Іх “залатая восень” напоўнена мудрасцю

Іх “залатая восень” напоўнена мудрасцю


1 кастрычніка сусветная грамадскасць адзначае Дзень пажылых людзей. Гэта даніна павагі і векавая традыцыя народаў усіх краін да тых, хто дасягнуў састарэлага ўзросту.
Сёння на Жабінкаўшчыне жывуць больш чым 5 тысяч пажылых людзей, у тым ліку 458 адзінокіх. 90-годдзе з дня свайго нараджэння адзначылі ўжо 30 чалавек. 95-гадовых і старэй у нас 7, 100-гадовых — 4 чалавекі. Ульяне Піліпаўне Смалюк з Жабінкі споўнілася 103 гады, а Марыі Іванаўне Шаўчук з Ліскаў Азяцкага сельскага Савета ў кастрычніку будзе 101 год.
Пажылым жабінкаўцам супрацоўнікі цэнтра прапаноўваюць наступныя сацыяльныя паслугі: абслугоўванне дома, аказанне гуманітарнай дапамогі, платныя разавыя сацыяльна-бытавыя па нізкіх цэнах, “сацыяльнае таксі”, псіхалагічная дапамога. Словам, дапамагаюць адаптавацца ў цяжкой жыццёвай сітуацыі. У цэнтры працуе пункт пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі. Напрыклад, цяпер тут ёсць апорныя каляскі, мыліцы для падлеткаў, рэгулюемые хадункі і інш.
Рознымі відамі сацыяльнай падтрымкі карыстаюцца 1560 людзей шаноўнага ўзросту. Матэрыяльную дапамогу са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва атрымалі 160 чалавек, дзяржаўную адрасную сацыяльную — 65, гуманітарную рэчавую — 36, выдадзены тэхнічныя сродкі рэабілітацыі — 17, скарысталіся паслугай “сацыяльнае таксі” — 81. У выніку сёлетняга абследавання матэрыяльна-бытавых умоў жыцця ветэранаў вайны, адзінокіх, якое праведзена сумесна з сельвыканкамамі, на абслугоўванне дома прынята 58 чалавек.
У жыцці бываюць сітуацыі, калі чалавеку цяжка абысціся без дапамогі іншых. Натуральны жыццёвы працэс нельга спыніць. Надыходзіць такая пара калі да нас падкрадваюцца хваробы, што забіраюць сілы і радасць самога жыцця. Гэта старасць. Вельмі важна каб у такі цяжкі жыццёвы перыяд былі блізкія людзі, якія падставяць сваё плячо. Надомным абслугоўваннем ахоплена 50 населенных пунктаў з 99. Цеплыня і чалавечнасць, душэўнасць і клапатлівасць, увага і міласэрнасць — асноўныя крытэрыі нашых сацыяльных работнікаў. Іх увагай атулена 240 пажылых людзей. Да іх яны прыходзяць сістэматычна, каб дапамагчы ў бытавых справах. Чулымі адносінамі, міласэрнасцю і спачуваннем падтрымліваюць у цяжкую хвіліну, чым дапамагаюць жыць, пераносіць усе цяжкасці быту састарэлым Алена Фёдараўна Макасюк, Алена Уладзіміраўна Іванюковіч, Алена Аляксандраўна Мацвяюк, Алена Аляксандраўна Яльчык, Лідзія Карнілаўна Данілік, Галіна Мікалаеўна Ундзярук і інш. Сацыяльныя работнікі купляюць і дастаўляюць прадукты харчавання, прамысловыя тавары; дапамагаюць у нарыхтоўцы гародніны на зіму; афармляюць заказы на паліва і топяць у печах; наводяць парадак у жылых памяшканнях; аплачваюць камунальныя паслугі і інш. Асаблівая ўвага надаецца падтрымцы ветэранаў вайны. Усе адзінокія інваліды, удзельнікі вайны і тылу паводле рашэння райвыканкама абслугоўваюцца бясплатна. Кожны год ім і ўсім пажылым людзям, што абслугоўваюцца дома мы дастаўляем гародніну на зіму.
Цяпер на базе цэнтра рэалізуецца праект “Сувязная нітка пакаленняў”, які накіраваны  на павышэнне адукацыі пажылых непасрэдна ў дыялогу з моладдзю. У рамках праекта ўжо прведзены такія мерапрыемствы як “Бібліятэка часу”, “Рукі дабрыні”, “Віртуальныя зносіны”. У праекце задзейнічана больш чым 100 чалавек. Пачаў працаваць камп’ютарны клас, дзе маладыя навучаюць пажылых камп’ютарнай пісьменнасці. На базе Азяцкага сельскага Савета дзейнічае школа рэлігіі, дзе маладыя вернікі навучаюць духоўнай культуры пажылых. Арганізуюцца паездкі па гістарычных мясцінах Жабінкаўшчыны.
Плённа ў цэнтры працуе клуб людзей шаноўнага ўзросту “Мае гады — маё багацце”, сябрамі якога з’яўляюцца 44 чалавекі, гурток мастацкай самадзейнасці “Тонус” наведваюць 30.
У жыцці кожнага з нас, як і ў прыролзе, ёсць чатыры пары года: зіма — беласнежнае дзяцінства, вясна — гаварлівае юнацтва, лета — буйны росквіт сіл, залатая восень — багацце і мудрасць. Дык няхай ваша жыццёвая “залатая восень” — дарыць усім вам мудрасць душы, багацце жыццёвага вопыту і нясгасную цеплыню вашых сэрцаў.
Раіса МЫШКАВЕЦ, дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.  

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top