Свята хлебаробаў у Камянцы

Свята хлебаробаў у Камянцы

Папрыгажэў, цудоўнымі яркімі фарбамі засвяціўся горад Камянец. Ён у другі раз стаў сталіцай абласных дажынак. Ужо з самай раніцы ў суботні дзень, 8 верасня сабраў ён мясцовых жыхароў і гасцей на фестываль-кірмаш, каб урачыста павіншаваць герояў жніва. Між тым, камянецкай зямлі не прывыкаць да вялікіх святаў. Тут у апошнія гады праводзіўся Дзень беларускага пісьменства, адкрываўся  тэатральны фестываль “Белая вежа”, адзначалася 600-годдзе прыняцця запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы.
Праграма дажынак была насычанай і цікавай. На сямі арганізаваных пляцоўках на вуліцах горада ладзіліся спартыўныя мерапрыемствы, выступалі самадзейныя артысты,  працавалі дзіцячыя атракцыёны, майстры народнай творчасці дэманстравалі і прадавалі свае вырабы, якія здзіўлялі сваёй арыгінальнасцю і фантазіяй. У работнікаў гандлю досыць было пакупнікоў, яны прывезлі на продаж як прамысловыя, так і харчовыя тавары. Нават працавала палявая кухня, паказвалася  ваенная амуніцыя часоў Вялікай Айчыннай  вайны.
У  11.00  пачалося пастраенне святочнай калоны, а затым яна накіравалася да Камянецкай вежы. Мінавіта тут і праходзіў канцэрт-ушанаванне пераможцаў жніва-2012  з удзелам лешых калектываў аматарскай твворчасці  і асобных выканаўцаў Брэсцкай вобласці.
Нашу дэлегацыю з 40 чалавек узначальвалі старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў М.В.Токар і С.В.Мартысюк. Сярод удзельнікаў — моладзевы  экіпаж камбайнераў з ААТ “Жабінкаўскі” Мікалая і Юрыя Зозанаў,  якія намалацілі  на ўмоўны камбайн 1099 тон збожжа і сталі трэцімі ў абласным спаборніцтве.  Пастараліся і нашы вадзіцелі, якія працавалі на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Два шафёра з СВК “Маціевічы”  Аляксандр Карабан і Віктар Васільчык занялі першае і другое месцы  ў моладзевым спаборніцтве. Аляксандр МАЗам даставіў з поля 2683 умоўных тон збожжа, а Віктар ЗІЛам 2186 умоўных тон. Мікалай Сямёнавіч Марыніч з СВК “Хмелева” стаў другім на адвозцы збожжа, яго ГАЗ-САЗ перавёз 3244 умоўных тон. На абласной сцэне дажынак М.С.Марыніч ушаноўваецца ўжо каторы раз. Мікалай Зозан хоць і маладзейшы за яго, але таксама на мерапрыемстве такога маштабу не ўпершыню, умее ставіць рэкорды. Сёлета добрым памочнікам яму стаў  малодшы брат Юрый.
З прывітальным словам да ўсіх звярнуўся  кіраўнік вобласці К.А.Сумар. Ён адзначыў,  што вынікі жніва-2012 на Брэстчыне сталі лепшымі за  апошняе 10-годдзе. Зерневых і зернебабовых сабрана 1360 тыс. тон, у параўнанні з леташнім намалочана больш чым на 300 тыс. тон. У першыню ў гісторыі вобласці больш чым 400 экіпажаў  камбайнераў сабралі звыш адной тысячы тонн збожжа, амаль 20 з іх  пераўзышлі 2-тысячны намалот.
— Да  гэтых вынікаў, — сказаў старшыня аблвыканкама, — мы ішлі мэтанакіравана. За гады рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі грунтоўна  мадэрнізавалі і аднавілі сельскагаспадарчую вытворчасць, забяспечылі ўнутраны рынак харчаваннем. У разліку на душу  насельніцтва сёння вобласць вырабляе прадуктаў харчавання больш, чым у сярэднім у рэспубліцы, у пяць разоў павялічаны экспартныя пастаўкі. Акрамя таго, створаны 222 аграгарадка, такім чынам мы ўмацавалі  сацыяльную інфраструктуру вёскі. Палепшыліся не толькі ўмовы працы,  але і быту вясковага працаўніка. І гэта правільна, таму што разлічваць на высокую вытворчасць працы без  стварэння дастойных умоў жыцця людзей было б несправядліва.
К.А.Сумар падкрэсліў,  што сёлетняя  ўборачная  кампанія прайшла зладжана і арганізавана. Бязумоўна, у многім гэтаму пасадзейнічала і добрае надвор’е.  Але жніву  папярэднічала і  вялікая арганізацыйная работа. Вясной у адпаведнасці з усімі тэхналагічнымі рэгламентамі адсеяліся, гаспадаркі дастаткова былі забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі аховы раслін. Перад жнівом вобласць атрымала 150 новых  высокапрадукцыйных зернеўборачных камбайнаў. Асноўна акцэнт быў зроблены на якасць уборкі. З першых дзён уборачнай кампаніі у спаборніцтва ўключыліся ўсе.
Назваў К.А.Сумар і арыенціры на наступны год: сабраць1,6 млн. тон збожжа (з кукурузай), да аднаго млн. тон цукровых буракоў, захаваць тэндэнцыю штогадовага павелічэння пагалоўя дойнага статка на 5%. Пры гэтым усе гаспадаркі павінны працаваць з прыбыткам, забяспечыць рэнтабельнасць  продажу не менш чым на 10%. Задачы адказныя, але іх абавазкова патрэбна рашыць. Ад гэтага, як заўважыў выступоўца, будзе залежыць далейшая рэалізацыя курсу кіраўніка нашай дзяржавы, накіраванага на ўмацаванне краіны, павышэнне якасці жыцця людзей. Гэтай мэце будзе садзейнічаць дзяржаўная пазіцыя кожнага грамадзяніна ў ходзе важнай палітычнай кампаніі — выбараў у парламент, назначаных на 23 верасня. Вельмі важна, каб наш дэпутат быў гатовы абараняць інтарэсы берасцейцаў у парламенце.
Затым губернатар выканаў прыемную місію — уручыў пераможцам жніва Ганаровыя дыпломы. Ушанавалі іх таксама намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Л.А.Марыніч, намеснік старшыні аблвыканкама Я.А.Бухавецкі. Кіраўнік СВК ”Хмелева” Б.У.Парафянюк і бухгалтар гаспадаркі, старшыня прафкама З.А.Кацэра прымалі віншаванні і Ганаровы дыплом ад старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК А.А.Флар’яновіча.
І яшчэ адзін цікавы момант свята. Узнагароды і  цёплыя словы падзякі атрымалі на камянецкай сцэне не толькі героі хлебнай нівы, але і  героі спорту, нашы землякі, якія абаранялі гонар Брэстчыны, дый усей Беларусі, на сёлетніх  Алімпійскіх гульнях.
…Свята закончылася. Наперадзе ў хлебаробаў зноў нястомная праца і новыя перамогі.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: абласныя дажынкі ў Камянцы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top