Зямля пад вогненным крылом

Зямля пад вогненным крылом

Ціхай дрымотай ахутана зямля, дзе некалі цеплілася шчаслівае жыццё. Цяпер “плачуць” вербы і цягнуцца касматымі галінамі да зямлі, каб абагрэць яе сваімі “пяшчотнымі рукамі”. Колькі слёз бачыла драмлёўская зямля, колькі стонаў, крыкаў, малітваў, просьбаў аб выратаванні і праклёнаў фашысцкім катам пачула яна?..
На карце нашай краіны Вялікая Айчынная вайна чорнымі адмецінамі абазначыла 9200 вёсак, што былі бязлітасна спалены разам з іх жыхарамі. Сярод іх — вёска Драмлёва, добра знаёмая кожнаму жабінкаўцу. 70 гадоў таму ранкам 11 верасня 1942 года былі сагнаны ў хлеў, расстраляны і спалены 196 ні ў чым непавінных вяскоўцаў. Не шкадаваў вораг ні дзяцей, ні жанчын, ні старых… З крывавага папялішча давялося вырвацца толькі — Мікалаю Ярмашуку і Дзмітрыю Юрасіку, на жаль іх ужо няма сярод жывых. Яшчэ 12 чалавек выратаваліся з-за таго, што ў ракавы дзень не былі ў вёсцы.
Сёння амаль не засталося сведкаў трагедыі ў вёсцы Драмлёва, аднак для нас яна — бессмяротная. Павага да мінулага, да людзей, якія сталі ахвярамі вайны, да прадзедаў, што змагаліся за мірнае неба, заклікае нас штогод збірацца на жалобны мітынг на зямлі, якую сваім вогненным крылом накрыла вайна.
— Да мемарыяльнага комплексу, які быў створаны ў 1982 годзе, прыходзяць людзі розных пакаленняў і ў кожнага з іх міжволі сціскаецца сэрца, калі ўсведамляеш страты, якія панёс наш народ у гады вайны, — адзначыў ва ўступным слове старшыня райвыканкама Мікалай Васільевіч Токар. — Мы абавязаны зрабіць ўсё магчымае, каб на беларускай зямлі не з’явіліся новыя Хатыні і Драмлёва. Трэба ахоўваць і памнажаць духоўны набытак і гістарычную спадчыну беларускага народа.
Заўважыў старшыня райвыканкама і аб тым, што некалькі месяцаў таму знайшоўся яшчэ адзін сведка знішчэння вёскі, які не значыўся ў спісе жыхароў. Віталь Сяргеевіч Чахлоў сёння жыве ў Рызе і, на жаль, не змог прыехаць на жалобны мітынг. На той час ён быў 12-гадовым хлопчыкам-пастушком, якому далі прытулак міласэрныя Драмлёўцы.
Сваёй гісторыяй з прысутнымі падзяліўся ветэран вайны Аляксандр Юсцінавіч Завяржэнец. Ён жыў у суседняй вёсцы і добра ведаў тых людзей, што памерлі ад варожай рукі. У той злашчасны дзень ён ехаў ў вёску, каб выратаваць сяброў і знаёмых і застаўся жывым толькі дзякуючы жанчыне, што схавала яго ў бульбаўніку.
Ад імя маладога пакалення выступіла вучаніца ліцэя г. Жабінка Вікторыя Кандрацюк. Яна ў прыватнасці сказала:
— Мы ведаем, што забыць пра мінулае — значыць закрыць дарогу ў будучыню. І сёння не зажываюць душэўныя раны, нанесеныя вайной. Яны жывуць ў невядомых пахаваннях, асірацелых сем’ях, сэрцах дзяцей і ўнукаў, вачах жанчын, што засталіся ўдовамі, таму мы не можам не памятаць пра тых, хто ў гады вайны аддаў жыццё, каб падарыць шчаслівае сёння сваім дзецям.
Напрыканцы мерапрыемства прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама школьнікі ўсклалі вянкі і кветкі да помніка жыхарам Драмлёва, якія загінулі разам са сваімі гаспадарамі.
…У гэтым месцы маўчаць не цяжка, бо боль, які перажылі жыхары Драмлёва заўсёды вітае над гэтым месцам. Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяраў хвілінай маўчання.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках:
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top