Кветкі шчасця на вуліцы Кветкавай

Кветкі шчасця на вуліцы Кветкавай


Якімі словамі можна перадаць паняцце “маладая сям’я”? Гэта каханне, амбіцыёзнасць, мэтанакіраванасць, а таксама свежыя ідэі і імкненні, працавітасць і напорыстасць і нежаданне спыняюцца перад перашкодамі. Галоўны “козыр” такой сям’і — пачуцці, якія грунтуюцца на ўзаемапаразуменні, пяшчоце і непахіснай веры.
Сям’я Аксаны і Вячаслава Шамайлаў з Ракітніцы ўсім даказала, што, калі галоўным спадарожнікам у жыцці з’яўляецца каханне, разам можна адолець любыя вяршыні. Сёлета гэтая сям’я абараняла гонар раёна на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла-2012” і заняла другое 2 месца, а падвор’е Аксаны і Вячаслава ўвогуле было прызнана лепшым.
Ці верыце вы ў каханне з першага позірку? А ў пачуцці на адлегласці? А вось Вячаслаў і Аксана на сваім прыкладзе ведаюць, што гэтае каханне самае моцнае і надзейнае. Аксана жыла ў вёсцы Жырычы, на Украіне, а Слава зрэдку  прыязджаў у тую ж вёску да сваякоў. На дыскатэцы іх вочы сустрэліся, і ў душы запаліўся агеньчык. Іх “каханне на дзве краіны” працягвалася чатыры гады. Але што такое кіламетры, калі сэрца поўнае  пачуццяў? Згулялі вяселле маладыя ў 2004 годзе, а праз год на свет нарадзіўся сын Максім. А за ім і Ягор, які маладзей за свайго брата ўсяго на год. Хлапчукам весела разам. А яшчэ ёсць у сям’і маленькая дачушка— Настачка, якой няма і двух годзікаў.
Маладая сям’я жыве ў згодзе. Пра яе ў вёсцы гавораць толькі добрыя словы. Вячаслаў, які нарадзіўся на Жабінкаўшчыне, любіць родную зямлю, працуе ў гаспадарцы галоўным інжынерам. Аксана займаецца самай што ні ёсць жаночай справай. Яшчэ з дзяцінства вельмі любіла дзяцей, расла ў вялікай сям’і, дзе выгадавалася шасцёра малых. Таму атмасфера дзіцячага садзіка заўсёды панавала ў іх доме. Вось і прафесію, яна выбрала сабе адпаведную гэтай атмасферы — пайшла працаваць у дзіцячы сад памочнікам выхавальніка. Цяпер у яе свой дзіцячы сад. Спраў хапае: вялікую сям’ю трэба накарміць, кожнага атуліць цеплынёй сваёй любові і пяшчоты, ды і гаспадарку дагледзець, у якой трое свіней ды 25 “бройлераў”. Раней трымалі Шамайлы яшчэ і трусаў. Маленькія памочнікі добра ведаюць, як трэба карміць жывёлу, а маленькая Настачка з птушкамі гуляе ў “даганялкі” і гэтым весяліць усю сям’ю.
Зразумела, маладой сям’і трэба было сваё жыллё. На будаўніцтва дома вырашылі ўзяць крэдыт.
— Узводзіць свой “дах” на галавой — турботныя, але прыемныя клопаты, тым больш, што мы ўсё рабілі сваімі рукамі. Цаглінка да цаглінкі будавалі сваё шчасце. Вядома дапамагалі бацькі. За гэта ім нізкі паклон, — адзначае Аксана Шамайла. — У выніку ў нас атрымалася ўтульнае гняздзечка. Усімі ўнутранымі работамі займаўся Слава. Ён зрабіў і прыгожую альтанку, дзе мы любім адпачываць, у выхадныя і святы смажым шашлыкі. А зараз наш тата будуе лазню.
Жывуць Шамайлы на вуліцы Кветкавай. Назва яе адпавядае захапленню гаспадыні дома. Яе любімыя кветкі — настуркі і ружы. Але жанчына ўпэўнена: непрыгожых кветак не бывае. Таму двор сям’і Шамайлаў заўсёды радуе вока прахожых разнаквеццем, чысцінёй, парадкам, эстэтычнасцю.
— Слава шмат працуе. Работа ў яго адказная. Таму кожны дзень з работы вяртаецца позна. Але ж мы імкнемся знайсці час, каб пабыць усе разам. Ездзім на рыбалку, ходзім па грыбы, з маленства прывучаем дзяцей да працы,— гаворыць Аксана.
…Вы заўважалі, чым адрозніваюцца ад астатніх шчаслівыя і закаханыя людзі? Іх вочы свецяцца, быццам ліхтарыкі, асвятляюць шлях сваёй другой палавінцы. Сям’я Шамайлаў таму добры прыклад!
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top