“Павысіць прадукцыйнасць, выдаткі звесці да мінімуму”

“Павысіць прадукцыйнасць, выдаткі звесці да мінімуму”

Сённяшні суразмоўнік “Сельскай праўды” генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” В.Р.Міронаў.
— Віктар Рыгоравіч, на прадпрыемстве пачаўся чарговы сезон  перапрацоўкі цукровых буракоў. Пуск завода прайшоў без сучка і задзірынкі, ці збояў усё ж такі на нейкіх участках вытворчасці не ўдалося пазбегнуць?
— Я б сказаў: “У штатным рэжыме”. Сучкі і задзірынкі заўжды ёсць. Завод, як мы называем, “жывы арганізм”, у якога ёсць свае “балячкі”. Адразу разглядаем іх на перазменках, якія праводзім двойчы ў дзень у 8.00 і 20.00. Але ў сёлетні пуск глабальных пытанняў ў вытворчым працэсе не ўзнікала. Даволі хутка выйшлі на сутачную перапрацоўку буракоў у 7700 тон. Нават стрымлівалі магутнасці, таму што не было дастатковага запасу сыравіны. Словам, столькі ішло ў вытворчасць буракоў, колькі дастаўлялася на прыёмны пункт. Цяпер капаць буракі пачалі практычна ва ўсіх раёнах вобласці. Нават Брэсцкі сёлета ўборку распачаў раней звычайнага. З Гродзенскай вобласці пайшлі пастаўкі. Але працаваць “з колаў” давядзецца ўвесь верасень і першую дэкаду кастрычніка. І толькі тады пачнём закладваць сыравіну на захоўванне, прычым, нават не на працяглы тэрмін. Для пазнейшай перапрацоўкі складваць іх у кагаты плануем з 15 — 20 кастрычніка.
— Якую колькасць буракоў прагназуеце нарыхтаваць?
— 1 млн. 100 тыс. тон. Гэта крыху больш, чым леташні ўраджай. Наша задача — скараціць тэрміны перапрацоўкі. Адпаведна — павялічыць прадукцыйнасць працы, каб у студзені завод працаваў як мага менш. Таму і ставім мэту — выйсці на сутачную перапрацоўку  8 тыс. тон буракоў. І гэта зусім не рэкордная для нас лічба.  Вопыт такі, і даволі паспяховы, у нас ёсць.
— Віктар Рыгоравіч, якія апошнім часам зроблены на прадпрыемстве захады, каб у сезон перапрацоўкі буракоў захоўваць строгі рэжым эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, словам, каб выпускаць цукар з меншымі выдаткамі?
— Бадай самая значная работа — замена труб у дзвюх карпусах выпарнай станцыі (частка іх пры эксплуатацыі была заглушана). Прадукцыйнасць і эфектыўнасць працы на гэтым участку істотна выраслі. Гэта, безумоўна, дасць і эканомію паліва.
Аператыўна аналізуем, як у вытворчасці ідзе расход газу. Штодзень, па зменах. Кожную дэкаду робім разлік, колькі траціцца паліва на адзінку прадукцыі (каб перапрацаваць тону буракоў). Прычым, адразу бачна, якія вынікі ў кожнай змены.
На сённяшні дзень усе беларускія прадпрыемствы цукровай галіны ў СНД маюць самы нізкі паказчык расходу паліва. Каб і далей паступова яго зніжаць, неабходна выходзіць на магутнасці 10 тыс. тон. Менавіта такая задача і пастаўлена праектантам, каб дасягнуць еўрапейскага ўзроўню ў расходах паліва пры выпуску цукру. Пад такія магутнасці перапрацоўкі сыравіны і “завязаны” архітэктурны праект, які ў гэтым годзе павінен прайсці экспертызу, у наступным — намечана распачаць увесь комплекс работ. Да 2015 — 2016 г.г. Жабінкаўскі цукровы завод зменіцца да непазнавальнасці. Некаторым цэхам прыйдзецца “пераязджаць” на іншае месца. Гэта і зразумела: сцены прадпрыемства, разлічанага на магутнасці ў 3 тыс. тон ужо не могуць умясціць новае сучаснае абсталяванне.
