На патоку — цукровыя буракі

На патоку — цукровыя буракі

Асаблівую важнасць для нашага раёна мае вытворчасць цукровых буракоў. Жабінкаўскія аграрыі ведаюць: атрымаеш добры ўраджай салодкіх каранёў — заробіш для гаспадаркі нядрэнныя грошы і прыкладзеш руку да вырабу важнага для кожнага прадукту — цукру.
Аднымі з першых пачалі капаць цукровыя буракі ў СВК “Маціевічы”. Апошні дзень жніўня стаў для іх пачаткам уборкі “салодкага”  ўраджаю, пад які ў гаспадарцы адведзена 310 гектараў. А гэта другое месца сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна па плошчы, занятай пад культуру. У СВК “Маціевічы” адзначаюць, што наперадзе вялікі сезон. Пакуль цукровы завод працуе не на поўную моц,  цукровыя буракі ўбіраюць механізатары толькі днём, але шчыраваць на палях ім давядзецца і цёмны час сутак, каб справіцца з вялікім аб’ёмам работ. Тым больш, што сучасная тэхніка гэта дазваляе. Нямецкі высокаэфектыўны камбайн “Ропа” гаспадарка набыла 3 гады таму. Кошт у больш чым 2 мільярды рублёў — гэта і сёння вельмі вялікая сума. Аднак камбайн апраўдаў давер — працуе бесперабойна, за гадзіну на добрым полі збірае ўраджай з 2 гектараў, а напаўняльнасць бункера разлічана на 30 тон, што дазваляе доўгі час працаваць без разгрузкі.
“На гэтым камбайне столькі лямп, што днём, напэўна, не так светла, як уначы”, — смяецца памочнік камбайнера Васіль Ткачук. Мужчына першы год працуе на буракаўборачным камбайне. А вось яго настаўнік Аляксандр Ляўчук, што вучыць Васіля тонкасцям уборкі цукровых буракоў, на “Ропе” шчыруе ўжо тры гады.
На адвозцы салодкіх каранёў працуе 5 аўтамабіляў. Два з іх “свае”, астатнія — ад ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”.
— Вынікі першага тыдня ўборкі гавораць аб тым, што ўсё ідзе як трэба. Кожны з першых убраных 50 гектараў даў па 435 цэнтнераў, — адзначае галоўны аграном СВК “Маціевічы” Адам Ануфрыевіч Харламповіч. — Нават зараз, у пачатку ўборачнага сезона, буракі радуюць сваімі якаснымі паказчыкамі, у прыватнасці, цукрыстасцю, якая дасягае 15 працэнтаў. А калі ўлічыць, што працэс нарошчвання масы караняплодаў і назапашвання ў іх цукру ідзе бесперапынна, а ў верасні і кастрычніку для гэтага найбольш спрыяльныя ўмовы, таму рэальна разлічваць на яшчэ больш высокія паказчыкі.
Тэхналогія вырошчвання буракоў толькі на першы погляд нескладаная: падрыхтоўка глебы, сяўба, апрацоўка ад пустазелля, уборка. Але ўсё гэта патрабуе пастаяннага клопату, штодзённай напружанай працы. І даручаюцца работы адказным і працавітым людзям, вопытным механізатарам. Расціслаў Філіпук, як адзначаюць у гаспадарцы, “і дняваў, і начаваў” на бураковых палях падчас падкормкі і хімапраполкі. Таму сёлетнія пасевы вызначаюцца чысцінёй, пустазелля амаль няма, а тэмпы ўборкі і ураджай радуюць земляробаў!
— Самае важнае — выкананне тэхналогіі, — падкрэсліў галоўны аграном гаспадаркі. — Мы з восені “падкармілі” палі мінеральнымі ўгнаеннямі, вясной унеслі азот. Паклапаціліся аб тым, каб абараніць будучы ўраджай ад захворванняў. Увогуле ўсе работы на полі выкананы ў запланаваныя тэрміны, таму спадзяемся на добрыя вынікі ўборачнай кампаніі. Згодна з планам наша гаспадарка павінна прадаць дзяржаве 8,5 тысячы тон, мы ж спадзяемся перавыканаць яго на 2 тысячы тон.
Цукровы завод за “раннія буракі” — да 10 верасня — даплачваў 20 працэнтаў ад агульнага кошту. Дарэчы, за тысячу тон гаспадаркі зарабляюць на цукровых бураках 350 мільёнаў рублёў. Потым працэнт даплаты будзе паступова змяншацца.
Увогуле, на Жабінкаўшчыне пад цукровыя буракі адведзена 1485 гектараў, паводле плана патрэбна атрымаць 46800 тон.
      Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
      На здымку: экіпаж буракаўборачнага камбайна А. Ляўчыка і В. Ткачука.
      Фото Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top