510-годдзе храма і ласкі божай

510-годдзе храма і ласкі божай


Шматвекавыя дубы — сведкі гісторыі Свята-Мікітаўскага храма ў Здзітаве. Восеньскай парой яны засцілаюць зямлю лістамі і жалудамі. Ранкам 28 верасня, калі святкаваліся 510-ыя ўгодкі царкоўнага храма, міжволі падумалася: “Вера для чалавека — велічэзнае дрэва, а кожны з нас перад тварам вечнага быцця — не больш за жолуд”.
Вытокі храма ў далёкім 1502 годзе, калі шляхціц Іван Мікітавіч Гурын атрымаў Здзітава з наваколлямі ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога.
Надзелы Іван прыдбаў за бацькавы заслугі: Мікіта Гурын вызначыўся перад гаспадаром на вайсковай службе. Сын з удзячнасцю не толькі прыняў спадчыну, але і памножыў: пабудаваў царкву, названую ў гонар вялікамучаніка Мікіты, нябеснага заступніка бацькі. Шмат у Беларусі храмаў, але Свята-Мікітаўскі толькі ў нашым Здзітаве. Напрыканцы ХVI стагоддзя ён стаў уніяцкім, бо быў у валоданні епіскапа Іпація Пацея — стваральніка Брэсцкай царкоўнай уніі. Найстарэйшая драўляная царква Брэстчыны была вернута праваслаўным у 1839 годзе і да сённяшняга дня ў ёй праходзяць богаслужэнні. Не аднойчы рамантавалася, але захавала выразныя рысы  першапачатковага будынка, “драўлянай казкі Палесся”, як гавораць навукоўцы. У ХІХ стагоддзі побач была ўсталявана званіца, якая сваімі званамі ў пятніцу прынесла добрую вестку: на юбілейнае свята завітаў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.
Зноў, як і сотні гадоў таму, у Здзітаве святкуецца дзень Святога Мікіты. Па дарожцы, усланай жывымі кветкамі, прайшоў ўладыка Іаан. Ён узначальваў святочную літургію, у якой удзельнічалі 14 святароў (у тым ліку настаяцелі цэркваў, размешчаных у межах нашага раёна) пад кіраўніцтвам Уладзіміра Карнелюка — жабінкаўскага благачыннага, настаяцеля Уваскрасенскага сабора ў Кобрыне.
Пасля хлебасольнай сустрэчы настаяцель Свята-Мікітаўскага храма протаіерэй  Стэфан Гапанюк выказаў падзяку ўладыку, падзяліўся радасцю ад праваслаўнага свята, на якое прыпадае юбілей Здзітаўскай царквы.
Маленькі храм напоўніўся святарамі і вернікамі. Жабінкаўцы прыйшлі, каб пад час прастольнага свята згадаць сваіх родных, блізкіх, памаліцца за іх здароўе, прайсці крыжовай дарогай вакол храма, узяць асвечанай вады, паставіць свечы за жывых і памерлых.
Храм пражыў стагоддзі дзякуючы людской веры і іх дапамозе, а таму значная група вернікаў уганаравана пад час службы за тое, што рупіліся, каб старажытная царква заставалася адным з сімвалаў духоўнасці на  Жабінкаўшчыне. Настаяцель з рук епіскапа атрымаў абраз Божай Маці, які ўпрыгожыць Свята-Мікітаўскую царкву, дзе больш за пяць стагоддзяў ярка гарыць святло веры.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: царкоўныя ўрачыстасці з нагоды 510-годдзя Свята-Мікітаўскай царквы ў в.Здзітава.
Фота Ірыны Жук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*