Спляліся разам згода і каханне,прыгажосць і творчасць

Спляліся разам згода і каханне,прыгажосць і творчасць

Прыгажосць не можа пакінуць абыякавым любога. Каму здаралася ці яшчэ давядзецца праязджаць-праходзіць ля дома Анатоля і Алены Кірылюкоў заўважаць густ і эстэтычнасць іхняй сядзібы. Утульны дом з белай цэглы, карункавы плот, кветнікі, пладовыя і дэкаратыўныя дрэўцы. Усё тут зроблена, змайстравана, пафарбавана умелымі і руплівымі рукамі гаспадара і гаспадыні, якія амаль 40 гадоў разам.

Пазнаёміліся яны ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце: ён вучыўся на інжынера сельскагаспадарчага, яна рыхтавалася стаць будаўніком прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. Аднадумцы ў сваіх жаданнях, імкненнях, акуратысты па натуры (вакол дома ідэальны парадак), крочаць па жыцці ў ладзе і згодзе. Свае адносіны будуюць найперш на любові і даверы адно да другога. Яны мараць пра новыя кветкавыя кампазіцыі і зялёныя насаджэнні. Анатоль і Алена з натхненнем і энтузіязмам пра гэта расказвалі мне і перакананы, што ў іх усё атрымаецца.
Для сям’і Кірылюкоў двор па-свойму дарагі. Тут яны разам майстравалі летнюю кухню, гараж, хлеў, тэрасу з камінам, карысную для здароўя лазню з духмянай парай і басейн… Усё вакол дагледжана.
— Калі спяшаешся жыць, то спраў заўсёды знойдзецца шмат. Люблю, каб усё было прыгожа — і ў доме, і ў двары, — тлумачыць Алена.
Мне асабіста былі прыемныя гасціннасць і ветлівасць гаспадароў, іх жаданне пачаставаць разнасоламі са свайго сада-агарода. Сад радуе гасцей свежай зелянінай газонаў, разнастайнасцю дрэў, разнаквеццем клумбаў. На сядзібе ўтульна і прыгожа.
Алена адна з тых жанчын, прызванне якіх — быць жонкай і маці. І гэтага ёй цяпер дастаткова. Яна рана выйшла на заслужаны адпачынак (такое права атрымала за работу ў Ніжневартаўску). Заўсёды радая сустрэчы гасцей, асабліва дочкам Ірыне і Святлане, унуку Даніілу, роднай сястры Таццяне, якія жывуць у Маскве. Калі пра каго і гавораць “святло ў аконцы”, то гэта пра такіх людзей, як Алена. Перад імі адступаюць і холад, і адзінокасць, і нават бяда здаецца не такой страшнай.
Мне ніколі не даводзілася сустракаць чалавека, які быў бы надзелены такім глыбокім спачуваннем да людзей. У каго б не здарылася бяда, Алена працягне руку дапамогі: завязе хворую сяброўку ў бальніцу, дапаможа аднакласніцы перажыць самае цяжкае гора. Словам, заўсёды гатовая падставіць сваё кволае плячо. Ды што там плячо! Душу гатовая аддаць, толькі б стала лягчэй.
Пры сустрэчы любіць расказваць пра свае падарожжы і захапленні. Сёлетнім летам пабывала ў турыстычнай паездцы ў Германіі, Францыі, Швейцарыі, Іспаніі, любіць вышываць. Яе вышыванкі крыжыкам — гэта царства пейзажаў, нацюрмортаў, звяроў, добра знаёмых рэпрадукцый класікаў, у тым ліку паводле народных казак. Работы выкананы таленавіта, цудоўныя ў кампазіцыйным плане, у колеравай гаме. Вышывае Алена ў асноўным для душы і гаворыць, што захапленне дапамагае прыемна адпачыць.
Яшчэ гэтая мілая абаяльная жанчына — выдатны дызайнер-швачка. У іх доме ёсць жоўты, зялёны, блакітны пакоі, у якіх увасоблена творчасць і выдумка гаспадыні.
Анатоль  больш працуе з дрэвам: палічкі, шафы, лесвіцы — справа яго рук. У гэтай працы, заўважае ён,  не абысціся без цярпення і творчасці. А яшчэ ён любіць збіраць грыбы. Плакат “Тут жыве самы лепшы тата на свеце”, што быў прымацаваны ў дзень яго нараджэння на вароты сядзібы, гаворыць пра многае: павагу, чуласць, пяшчотнасць гэтага чалавека. Сямейная пара Кірылюкоў — цудоўны прыклад моцных пачуццяў, якія непадуладныя гадам.
А яшчэ ў сям’і Кірылюкоў ёсць традыцыя — сустракаць Новы год у лясочку за сядзібай. Там яны ўпрыгожваюць ёлку рабінавымі пацеркамі, а потым гатуюць шашлыкі ля каміна.
На думку гаспадара, каб не заўважаць цяжкасцяў у жыцці, трэба знайсці справу па душы і займацца ёю. Калі праца прыносіць задавальненне, то і жыццё ў радасць. Да чалавека, у якога ёсць захапленні, ніякая хандра не дабярэцца. Сапраўды, дабрыня, адкрытасць душы, клапатлівасць пра бліжняга і падаўжаюць жыццё. Цудоўна, што ў нашым горадзе жывуць людзі, якія нават у цяжкіх сітуацыях не губляюць аптымізму, не хныкаюць.
    Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.
     Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top