Заціснутыя ў “Трохкутніку”

Заціснутыя ў “Трохкутніку”

Адгучала “Чароўная флейта” — падзьмуў “Цёплы вецер”, адшугала “Майская навальніца” — надышло “Свята ўраджаю”, прайшоў споры “Дождж на Сёмуху” — закружыў “Веснавы карагод”, адбылося, нарэшце, “Асвячэнне храма”… Прыгожыя назвы, паэтычныя… Толькі справы — брыдкія, бо мы пералічылі сем (са ста сарака) карных аперацый, якія правялі фашысты ў Беларусі. Не прамінуў жорскай кары і наш партызанскі край. У час аперацыі “Драйэк” (“Трохкутнік”) у верасні 1942 года былі знішчаны з жыхарамі і не аднавіліся пасля вайны дзве вёскі на Брэстчыне: Зялёная Буда на Маларытчыне і Драмлёва на Жабінкаўшчыне.
Драмлёва. Час нараджэння: 26 ліпеня 1561 года. Час смерці: 11 верасня 1942 года.
Спецаперацыя “Трохкутнік” пачалася 5 верасня, калі 10-я рота 3-га батальёна 15-га паліцэйскага палка войск СС увайшла ў Жабінку, атабарылася ў Азятах і Старым Сяле. Мэта: знішчыць партызан Старасельскага атрада (у хуткасці імя М.М.Чарнака) і пакараць вяскоўцаў, звязаных з народнымі мсціўцамі. “Звязанымі”, на думку карнікаў, былі цэлыя вёскі. Гарэлі Баравая, Забалацце, Зялёная Буда пад Маларытай, Барысаўка, Каменка, Рэчыца пад Кобрынам. У вёсцы Ляпнёўка Брэсцкага раёна нелюдзі расстралялі 54 дзіцяці з выхаванцаў Дамачаўскага дзетдома.
11 верасня, у свята Усячэння галавы Яна Хрысціцеля (народная назва — Галавасек), надышла чарга Драмлёва.
З “Акта Жабікаўскай раённай камісіі аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на акупаванай імі тэрыторыі Жабінкаўскага раёна” (ад 10 студзеня 1945 года): “На досвітку ў вёску Драмлёва на аўтамашынах уварваўся карніцкі атрад п’яных эсэсаўцаў, каля 50 чалавек. Пагражаючы смерцю, гітлераўцы сагналі ўсіх сялян у хлеў, а самі кінуліся, бы сквапныя ваўкі, у галодныя хаты, клеці ў пошуках сала і яек, рыліся ў скрынях, ганяліся ў дварах за жыўнасцю. Гадзіне а 10 дня пачуліся аўтаматныя стрэлы — каты расстрэльвалі людзей, сагнаных у хлеў, пасля чаго над вёскай узвілося вялізнае полымя. Гэта подлыя нямецкія вырадкі падпалілі мірную беларускую вёску Драмлёва разам з людзьмі — старымі, жанчынамі, дзецьмі”.
190 драмлёўцаў і шэсць “усходнікаў”, зачыненыя ў хлявах, знайшлі сваю пагібель у тым агні. Было спалена 43 хаты. Вёска больш не адрадзілася.
Праз сорак гадоў на месцы той страшнай трагедыі паўстаў мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, створаны архітэктарам Ю.Казаковым. Помнік каля кургана з трыма жаночымі постацямі зрабіў мінскі скульптар В.Вараб’ёў. Мемарыял быў ганарова адкрыты ў верасні 1982 года.
Астанкі драмлёўцаў знайшлі апошні спакой на Сцяпанкаўскіх вясковых могілках. Іх брацкае пахаванне клопатам грамадскасці і ўладаў было абноўленае ўвесну 2009 года.
Сёлета ўжо ў 21 раз на месцы нашай “вогненнай вёскі”, увекавечанай у мемарыяльным комплексе “Хатынь”, адбудзецца жалобны мітынг.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: жывыя кветкі і памяць на месцы спаленай вёскі Драмлёва.
Фота Ірыны Жук.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top