Гісторыя яднае пакаленні

Гісторыя яднае пакаленні

Тонкай нябачнай стужкай гісторыя пераплятае мінулае і будучае. Памяць, павага да прадзедаў, якія падарылі нам мір і светлую будучыню — гэта тое, што злучае моладзь, якая толькі пачынае свой жыццёвы шлях з людзьмі, што пражылі на свеце многія і многія гады.

У рамках праекта “Сувязная нітка пакаленняў” Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, пенсіянеры і інваліды, што знаходзяцца пад апекай сацыяльнага цэнтра, разам з прадстаўнікамі маладога пакалення адправіліся гістарычнымі сцежкамі Жабінкаўшчыны.
Мікрааўтобус “укамплектаваны” — знайшлося шмат жадаючых на некалькі гадзін акунуцца ў гісторыю раёна. Першым прыпынкам маршруту стаў раённы гісторыка-краязнаўчы музей ў Малых Сяхновічах. Гэтую вёску ведаюць далёка за мяжой, бо менавіта яна лічыцца былым радавым маёнткам Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, з роду якіх выйшаў кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання, нацыянальны герой Польшчы і ЗША. Перад будынкам музея госці ўбачылі самога Андрэя Тадэвуша Касцюшку, помнікі ў гонар і памяць якога ёсць таксама ў Аўстрыі, ЗША, Польшчы і яшчэ многіх кропках свету. Дырэктар Жабінкаўскага гістарычна-краязнаўчага музея Сяргей Дзямідаў правёў экскурсію, расказаў пра многія падзеі з гісторыі раёна. Удзельнікі паездкі даведаліся, як жылі сяляне напрыканцы ХХІХ стагоддзя, які быў іх побыт, як яны апраналіся. Цікавым было і знаёмства з народнымі промысламі, узорамі, якімі ўпрыгожваліся ручнікі, вопратка і падлога. Музей захоўвае шмат інфармацыі і экспанатаў, якія распавядаюць аб жыцці знакамітага земляка. На жаль, сядзіба, дзе жылі Касцюшкі не захавалася, аднак удзельнікі экскурсіі змаглі пабачыць месца, дзе раней стаяў дом Касцюшкаў, а таксама пагуляць па садзе, дзе ў альтанцы, у акружэнні чатырох дубоў, некалі адпачывалі памешчыкі. Нямала цікавага, разглядаючы экспанаты музея, даведаліся наведвальнікі і пра тых, хто вызваляў наш раён ад фашыстаў у гады Вялікай Айчынай вайны.
Далей падарожжа па гістарычных мясцінах раёна прывяло нас у вёску Хмелева, у Спаса-Праабражэнскі манастыр, які быў пабудаваны амаль 300 гадоў таму. Сустрэў гасцей айцец Георгій і распавёў аб тым, адкуль узяла свой пачатак першая на Беларусі мужчынская святая мясціна, пазнаёміў з жыццём манахаў. Наведалі храм і кожны пераканаўся ў тым, што ўсе абразы тут выпраменьваюць таямнічае святло. А цішыня дае магчымасць паглыбіцца ў думкі. Я ўпэўнена, што кожнаму чалавеку, хто хоць аднойчы пабываў у гэтым светлым і цёплым месцы, на душы станавілася вельмі добра ад той атмасферы чысціні і спакою, якой дыхае паветра манастыра.
Ды і ад самога падарожжа ў кожнага з удзельнікаў засталося добрае ўражанне. Цікава, куды далей завядзе сувязная нітка пакаленняў…
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top