ВУЛІЦА 17 ВЕРАСНЯ: якое свята адзначаем?

ВУЛІЦА 17 ВЕРАСНЯ: якое свята адзначаем?

Напярэдадні Дня народнага адзінства, які з сёлетняга года будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні 17 верасня, завітала на аднайменную жабінкаўскую вуліцу, і пацікавілася ў яе жыхароў, ці ведаюць яны, у гонар якіх падзей атрымала сваю назву вуліца ля самай чыгункі, і як яны адносяцца да свята, якое наша краіна будзе адзначаць у пятніцу.
Галіна ІВАНОВА:
— Мы пераехалі з Брэста ў Жабінку і купілі дом на вуліцы 17 Верасня сем гадоў таму. Вуліца ўтульная, суседзі цудоўныя, добрыя людзі.
Пра тое, што ў Беларусі 17 верасня будзе святкавацца Дзень народнага адзінства, даведалася са СМІ. Лічу гэта выдатнай ідэяй, таму што ў аснове ляжыць вялікая гістарычная падзея — аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі.
Мікалай ГАРКАЛЮК:
— Мы рады, што ў календары з’явілася такое свята. Адзначаць Дзень народнага адзінства — важнае і правільнае рашэнне. Для любой краіны неабходны згуртаванне, еднасць народа, а грамадзянам павінен быць уласцівы патрыятызм, павага да дзяржаўнай сімволікі.
Надзея ЦАЛЬ:
— Я нарадзілася ў далёкім 1932-м і вось ужо 70 год жыву на вуліцы 17 Верасня ў Жабінцы. Як жылося пры Польшчы? Зямлі было мала, але наша вялікая сям’я: дзед, бацька, маці і трое дзяцей — трымала карову, каня, свіней, курэй. Галодныя і босыя не былі, бо шмат працавалі ад старога да малога. А зараз многія маладыя людзі, лічу, трохі разбэшчаныя, рупіцца не хочуць, толькі мараць пра высокія заробкі. Паглядзіце: у крамах усё ёсць, адно працуй, каб было за што купіць.
Мы з мужам Васілём (царства яму нябеснае) Вялікую Айчынную перажылі, голад, разбурэнне. Шчыравалі, адбудоўваліся, не скардзіліся. А за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі незалежная Беларусь шмат чаго дасягнула, расквітнела. Таму падтрымліваю і кіраўніка нашай дзяржавы, і яго ўказ пра Дзень адзінства.
Ларыса ЛІТВІНОВІЧ:
— Так атрымалася, што менавіта сёлета прыдбалі дачны домік на вуліцы 17 Верасня ў Жабінцы, а самі мы з Брэста. Нам з мужам Яўгенам і дзецьмі Андрэем і Міхаілам падабаецца знаходзіцца на свежым паветры ўдалечыні ад спакуслівых магазінаў і тлуму. Сыны прывучаюцца да працы, вітамінізуюцца садавінай і гароднінай.
Што тычыцца свята, якое набліжаецца, то мы, беларусы, павінны захаваць сваё адзінства, традыцыі, культуру і гістарычную памяць. Мой муж шмат піша пра гэта як гісторык і карэспандэнт абласной газеты “Зара”. У адной з апошніх публікацый Яўген расказвае, як камуністы змагаліся з польскай акупацыяй Заходняй Беларусі.
І тое, што ўвосень 1939-га Чырвоную Армію тут, на “крэсах усходніх”, мясцовыя жыхары сустракалі са шчырай непадробнай радасцю і кветкамі ў руках — у літаральным сэнсе слова як вызваліцельніцу, а не ворага, — шмат у чым заслуга праведзенай у масах работы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Бо практычна з самага пачатку яна канцэнтравала ўсе свае намаганні на тым, каб жыхары заходнебеларускіх земляў успрымалі СССР як саюз, у якім адзінай аб’яднанай Беларусі будзе забяспечана дзяржаўнасць на роўных з іншымі рэспублікамі правах.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top