Выяўлены факты генацыду

Генеральная пракуратура краіны ў красавіку ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.
У аснове прынятага рашэння — звесткі пра гібель мільёнаў беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў ад рук нямецкіх акупантаў і іх памагатых. Генпракуратура імкнецца даследаваць не толькі факты генацыду, але выявіць асобы злачынцаў, што пазбеглі адказнасці за забойствы мірных жыхароў, здзекі і катаванні ў канцлагерах і гета, масавы вываз грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства.
З удзелам пракурорскіх работнікаў нашага раёна было выяўлена, што на тэрыторыі Жабінкаўшчыны (паблізу былога спіртзавода “Ацячызна”, сённяшні аграгарадок Ленінскі) у кастрычніку 1942 года паводле паказанняў сведкаў адбываліся масавыя расстрэлы. Сведкамі выступаюць колішнія жыхары Ленінскага сельсавета. Інфармацыя з іх слоў запісана былой настаўніцай Ленінскай сярэдняй школы Валянцінай Камовіч, якая пацвярджае дадзеныя абставіны.
Пра тое, што падзеі адбываліся менавіта ў 1942 годзе, сведчаць таксама выпіскі з “Журнала баявых дзеянняў 310-га паліцэйскага батальёна” (пазней 3-і батальён 15-га паліцэйскага палка), прадастаўленыя гісторыкам Анатолем Бензеруком, які займаецца вывучэннем дадзеных падзей.
Так, у “Журнале…” пададзена, што 19 кастрычніка 1942 года “ў дзяржаўным маёнтку Ацячызна, паблізу дарогі Брэст — Кобрын, расстраляна 5 яўрэяў”. А 21 кастрычніка ў працоўным лагеры каля той самай дарогі “10-я рота расстраляла 461 яўрэя”.
Афіцыйная інфармацыя аб перазахаванні расстраляных грамадзян з Ацячызны ў іншае месца адсутнічае.
У сувязі з вышэй адзначаным 2 верасня гэтага года 52-і спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны краіны з удзелам пракурора раёна агледзеў участак тэрыторыі былога спіртзавода, дзе было выяўлена мяркуемае месца расстрэлу і адшуканы сорак фрагментаў гільз ад агнястрэльнай стралковай зброі.
Пошукі на месцы няўлічанага пахавання будуць працягвацца.
Алег ЦЫГАНОЎ, пракурор Жабінкаўскага раёна

Ад рэдакцыі
На сённяшні дзень, паводле дадзеных Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці (фонд 835, вопіс 1, справа 1а, аркуш 62), вядомы імёны сямі асоб, расстраляных у Ацячызне. Гэта сям’я Вінаградаў: Сімха Шаевіч (1900-1942), яго жонка Хана (1902-1942), іх дзеці Шая Сімхавіч (1927-1942), Рубім Сімхавіч (1928-1942), Хайка Сімхаўна (1933-1942), а таксама Сера Сегель (1860-1942) і яе дачка Рыўка (1878-1942).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.