“Я — з Драмлёва”

“Я — з Драмлёва”

Гібелі пазбеглі Вера Юрасік, Мікалай Ярмашук, Міхаіл Данілюк, Дзмітрый Юрасік, Павел Ляўчук ды іншыя, каго ў той страшны дзень не было ў вёсцы. Нядаўна Жабінкаўшчыну наведаў яшчэ адзін драмлёвец. Хуан Агараднічук прыехаў у родныя мясціны з Аргенціны.
Была памінальная субота перад Тройцай. Сцяпанкаўскі святар айцец Сергій Разановіч упрыгожыў храм і збіраўся замкнуць дзверы. Да царквы пад’ехаў цэлы картэж. У храм увайшоў ужо немалады чалавек. Прыклаўшы руку да сэрца, праз перакладчыцу ён павітаўся:
— Я зусім не размаўляю па-руску. Мяне завуць Іван, сын Дзмітрыя Агараднічук. Я — з Драмлёва…
Гэтая гісторыя пачалася год таму. Па АНТ ішла чарговая перадача “Чакай мяне”. У тэлезамалёўцы з буйнога горада Мар-дэль-Плата, самага вялікага марскога курорта Аргенціны, журналіст Себасцьян прадставіў свайго госця
— Яго завуць Хуан Агараднічук. Ён шукае родзічаў у Еўропе.
Хуан удакладніў:
— Звыш сямідзесяці гадоў жыву ў Аргенціне, куды мае бацькі выехалі перад Другой сусветнай вайной. Тады мне было ўсяго дзевяць месяцаў. А цяпер ужо і сам маю дачку і сына, трох унукаў. Зараз шукаю сваякоў у Беларусі. Можа, мяне пачуюць у Жабінцы, што паблізу Брэста, і адгукнуцца?
Не памыліўся. Пачулі. Адгукнуліся.
Расказвае Мікалай Міхайлавіч Калішук з Мінска:
— Тую перадачу глядзелі мае родзічы. Нехта нават усклікнуў: “Гэта ж наш Ваня!” Хуценька патэлефанавалі, каб звязаць аргенцінскую і беларускую нітачкі радавода. Неўзабаве звязаліся з Іванам. Ён быў расчулены, абяцаў прыехаць на радзіму. І вось ён тут.
Дарога была для Хуана-Івана доўгай: праз тысячы вёрстаў і дзясяткі гадоў. У Мінск ляцеў цераз Рым, Мадрыд, Маскву, Рыгу. І вось, нарэшце, маленькая жабінкаўская вёсачка з мілагучным імем Ёжыкі. Сваякі зачакаліся з радасцю і сустракалі дарагога госця, прыламілі — па старым звычаі — хлеб, праспявалі дзве беларускія народныя песні. І што дзіўна: Агараднічук пражыў жыццё за акіянам, але і цяпер цудоўна разумее мясцовую гаворку, ды час ад часу пачынае нешта гаварыць на ёй.
Далейшы ягоны шлях у суправаджэнні шматлікіх родзічаў з Мінска, Віцебска, Жабінкі, разам са здымачнай групай праграмы “Чакай мяне” і старшынёй раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў В.М.Шышчыцам пралёг праз памятныя мясціны Жабінкаўшчыны. Спачатку — да старажытнай Здзітаўскай царквы, дзе некалі хрысцілася маці, а потым — і да Сцяпанкаў, дзе ў далёкім 1938 годзе сам Іван прымаў хрышчэнне. Праз семдзесят чатыры гады моцна пасівелы драмлёвец зноў папрасіў блаславення ў айца Сергія.
У Сцяпанках госця віталі намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк і старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама М.Г.Ягорчанкаў. З рук Алы Сцяпанаўны драмлёвец атрымаў кнігу “Памяць Жабінкаўскага раёна”, у якой распавядаецца пра трагічны лёс нашай “вогненнай вёскі”.
Каб вярнуцца на нейкую гадзіну на малую радзіму, Івану Дзмітрыевічу прыйшлося адолець больш за дзесяць тысяч кіламетраў. Заставаўся яшчэ адзін, мо самы нялёгкі кіламетр: ад Сцяпанак да Драмлёва.
Прыкметна было, як уздрыгануўся целам Агараднічук, калі паўстаў побач з каменнымі жаночымі фігурамі. Ён моўчкі слухаў расказ пра жудасныя падзеі 11 верасня 1942 года. Адно прамовіў узрушана:
— Каб не паехаў за акіян, не было б Івана.
На Сцяпанкаўскім пагосце схіліў галаву над магіламі пахаваных аднавяскоўцаў, блізкіх сваякоў, што ў зямлі спачываюць. І было па вачах бачна: ён шчаслівы, што знайшліся сілы хоць на прызімку свайго лёсу вярнуцца ў край, які падараваў жыццё.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: пад час знаходжання Хуана Агараднічука на роднай зямлі.  
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top