— Адпаведна і цукар будзе выпускацца з меншымі выдаткамі?
— Вядома. Усё гэта робіцца, каб павысіць прадукцыйнасць працы, а выдаткі на вытворчасці цукру звесці да мінімуму. Такія мэты акрэслены праграмай развіцця цукровай прамысловасці нашай краіны.
— Віктар Рыгоравіч, дазвольце напярэдадні выбараў у парламент задаць вам не зусім вытворчае пытанне. Калектыў завода на канферэнцыі выбаршчыкаў вылучыў кандыдатам у дэпутаты памочніка Прэзідэнта нашай краіны, галоўнага інспектара ў Брэсцкай вобласці Уладзіміра Іванавіча Пузырэўскага. Чаму менавіта яго кандыдатуру прапанавалі цукравары?
— Да нас на завод прыязджае нямала дзяржаўных асобаў рознага ўзроўню, сустракаюцца з калектывам (напрыклад, на тых жа днях інфармавання, вядуць прыём грамадзян). Людзі звяртаюцца да іх з асабістымі пытаннямі, часта і кіраўніцтва “падкіне” нейкую сваю праблему. Што і казаць, усялякае бывала. Даводзілася чуць ад дзяржаўных чыноўнікаў: ”Патрэбна вывучыць ваш зварот. Пачакайце”. Іншы раз на гэтым усё і заканчвалася.
Пасля наведвання нашага прадпрыемства Уладзімірам Іванавічам Пузырэўскім (а ён бываў тут не адзін раз), упэўніліся, што гэта чалавек справы. Дзякуючы яму, дарэчы, завод атрымаў дазвол на экспартную пастаўку жому, зрушыліся  з “мёртвай кропкі” некаторыя іншыя пытанні.
Перад сходам, дзе праходзіла вылучэнне яго кандыдатам у дэпутаты прапанавалі завадчанам: ”Прыходзьце, пазнаёмцеся,а магчыма, і звярніцеся са сваёй праблемай…” І ўжо зараз, паверце, бачна, што Пузырэўскі не толькі ўмее выслухаць, але і “даць ход” пытанню, пракантраляваць яго выкананне. Ён пасадзейнічаў далейшаму фінансаванню будаўніцтва сетак гаспадарча-бытавой каналізцыі  квартала “Коласаўскі” у горадзе. Звярнуліся жыхары заводскага мікрараёна, нашы работнікі, да Уладзіміра Іванавіча, каб пасадзейнічаў у асфальтаванні скрыжавання вуліц Садовая і XXII з’езда КПСС. Вось літаральна сёння прыйшла сюды тэхніка з ДЭУ. На сустрэчы цукравары выказалі таксама нараканні на медыцынскае абслугоўванне ў мясцовай паліклініцы. І неўзабаве з імі сустрэўся галоўны ўрач, патлумачыў сітуацыю, выслухаў прэтэнзіі, і ў нейкай ступені напружанасць была знятая.
Асабіста мне ў гэтым чалавеку імпануе тое, што ён не дае пустых абяцанняў, растлумачыць чаму, у прыватнасці, гэтае пытанне нельга  вырашыць сёння. Бо, вядома ж, мы глядзім на нейкую праблему больш вузка, у спажывецкім плане. А ў рэшце рэшт, чым дрэнна, каб у нас, жабінкаўцаў, быў свой прадстаўнік у парламенце, у якога вялікі жыццёвы багаж, вопыт працы на дзяржаўным узроўні?!
— Віктар Рыгоравіч, ці будуць жабінкаўскія цукравары да канца гэтага года атрымліваць зарплату ў 500 долараў, як таго патрабуе наш Прэзідэнт?
— Упэўнены, для нас гэтая планка ў 500 долараў рэальная. Напэўна, пра многае гаворыць той факт, што на заводзе няма цякучасці кадраў і вакантных месцаў. Значыць — людзі даражаць сваёй работай, рабочым месцам. Прычым, сумленным, высокакваліфікаваным работнікам (а менавіта такія кадры сёння запатрабаваныя) мы даем магчымасць расці ў прафесійным плане.
— Дзякуй вам за размову, Віктар Рыгоравіч, і далейшых поспехаў у працы.
Гутарыла Святлана Вішнеўская.       

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top