзілі без строгай паслядоўнасці.
Надзея Сцяпанаўна ўспамінае:
— Тады раёнка ніколі не выходзіла ў час: ёсць журналісцкія матэрыялы — няма святла, друкавалі пад газніцу або рукамі круцілі генератар, каб была электрычнасць. Рэдакцыя месцілася ў палавіне прыватнай хаты. Усё набіралася ўручную, нават паперу нарэзвалі самастойна. Адразу пасля вайны галоўнай тэмай стала асвятленне мірнай працы, расказвалі пра стварэнне на Жабінкаўшчыне калгасаў, станаўленне вытворчасці. Ад працы на Урале ў мяне былі скалечаныя пальцы, друкарская фарба іх раз’ядала, таму праз колькі гадоў перайшла на працу ў Палітаддзел МТС, а потым у райкам партыі і райвыканкам.
Гэта была не “кабінетная” праца. Па-ранейшаму дзяўчына не ведала межаў часу. Ад заранкаў да цемені — на палях — у дапамогу хлебаробам, а калі ўзыходзіў месяц з зоркамі — на пасяджэннях, дзе падводзіліся дзённыя вынікі і ставіліся новыя задачы… Гэтак — у коле жыццёвых клопатаў праляцела жыццё…
Цяпер, на жаль, часцей лічацца страты. Чатыры гады таму вырашыла Надзея Сцяпанаўна адправіцца з Жабінкі ў Жабін — на сустрэчу з юнацтвам, з роднай вёскай… Але сустрэча тая не адбылася. Ад вёскі той — і следу не засталося на зямлі… Згадваўся Жабін з ХVII стагоддзя, а ў ХХІ-ым ужо няма яго… У кніжках пішуць: сто гадоў таму буяла вёска жыццём-квеценню, мела 111 двароў, дзе жылі 315 чалавек. А зараз — паслячарнобыльская цішыня, ды тонкая белая бярозка, пасаджаная бацькам, падрасла за гады ды нешта тужліва-прыемнае нашэптвала сваёй зялёнай кронай.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Ганна Пракопаўна Давыдоўская і Надзея Сцяпанаўня Лашкевіч.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top