Прыгажосць ад красак лета, альбо Чэрвеньскія падарункі лёсу

Прыгажосць ад красак лета, альбо Чэрвеньскія падарункі лёсу

На прыгожай зямлі і людзі жывуць прыгожыя. Так падумалася, калі сустрэліся з Юрыем Міхайлавічам і Аленай Іванаўнай Касцючыкамі на іх шырокім добраўпарадкаваным падворку ў Сцяброве. Лёсам было наканавана, што ўсе найбольш радасныя і запамінальныя падзеі ў іх сям’і адбываліся менавіта ў першы летні месяц. Аднак, пра ўсё па парадку.
Дзень быў сонечны, і ўсмешка на вуснах гаспадыні зіхацела такая ж, сонечная, калі пералічвала свае жыццёвыя “супадзенні”:
— Назаўжды ў памяці застаўся той чэрвеньскі дзень, калі ў светлае царкоўнае свята, пабралася шлюбам з Юрам. Узяліся за рукі і ступілі на вясельны саматканы ручнік. Далібог, не памыліліся — дасюль жывём у радасці, з клопатам ды пяшчотай адзін пра другога.
У наступным чэрвені ў маладой сям’і з’явілася першае немаўлятка: летнім ранкам прыйшла на свет Анечка. А яшчэ праз сем гадоў і сем дзён, у чэрвені 1998-га, нарадзіўся і Алёшка. Быў ён такі галасісты, што пажартавалі: будзе хлопчык музыкам! Дый не памыліліся, сын (цяпер ужо дзевяцікласнік другой гарадской школы) сур’ёзна захапляецца трубой, вучыцца ў школе мастацтваў, іграе на канцэртах і святах у аркестры.
Сям’я расла, трэба было надзейнае сямейнае “гняздо”. Таму годдзік ад нараджэння Алёшкаі святкавалі ўжо ў вялікай утульнай хаце, пабудаванай працавітымі — сапраўды залатымі рукамі Юрыя Міхайлавіча. (Муж працуе ў дыспетчарскай службе электрасетак,як некалі ягоны бацька Міхаіл Іванавіч). А вось навакольнае хараство, безумоўна, стала клопат жаночых рук.
Вакол сядзібы — зялёныя “ходнікі” мяккай сакавітай травы, быццам “пасцеленыя”, каб прайсціся басанож, радуюць вока. Асабліва Алена Іванаўна даглядае і песціць, бы дзетак, свае кветкі. Старанная гаспадыня ахвотна робіць невялічкую экскурсію па падворку. З задавальненнем паказвае дагледжаныя кветнікі, дэкаратыўную горку, вакол якой — белыя, жоўтыя, ружовыя — усялякія кветкі, а побач, як у казцы, “выраслі” каменныя грыбочкі. Яна шырока развяла далоні і шчыра сказала:
— Жаданне ўпрыгожваць усё наўкола, ствараць эстэтычны і ўтульны свет, у мяне спадчыннае. Яшчэ маці Валянціна Канстанцінаўна Лучко, санітарка ў райбальніцы, прывіла звычку да парадку, а бацька Іван Васільевіч, аграном у СВК “Ракітніца”, прывучыў да беражлівых  адносін да жывой прыроды. Каля дома ён садзіў туі, каштаны, бярозкі, канадскія клёны — мінулі гады, але і зараз бацька захапляецца рэдкімі дэкаратыўнымі дрэвамі, якія цудоўна выглядаюць між нашага палескага пейзажу.
Сама гаспадыня за гады навучылася добра разбірацца ў раслінах, дзеля гэтага нярэдка праглядае звесткі ў інтэрнэце, чытае часопіс “Талака. Кветка”, заводзіць сяброўствы з аднадумцамі — такімі ж як яна прыхільнікамі чысціні і прыгажосці на хатніх падворках.
У куточку Касцючыкаў, было бачна, прапісалася заможнасць.
— І машыну, якая ў гаспадарцы вельмі патрэбная, — здагадацца не складана — набылі таксама ў чэрвені, — раптам прыгадала Алена Іванаўна яшчэ адну чэрвеньскую падзею.
Аднак матэрыяльны бок у Касцючыкаў заўсёды адыходзіць на другі план, калі справа тычыцца духоўнага. Пра гэта хочацца сказаць асобна.
Сям’я жыве ў веры. Свядома да яе муж і жонка звярнуліся клопатам айца Сергія 7 чэрвеня 2004 года, калі зразумелі простую ісціну: “Да Бога павінна быць шырокаю дарога”. На гэтым надзейным падмурку будуюцца адносіны. Гэта таксама — бацькоўская спадчына, нездарма маці мужа Надзея Захараўна Касцючык шмат гадоў выкладала ў другой гарадской школе беларускую мову і літаратуру, ад яе — педагагічны такт, патрэбны ў адносінах з дзецьмі.
— Юра лічыў, што ў нас застаецца нерастрачаным запас дабрыні, часам заводзіў гаворку пра трэцяе дзіця, — працягвае расказваць жанчына. — І вось аднойчы дачка вярнулася з Кобрына, дзе тады вучылася на прадаўца. Ледзь не з парога абурылася: “Я бачыла хлопчыка, якога забралі ад маці, што не хацела яго даглядаць. Як можна было адмовіцца ад такога цудоўнага дзіцяці?! Мо возьмем яго да сябе?” Гэтае пытанне нельга было вырашаць спехам. Параіліся на сямейным савеце, з’ездзілі ў прытулак і з першай сустрэчы ім вельмі спадабаўся трохгадовы Саша Габрынеўскі. Вярталіся ўпэўненыя: будзем збіраць патрэбныя дакументы, каб стварыць прыёмную сям’ю. Час спатрэбіўся на розныя афіцыйныя ўзгадненні. Усё вырашылася 20 чэрвеня 2008 года…
Цяпер агульны любімец Сашка ўжо чатыры гады жыве сярод прыгожых кветак і людзей.
— Мяне ён заве мамай, Юру — татам, і прыкметна хвалюецца, калі зрэдку прыязджае ягоная сапраўдная маці, да якой ён звяртаецца на “вы”, — гаворыць Алена Іванаўна. — Хоць мы нават у думках не жадаем, каб парвалася сувязь паміж маці і сынам, але заўважаем: ён больш цягнецца ў сям’ю прыёмную, чым родную, бо родная дала ўжо вялікую трэшчыну. І найперш ад жанчыны залежыць, каб гэтая трэшчына зраслася, паколькі дзеці ў яе добрыя. Мы адшукалі і Сашаву сястру Наташу, запрашалі дзяўчынку пагасцяваць у нас на канікулах. Бачылі на ўласныя вочы, як Наташка таксама не хавала свайго захаплення, калі ўваходзіла ў гэты дом. Усім-усім — асабліва малым — патрабуецца прыгажосць ад красак лета.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у дружнай сям’і Алены і Юрыя Касцючыкаў гадуецца прыёмны сын Саша; гаспадыня гаспадыня каля прыгожай горкі, створанай уласнымі рукамі на родным падворку; Юрый Міхайлавіч асабліва любіць тую частку сядзібы, дзе растуць яго туі.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top