Па піцу ў “Гудок”

Па піцу ў “Гудок”

Каб сёння не проста заставацца на “плыву”, а паспяхова развіваць вытворчасць, трывала адчуваць сябе на рынку, не абыйсціся без інавацый. Сетка гандлёвых аб’ектаў, што займаюцца рэалізацыяй прадуктовых тавараў, а таксама разнастайнасць “кропак” грамадскага харчавання, здзіўляе колькасцю. Нават у нашым невялікім раёне вы зможаце налічыць не адзін дзясятак магазінаў розных формаў уласнасці. У прыродзе такая з’ява называецца — “натуральны адбор”, калі выжываюць мацнейшыя. У нашым выпадку — прадпрыемствы, якія прагрэсіўна глядзяць у будучыню і арганізоўваюць сваю дзейнасць, згодна з попытам сваіх пакупнікоў.
Укараняць самыя новыя распрацоўкі, вывучаць спажывецкія запатрабаванні і рабіць усё магчымае, каб абслугоўванне кліентаў адпавядала высокаму ўзроўню,— арыенцір дырэктара ААТ “Желдорсервис” Віталь Уладзіміравіч Такмакоў, пад кіраўніцтвам якога ў нашым раёне працуе два прадуктовыя магазіны і бар «Гудок». Працоўны стаж магазіна “На плошчы” — без трох гадоў 20. За гэты час шмат чаго змянілася: прыходзілі новыя прадаўцы, старэлі твары пастаянных пакупнікоў, новы знешні выгляд набыў і магазін. Напрыклад, да абласных “Дажынак” гандлёвая кропка ўвогуле стала непазнавальна прыгожай і зручнай для сваіх кліентаў. Закупілі новае тэхнічнае абсталяванне, якое адпавядае сучасным стандартам, зрабілі гандлёвую залу “самаабслугоўваемай”, усё гэта дазволіла пашырыць асартымент разнастайнай прадукцыяй. Запатрабаванай з’яўляецца і  кулінарная секцыя крамы, дзе прадстаўлена асабістая прадукцыя пякарні “Желдорсервиса”.
— Адно застаецца нязменным для нас — гэта пастаяннае ўдасканаленне якасці абслугоўвання, — адзначае дырэктар В. Такмакоў. — Наша галоўная задача, каб пакупнік выходзіў з магазіна з добрай пакупкай і прыемным настроем. Вось зараз мы займаемся распрацоўкай сістэмы скідак. Напрыклад, для людзей, якія наведваюць магазін з 8 да 10 гадзін, мы будзем прапаноўваць скідкі на прадукты ў 2 працэнты. Будуць паменшаны цэны для ветэранаў да дня Перамогі і яшчэ многа сюрпрызаў чакае жабінкаўцаў у гэтым годзе ў магазінах “Желдорсервиса”.
Усяго толькі некалькі тыдняў працуе ў магазіне “На плошчы” сістэма штрыхкадавання, спажыўцы ўжо зараз адзначаюць, што абслугоўванне значна паскорылася, чарга ў касе не затрымліваецца надоўга, а таксама на чэку ты бачыш, што набыў, за які кошт, у якой вазе і з якой скідкай. Кіраўніцтва магазіна ўпэўнена — дарагое абсталяванне хутка акупіцца і перш за ўсё падзякамі задаволеных пакупнікоў.
Падзяліўся дырэктар і навінкамі з бара “Гудок”. Раней ён быў добра вядомы жабінкаўцам смачнымі комплекснымі абедамі, якія прапануе ўстанова з 12 да 15 гадзін. Сёння бар “Гудок” пашырае асартымент паслуг і запрашае на піцу.
— Галоўнае ў прыгатаванні піцы — выкананне тэхналогіі. Мы набылі спецыяльную печ для гэтага, дзе яна выпякаецца на каменнай паверхні. Тэмпература не павінна перавышаць 180-200 градусаў, а тэрмін выпякання 20 хвілін. Для падачы яе кліенту выкарыстоўваецца спецыяльны драўляны паднос — усё ў традыцыях лепшых пецырый, — патлумачыла загадчыца адзела грамадскага харчавання ААТ “Желдорсервис” Таццяна Рулькевіч. — Мы самі распрацоўвалі рэцэптуру. Каб зрабіць піцу адначасова хрумсткай і далікатнай, гатуем яе на дражджавым слаёным цесце. І яшчэ адна дэталь — для піцы выкарыстоўваецца толькі сыр “Мацарэла” і прыправа “Арыгана”.
Два месяцы піца ў “Гудку” гатавалася ў тэставым рэжыме, гаспадары вывучалі попыт на яе, цікавіліся аб перавагах інгрэдыентаў у наведвальнікаў бара. У выніку ў меню ўстановы было ўключана 5 відаў піцы: “Арлекіна”, “Салямі”, “Рэтра”, “Капрыча” і з грыбамі. Цанавы дыяпазон у параўнанні з коштам у Брэсце і Кобрыне прыемна здзіўляе — набыць яе тут можна за 21-30 тысяч рублёў.
Бар “Гудок” не перастае здзіўляць сваіх кліентаў. Цяпер вы можаце патэлефанаваць па нумары 22-0-35 і аформіць заказ піцы. А праз 20 мінут смела прыходзьце за ёй. Аднак, як адзначаюць ў “Гудку” — гэта не мяжа магчымасцяў у забеспячэнні зручнасці для спажыўцоў паслуг бара. У будучым, калі піца будзе запатрабавана, бар стане арганізоўваць дастаўку яе дадому.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: Таццяна Рулькевіч прэзентуе асартымент; бар “Гудок” запрашае па піцу.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top