Сёння — Дзень бібліятэк

З матчынай душой і родным словам

Напярэдадні свята завіталі ў дзіцячую бібліятэку, каб пабываць у яе этнаграфічным пакоі “Хата з матчынай душою”, які так любяць маленькія чытачы.
Цікава і ўтульна
— У этнаграфiчным пакоi мы пастараліся стварыць iнтэр’ер традыцыйнай сялянскай хаты, — праводзіць экскурсію намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга
Гурыш. — Усе нашы ідэі ўвасо-біла мастак-афарміцель Ірына Кацуба. Экспанаты збіралі разам: у цікавай і адказнай справе ўдзельнічалі як бібліятэкары, так і чытачы з бацькамі. Вось тут калаўрот, куфар, ложак, маслабойкі, гліняны посуд, ручнікі… Усё гэта адшукалі не толькі на Жабінкаўшчыне, але і ў самых розных куточках Беларусі. Напрыклад, я прывезла бабуліны рэчы з вёскі Сялец Бярозаўскага раёна. Актыўна далучыліся да творчай справы мае калегі Таццяна Прадзялюк і Ніна Гарустовіч. Атрымалася сапраўдная хата, якая дапамагае дзеткам уявіць, як жылі і чым займаліся нашы продкі.
У бібліятэку якраз завіталі чытачы: дзевяцікласніца Марыя
Кожун з трэцяй школы і пяці-класнік Аляксей Радкевіч з першай гарадской. Яны тут частыя госці, таму з веданнем справы накіраваліся ў этнаграфічны пакой. Бібліятэкары робяць усё для таго, каб хлопчыкам і дзяўчынкам было цікава і ўтульна. Тут можна пачуць беларускую казку, гiсторыю пра старадаўнія рэчы, паўдзельнічаць у народнай гульні і, канечне, бліжэй пазнаёмiцца з традыцыямi беларускага народа. У “Кошыку весялосцi”, які ёсць у пакоі, сабраны казкi, легенды, паданнi для маленькіх чытачоў. Вольга Гурыш выбрала адну з кніг і пачала чытаць услых, а госці акружылі яе і ўважліва слухалі.
Што гавораць дзеці?
Маша Кожун адчувае сябе ў бібліятэцы як рыба ў вадзе — яна тут першы памочнік. Не толькі любіць чытаць гісторыі пра сваіх аднагодкаў, але і з задавальненнем удзельнічае ва ўсіх праектах і ініцыятывах. Падтрымала і папулярны конкурс відэаработ “Букцьюбер — чытач. Прачытаў! Раю!”, дзе прэзентавала “Прыгоды дамавічкоў” Ягора Конева. Прызналася, што ўся справа не толькі ў любові да чытання. Маша марыць стаць бібліятэкарам — паступаць можна ўжо ў канцы навучальнага года.
Лёша Радкевіч з цеплынёй кажа пра сваю першую настаўніцу Алену Пракапчук, з якой нядаўна развітаўся, таму што перайшоў у пяты клас. Яна прывівала любоў да чытання, знаёміла з рознымі творамі і дапамагала ісці па цікавай дарозе творчасці. Сваімі любімымі аўтарамі Алёша называе Аляксандра Пушкіна і Янку Купалу.
— Нам вельмі падабаюцца тэматычныя беларускамоўныя заняткі “Культура i побыт нашых продкаў”, “Не проста ў словы я гуляю, на роднай мове размаўляю!”, “Народныя святы i абрады беларусаў”, “Беларускiя прысмакi”, якія праводзяцца ў бібліятэцы, — расказваюць чытачы. — Мы знаёмімся з прадметамi побыту, ix назвамi на роднай мове, прызначэннем і гісторыяй. Нават вучымся iмi карыстацца. Разам адгадваем загадкі, вучым прыказкі і прымаўкі, чытаем казкі ды іншыя творы беларускіх пісьменнікаў. Ужо шмат ведаем пра традыцыi, жыццё i побыт беларусаў, можам растлумачыць, адкуль пайшоў наш род і як жылі продкі. За цікавай размовай час ляціць непрыкметна!
Да каранёў праз чытанне
— Дзiцячая лiтаратура i фальклор займаюць асаблiвае, пачэснае месца ў духоўным, мастацкім і патрыятычным выхаванні дзяцей, — заўважае Вольга Гурыш. — Таму вельмi важна далучаць ix да роднага слова і прывіваць любоў да чытання. Напрыклад, паспяхова спрыяе гэтаму такая iндывiдуальная форма работы з чытачом, як чытаннi ўслых. У працэсе слухання лiтаратурных твораў у хлопчыкаў і дзяўчынак назiраецца асаблiвая цiкавасць да гучання мастацкага слова. Яны адчуваюць яго рытмічнасць, мiлагучнасць, заўважаюць i паўтараюць трапныя выразы, удалыя параўнаннi. А кнiга пры гэтым — найлепшы памочнiк: яскравыя малюнкi дапамагаюць “ажывіць” прачытанае. Таму магу смела сказаць, што этнаграфічны пакой “Хата з матчынай душою” стаў сэрцам нашай бібліятэкі. Ён дапамагае адразу ў двух накірунках: па-першае, у дзетак выхоўваецца любоў да чытання (што асабліва актуальна ў эпоху гаджэтаў), па-другое, маленькія чытачы вучацца разумець беларускую мову і бліжэй знаёмяцца з асаблівасцямі нашай культуры. Таму чакаем усіх жадаючых у госці, абяцаем: будзе цікава!
У сувязі з Днём бібліятэк гэты тыдзень зусім незвычайны. Для сваіх наведвальнікаў бібліятэкары падрыхтавалі насычаную праграму, дзе маленькія аматары чытання змогуць праявіць свае веды і здольнасці, а таксама паспрабуюць ператварыцца ў супрацоўнікаў бібліятэкі. Прыемны бонус — усіх чакаюць салодкія прызы. Завітайце ў бібліятэку!
Дар’я НІКАНЧУК
Фота аўтара
На здымку: Вольга ГУРЫШ чытае ўслых творы беларускіх аўтараў з наведвальнікамі Машай КОЖУН і Алёшам РАДКЕВІЧАМ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.