“Свой голас аддаю за годнага кандыдата”

“Свой голас аддаю за годнага кандыдата”

Жабінкаўскі-сельскі выбарчы ўчастак №49 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь знаходзіўся ў памяшканні кінатэатра “Юбілейны”. Акрамя частак вуліц Палявая і Каліноўскага райцэнтра, ён ахоплівае 940 выбаршчыкаў з вёсак Здзітава, Курпічы, Навасады, Нагараны, Пуцішча, Пшанаі, Рачкі, Салейкі, Сенькавічы, Сцяброва і Шчэглікі.
Нядзеля, 23 верасня, 12.30. Старшыня камісіі Наталля Іванаўна Ганчук канстатуе, што на ўчастку пераадолены 50-працэнтны рубеж яўкі, патрэбны для таго, каб прызнаць: выбары на ўчастку адбыліся. Актыўнасць праяўляюць вяскоўцы розных узростаў.
Першым у дзень выбараў, адразу пасля адкрыцця ўчастка №49, да выбарчай урны прыйшоў механік ААТ “Жабінкаўскі” Станіслаў Пятровіч Шамяцюк. Па старой завядзёнцы сувеніры атрымалі тыя, хто сёння ўпершыню выканаў свой грамадзянскі абавязак: 18-гадовы працаўнік сельгастэхнікі Андрэй Вашчук, сёстры Таццяна і Вікторыя Бакун.
Для зручнасці вяскоўцаў арганізаваны тры выязныя ўрны: у Здзітава, Сцяброва і Шчэглікі. У апошні населены пункт накіраваліся члены камісіі Ірына Кічкайла і Аляксандр Дземянюк. Яны таксама наведалі шэсць выбаршчыкаў, прыпісаных да Жабінкаўскага-сельскага ўчастка, што зараз знаходзяцца на лячэнні ў цэнтральнай раённай бальніцы.
Значная ўвага да выбараў з боку назіральнікаў, у тым ліку замежных. Днямі, калі ўжо поўным ходам ішло датэрміновае галасаванне, участак у кінатэатры “Юбілейны” наведалі прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі АБСЕ — грамадзянін Фінляндыі Пекка Мананен і амерыканка Шэйла Джэйкабс. Яны станоўча ацанілі працу камісіі ў перыяд папярэдняга галасавання (гэтым правам сёлета скарысталіся 208 грамадзянаў). Непасрэдна на ўчастку ў час правядзення выбараў знаходзіліся наглядальнікі ад айчынных грамадскіх аб’яднанняў М.Ф.Шчэрба, А.П.Грыгарчук, А.А.Акуліч, І.А.Сыч, Н.В.Крывецкая.
Размаўляем з Нінай Васільеўнай, якая ўжо не ў першы раз з’яўляецца назіральнікам ад “Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў”. Яна адзначае арганізаванасць і падрыхтаванасць членаў камісіі:
— Яны добра ведаюць сваіх выбаршчыкаў, аператыўна адгукаюцца на людскія просьбы, дапамагаюць грамадзянам (выключна ў рамках, акрэсленых законам) разабрацца ў тонкасцях выбарчага працэсу.
У гэтым можна было ўпэўніцца, калі падышла чарговая выбаршчыца — 80-гадовая жыхарка вёскі Курпічы Кацярына Макараўна Волк. Удзел у выбарах жанчына лічыць важнай справай, падкрэслівае, што сюды завітала адразу пасля царкоўнай службы, са спадзяваннем аддаць свой голас за годнага кандыдата, які будзе працаваць на карысць Жабінкаўшчыны. З гэтым згодныя Валянціна Лявонцьеўна Усцімчык з Нагаранаў, Мікалай Кузьміч Рапуноў з Курпічаў, іншыя выбаршчыкі, з кім давялося размаўляць.
Анатоль РОСТАЎ.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top