Ужо не першую экскурсію сёлета ажыццявілі ветэраны – пенсіянеры камбікормавай вытворчасці ў знакамітыя мясціны Беларусі. Кіраўніцтва завода і прафсаюзны камітэт падтрымліваюць ініцыятыву людзей шаноўнага ўзросту, выдзяляюць нам транспарт, здараецца й суправаджаюць у паездцы.
Чарговая наша экскурсія была арганізавана на Пружаншчыну, і пачалася яна з наведвання замка Сапегаў, што ў Ружанах, які ў ХVІІ- ХVІІІ стагоддзях у Беларусі з’яўляўся адной з буйнейшых магнацкіх рэзідэнцый. Цяпер тут вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Ёсць аб’екты, якія прымаюць ужо наведвальнікаў. Напрыклад, гістарычны музей, дзе экскурсавод нас пазнаёміла з родам Сапегаў, дарэчы, усе ў гэтай сям’і былі юрыстамі. А яшчэ мы даведаліся пра жудасную трагедыю, якая адбылася на тэрыторыі замка ў гады фашысцкай акупацыі: тут было расстраляна каля 4000 яўрэяў, што жылі ў гарадку і навакольных мясцінах.
Наступны наш прыпынак — дзіцячы санаторый “Ружанскі”, што знаходзіцца ў сасновым бары, ва ўнікальным запаведным куточку прыроды “Ружанская пушча”, на беразе маляўнічага возера Паперня. Аздараўленчая ўстанова разлічана на 400 наведвальнікаў, аказваюцца розныя працэдуры, нумары разлічаны на 2-3-4 чалавекі і абсталяваны ўсім неабходным для камфортнага пражывання.
Затым наведалі аграгарадок “Жураўлінае”, у які ўваходзяць вёскі Казлы і Мокрае, дзе пражывае каля 500 чалавек. Тут ёсць грамадска-культурны цэнтр з гасцініцай і рэстаранам, спартыўны комплекс, цэнтрам якога з’яўляецца стадыён з трыбунамі на 400 месцаў. У школах поўная камп’ютарызацыя і басейн.
У Казлах мы ўшанавалі хвілінай маўчання памяць расстраляных у ліпені 1942 года на паўночным ускрайку вёскі 180 мужчын старэй за 14 гадоў і дзвюх жанчын. Раней тут была магіла са сціплым абеліскам. Цяпер шыкоўны помнік і добраўпарадкаваная тэрыторыя.
Як вярталіся дадому, заехалі ў Пружаны, якія захапілі нас сваёй прыгажосцю, пабывалі ў новым мікрараёне, у Лядовым палацы, у плавальным басейне, у аквапарку, на МініТЭЦ, прыкмецілі будаўніцтва новага гандлёвага цэнтра, г.д. А яшчэ на зваротнай дарозе пабывалі ў Паддубным ля помніка і капліцы воінам Першай сусветнай вайны 1812 года, а таксама на аб’язной дарозе вакол Белавежскай пушчы. Быў прыцемак і ўсё свяцілася. Так цудоўна выглядала. У многіх з нас закралася думка: “Відаць такой дарогі больш няма нідзе ў Беларусі”.
Узбагачаныя новымі і цікавымі звесткамі з жыцця берасцейскіх рэгіёнаў мы вярнуліся дадому.
Барыс КАВАЛЬЧУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.