З шанаваннем да ахвяраў трагедыі, або Як ствараўся мемарыял

З шанаваннем да ахвяраў трагедыі, або Як ствараўся мемарыял

Прайшло 30 гадоў,  як на месцы спаленай вёскі Драмлёва ўсталяваны помнік ахвярам жудаснай трагедыі. Ёсць нямала сведак на Жабінкаўшчыне, якія добра памятаюць як гэта адбывалася. Успамінамі  папрасілі падзяліцца былога старшыню  калгаса “Усход” (цяпер СВК “Шпіталі”) Аляксея Раманавіча Дошчыка.
— У 1974 годзе мяне абралі на пасаду старшыні калгаса “Усход”. Гэта было ў жніўні, незадоўга да чарговай гадавіны драмлёўскай трагедыі. Сабраліся 11 верасня на мітынг каля невысокага курганка і каменя на ім з памятным надпісам, выбітым калгасным кавалём Андрэем Пятровічам Патуравым. Высокія выступоўцы з райцэнтра адзін за адным казалі: тут павінен быць помнік, тут будзе помнік… На другі год паўтаралася тое самае, а справа не распачыналася. Неяк не па сабе стала: гэта ж на тэрыторыі твайго калгаса былая “вогненная вёска”, трэба брацца самаму. Я выхоўваўся патрыётам і ў роднай Хмелеўскай школе, і ў сям’і. Бацька, Раман Сямёнавіч, у 1944-м, ужо не зусім малады, пайшоў на фронт, дайшоў да Берліна, вярнуўся з ордэнам Славы і медалём “За адвагу”. Бачыў я і франтавікоў-анавяскоўцаў: хто без рукі, хто без ног… Не, ніякіх ваганняў не было ў тым, каб ушанаваць памяць пра жыхароў Драмлёва больш сур’ёзна, па-сапраўднаму.
Сваім намерам падзяліўся з былым суседам Васілём Паўлавічам Куліком, які працаваў у Міністэрстве культуры Беларусі. Акурат у аддзеле, што займаўся гістарычнай і архітэктурнай спадчынай. Ён падтрымаў адразу ж і звёў мяне ці то з кіраўніком, ці то з супрацоўнікам кафедры архітэктуры політэхнічнага інстытута ў Мінску Юрыем Казаковым. Юрый пабываў на месцы спаленай вёскі, а праз некаторы час зрабіў архітэктурны накід будучага мемарыялу, адобраны міністэрствам. Але хто зробіць скульптурны помнік, які стаў бы цэнтрам комплексу? Зямляк Васіль Кулік дапамог вырашыць і гэтае пытанне: пазнаёміў з загадчыкам кафедры скульптуры тэатральна-мастацкага інстытута, славутым майстрам Анатолем Анікейчыкам. Той паклікаў свайго вучня, таленавітага студэнта-выпускніка В.Вараб’ёва (імя, на жаль, не памятаю) і прапанаваў: вось табе, маўляў, тэма дыпломнай работы і магчымасць заявіць пра сябе. Хлопец загарэўся і разам з архітэктарам прыехаў на Жабінкаўшчыну. Вырашылі спыніцца на матыве вечнасці жыцця — на фігурах жанчын трох пакаленняў.
У інстытуце маладому скульптару выдзелілі прасторнае памяшканне для работы. А ў калгасе нашы цесляры змайстравалі для яго вялікі і трывалы драўляны подыум, што круціўся на шарыкавых падшыпніках, каб скульптар мог бачыць свой твор з усіх бакоў. Гліну таксама заказалі мы — у Брэсце на цагельным заводзе, а потым завезлі яе на самазвалах у Мінск.
Пакуль рыхтавалася скульптурная кампазіцыя, калгас пачаў ажыццяўляць архітэктурны праект. Займаўся гэтым вызвалены ад іншых абавязкаў інжынер-будаўнік Іван Васільевіч Філіманюк. Вялікая заслуга С.Н,Антановіча, намесніка старшыні райвыканкама, ў тым, што ён здолеў дамовіцца з Баранавіцкім заводам сянажных вежаў на выдзяленне спецыяльных плітак, а гэта на той час было няпроста. Для насыпкі Кургана падключыўся цукровы завод (дырэктар Г.І.Вялько). Зняў з вывазкі дэфекату “КРАЗы”, выдзеліў экскаватар, і механізатары “разабралі” цэлую пясчаную гару па дарозе на Сцяпанкі. З перавезенага будматэрыялу заводскі бульдазерыст узвёў Курган, падраўняны пасля ўручную. Бетонныя падмуркі пад камень, знак “Драмлёва” і помнік зрабіла міжкалгасная будаўнічая арганізацыя (цяперашняя ПМК-10).
Тым часам скульптар В.Вараб’ёў выканаў у гліне трохфігурную кампазіцыю, і спецыяльная дзяржаўная камісія на чале з народным мастаком Беларусі Міхасём Савіцкім зрабіла станоўчае заключэнне, разам з выкладчыкамі інстытута на “выдатна” ацаніла аўтарскую дыпломную работу. Калгас “Усход” заключыў дагавор з эксперыментальным заводам мастацкага ліцця ў Калядзічах на адліўку помніка з бронзы. Гэты дэфіцытны сплаў меўся толькі для помнікаў К.Марксу і У.Леніну перад будынкам ЦК КПБ. Доўга расказваць, колькі разоў я ездзіў у сталіцу, колькі кабінетаў наведаў, але ўсё ж удалося тую бронзу “выбіць”, балазе помнікі пралятарскім правадырам яшчэ не былі падрыхтаваныя. Давялося таксама “вырываць” з вайсковай часці скульптара, якога прызвалі на тэрміновую службу адразу пасля інстытута. Нарэшце работа была закончана, і наш калгас, паводле дагавора, заплаціў за бронзу і ліццё. Дарэчы, выпаткі потым часткова былі кампенсаваны нам Фондам аховы помнікаў.
Шмат яшчэ было клопатаў і працы ў пошуку і ўстаноўцы валуноў, размяшчэнні на іх жаночых фігур, пакрыцці Кургана чарназёмам і азеляненні яго, добраўпарадкаванні ўсяго комплексу. Важна адзначыць, што гэта была народная будоўля: зноў адлучаўся з войска скульптар, у ёй удзельнічалі, апрача цукровага завода і ПМК-10, райсельгастэхніка, дыстанцыя пуці, Сцяпанкаўскі сельвыканкам, прыязджалі ўпарадкоўваць тэрыторыю дарослыя і дзеці. Ніхто нават не заікнуўся пра аплату сваёй працы, у тым ліку абодва аўтары мемарыялу. Дзякуй вялікі ўсім!
Адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Драмлёва” адбылося 11 верасня 1982 года. У ім прынялі ўдзел В.Вараб’ёў і Ю.Казакоў, ад Міністэрства культуры Беларусі В.Кулік, кіраўнікі і шматлікія жыхары раёна.
“Цяпер тут памяць…” — згадваю верш майго земляка-хмелеўца Івана Арабейкі. Памяць адліта ў бронзе і бетоне, увекавечана ў Кургане і валунах, асвечана крыжам і сагрэта цяплом рук дбайных людзей. Яна — у нашых сэрцах.
  Запісаў Сымон Аксенін.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top