БРСМ — першы юбілей

БРСМ — першы юбілей

Раённая арганізацыя ГА “БРСМ” адзначыла першую юбілейную дату — 10-годдзе з дня свайго ўтварэння. Юбілей — свята аднадумцаў, таму ў гарадскі Дом культуры прыйшлі самыя верныя сябры арганізацыі, якая аб’ядноўвае маладых, пазітыўных і ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат.
Звычайным прахожым было незразумела, чаму ля ГДК сабралася моладзь і што там будзе адбывацца. Далёка не кожны ведаў пра БРСМаўскае свята. А вось на тварах тых, хто знаходзіўся тут, заўважалася зацікаўленасць і нецярплівасць.
Першай павіншавала маладых людзей з ГА “БРСМ” са святам намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк. Яна адзначыла, што моладзь — гэта самая мабільная, актыўная і інтэлектуальная частка грамадства і менавіта ад яе залежыць будучыня нашай краіны. Ала Сцяпанаўна пажадала сябрам моладзевага аб’яднання не спыняцца на дасягнутым і глядзець наперад з энтузіязмам.
Гучалі са сцэны і словы падзякі ўсім, хто прыйшоў на святочную сустрэчу. Выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Марыя Маісеенка, падкрэсліла, што 10 гадоў — гэта толькі пачатак, а наперадзе ў моладзевай арганізацыі яшчэ шмат цікавых праектаў і яркіх эмоцый. Пажадала яна юнакам і дзяўчатам ніколі не здавацца, верыць у сябе і не губляць той агонь, што зараз азарае сэрцы юных актывістаў.  Вечар умоўна можна падзяліць на дзве часткі. Першая — ўзнагароджванне актывістаў арганізацыі. Сярод самых адданых і мэтанакіраваных БРСМаўцаў былі вызначаны Міхаіл Шэвель, Юрый Бобрык,  Юрый Якубук, Андрэй Гінь, Юрый Вайтовіч, Святлана Снітко, Марыя Карацэвіч, Сяргей Макарук. Кожнаму з іх арганізатары прысвяцілі вершаваныя радкі, якія характарызавалі не толькі як членаў моладзевага саюза, але і падкрэслівалі лепшыя чалавечыя якасці. Ім былі ўручаны Ганаровыя граматы і падарункі.
Цікавасць у гледачоў выклікаў ролік з фотаздымкамі, якія адлюстроўвалі работу моладзі за 10 гадоў дзейнаці арганізацыі. У падарунак “юбіляршы” запальваючыя кампазіцыі выканаў Аляксандр Чарнушэч. Сімвалічнай для БРСМаўцаў стала фінальная песня “Заўсёды наперад”, якую моладзь праспявала разам. Да віншаванняў далучыліся і хлопцы з мясцовага рок-гурта “АбладА”, якая заўсёды падтрымлівае пачынанні моладзевай арганізацыі. Святочны канцэрт прайшоў на “ўра”. Ён стаў добрым дапаўненнем свята і яшчэ раз паказаў, што ў сучаснай моладзі свае захапленні, накірункі ў музыцы, погляды на моду і мастацтва, але нязменнай засталася павага да традыцый і актыўная жыццёвая пазіцыя.
Дар’я КНЯЗЕВА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top