Набірае абароты “зялёнае жніво”. На Жабінкаўшчыне, як паказвае першы тыдзень уборачнай кампаніі, найбольш урадлівыя для кукурузы ракітніцкія палі. Сёння на іх самая высокая ўраджайнасць — гаспадары збіраюць кукурузнай масы па 392 цэнтнеры з гектара.
— Дзякуючы таму, што цёплае, сонечнае надвор’е спалучалася з частымі дажджамі, кукуруза на палетках “вымахала” значна большай за рост чалавека, на асобных палях яна дасягае 3,5 метра ў вышыню, здалёк можна і камбайн не заўважыць з такім ураджаем, — заўважаў пры размове механізатар ААТ “Ракітніца” Генадзь Стальмашук.
У сельскай гаспадарцы ён працуе ўжо 25 гадоў. У “гарачы” ўборачны час перасядае Генадзь са сваёй “газэлі” на зернеўборачны камбайн. А калі паспявае кукуруза, шчыруе на новым камбайне “Палессе-800”. Вытворчая магутнасць гэтага камбайна вялікая — тысяча тон у дзень, таму аднаго экіпажу хапае, каб своечасова ўбраць увесь ураджай. Генадзь Стальмашук на поле выходзіць у 8 гадзін раніцы, абедае таксама ў полі, гарачыя і смачныя стравы, што дастаўляюцца сюды, падабаюцца механізатару. Вялікая роля ў нарыхтоўцы кармоў з кукурузы належыць таксама людзям, якія заняты на адвозцы сіласу. Больш за трыццаць гадоў за “баранкай” машын вадзіцелі — Віктар Горб, Мікалай Сяргейчык і Міхаіл Супрунюк. Такім зладжаным калектывам усе яны працуюць ўжо не адзін сезон.
Дарэчы, уборка кукурузнай масы не прыпыняецца нават тады, калі надвор’е падкідвае нечаканыя сюрпрызы. Невялікі дождж — не перашкода. Тэхналогіі вырошчвання і ўборкі культуры дазваляюць не губляць час на чаканне больш спрыяльных умоў.
У ААТ “Ракітніца” кукуруза вырошчваецца на плошчы ў 460 га. На 5 верасня, згодна з аператыўнымі зводкамі, сельгаскультура была ўбрана на 135 гектарах, на сілас назапашана яе 5300 тон.
— 14-15 тон кукурузы мы плануем закласці на сілас, астатнюю — пакінем на зерне, а гэта прыкладна 150 гектараў, — заўважыў дырэктар ААТ “Ракітніца” Раман Уладзіміравіч Гарох. — Увогуле, ураджайнасць яе сёлета выдалася нядрэнная. Спадзяемся, што будзе каля 420 цэнтнераў масы з гектара.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На зымках: своечасова адвозяць з поля кукурузную масу шафёры В.У. Горб, М.Р, Сяргейчык, М.Р. Супрунюк; трактарыст Г.А. Стальмашук на ўборцы кукурузы ААТ «Ракітніца».
Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.